ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Несці ідэі міру ў свядомасць людзей
Прэзентацыя кнігі Сяргея Шавеля

Балет “Маленькі прынц” упершыню пастаўлены ў Беларусі

Балет “Маленькі прынц” упершыню пастаўлены ў Беларусі
Іншыя навіны

Лётчык, Ружа, Змей, Ліхтаршчык... Праз тры дзесяцігоддзі пасля сусветнай балетнай прэм’еры славутай філасофскай казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы знакамітае адажыа загучала і на беларускай сцэне – Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета прадставіў спектакль “Маленькі прынц”.


Балет “Маленькі прынц” напісаны выдатным беларускім кампазітарам, народным артыстам СССР Яўгенам Глебавым у 1981 годзе. І ўжо ў 1982-м у Хельсінкі адбылася яго сусветная прэм’ера, пастаноўку ажыццявіла вядомы харэограф, знакамітая актрыса і прыма-балерына Фінскага нацыянальнага балета Эльза Сюльвестэрсон. У 1983-м балет “Маленькі прынц” быў пастаўлены Генрыхам Маёравым у Маскве ў Вялікім тэатры СССР. Галоўныя партыі выканалі Ніна Ананіяшвілі і Аляксей Фадзеечаў. Далей былі пастаноўкі ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары. І вось у 2015-м – першае з’яўленне “Маленькага прынца” на роднай сцэне.

Пастаноўшчыкі новага спектакля – дырыжор Алег Лясун, харэограф Аляксандра Ціхамірава (балетмайстар-пастаноўшчык спектакля “Шчаўкунок, або Яшчэ адна Калядная гісторыя”). Сцэнаграфія належыць Вячаславу Окуневу, культаваму расійскаму мастаку, які ажыццявіў больш як 400 пастановак у розных тэатрах свету. Некаторыя элементы сцэнаграфіі выкарыстаны ўпершыню і адрозніваюцца ад усяго бачанага раней на сцэне беларускага тэатра оперы і балета.

– Для перапрацоўкі лібрэта мы звярнуліся з прапановай аб супрацоўніцтве да Ларысы Васільеўны Глебавай – удавы кампазітара, якая як ніхто ведае творчасць і асобу Яўгена Аляксандравіча. І тое, што яна пагадзілася працаваць разам, – сапраўдны падарунак, – адзначыла харэограф-пастаноўшчык Аляксандра Ціхамірава. – У балеце няма пераказвання сюжэта аповесці Антуана дэ Сэнт-Экзюперы – гэта было б цяжка і нецікава! Наш спектакль – новы погляд як на музыку Глебава, так і на гісторыю, расказаную пісьменнікам. Мы крыху перапрацавалі музычны матэрыял, але зрабілі гэта вельмі далікатна – не парушылі музычную драматургію, а ўзмацнілі яе музычнымі нумарамі з іншых твораў Глебава.

“Маленькі прынц” – філасофская прытча, тут няма ярка выяўленага канфлікту, барацьбы, затое шмат метафар і алегорый. Пастаноўшчыкі пастараліся знайсці схаваныя сэнсы ў сюжэце, таму не змаглі абысціся без звароту да асобы самога пісьменніка. Гісторыя ўзаемаадносін Прынца і Ружы – гэта гісторыя ўзаемаадносін Антуана дэ Сэнт-Экзюперы і яго жонкі Кансуэлы. Па словах харэографа Аляксандры Ціхаміравай, беларуская пастаноўка – гэта яшчэ і гісторыя чалавечай асобы, гісторыя пра тое, як захаваць у сабе чалавека – Маленькага прынца, які жыве ў кожным з нас. Усё, што звязана з палётамі ў спектаклі, рыфмуецца з палётам фантазіі чалавека-творцы, які лётае, калі мае магчымасць ствараць. Калі магчымасць знікае і свет не прымае Мастака, ён аказваецца ў тупіку, а гэта і ёсць пустыня.

Беларускі варыянт балета “Маленькі прынц” арыентаваны і на дарослых, і на дзяцей. Гэта, вядома ж, дарослая казка, але ўсё ж казка, і дзеці ў ёй знойдуць нешта сваё, зразумеюць гэтую гісторыю на сваім узроўні. Сталеючы, будуць адкрываць у балеце іншыя сэнсы.

У пастаноўцы Вялікага тэатра Беларусі занятыя некалькі саставаў салістаў і артыстаў, сярод якіх – Ігар Аношка, Ягор Азаркевіч, Алег Яромкін, Арцём Банькоўскі, Вольга Гайко, Аляксандра Чыжык, Ірына Яромкіна, Валерыя Грудзіна, Канстанцін Геронік, Такатошы Мачыяма, Антон Краўчанка і іншыя.

Аўтар публікацыі: Таццяна Шымук.

Даведка “ЛіМа”

Вучань аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай кампазітарскай школы Анатоля Багатырова, Яўген Глебаў таксама стаў выдатным педагогам: спачатку выкладаў у Мінскім музычным вучылішчы, затым вёў клас кампазіцыі ў кансерваторыі і выпусціў плеяду бліскучых вучняў, сярод якіх Леанід Захлеўны, Ядвіга Паплаўская, Васіль Раінчык, Эдуард Ханок, Вячаслаў Кузняцоў, Уладзімір Кандрусевіч, Дзмітрый Даўгалёў.
Яўген Аляксандравіч ствараў і музыку для кіно (працаваў музычным рэдактарам “Беларусьфільма”): яго творы гучаць у знакамітых кінакарцінах “Вянок санетаў”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Снягурка”, “Апошняе лета дзяцінства”. Творчасць знакамітага кампазітара шматгранная. Многія буйныя творы напісаныя адмыслова для Беларускага тэатра оперы і балета, ставіліся і на іншых сцэнах: “Маара” (1961), “Альпійская баллада” (1967), “Выбранніца” (1969), а таксама грандыёзны “Тыль Уленшпігель” (1974), опера “Майстар і Маргарыта” (1992) па праве сталі легендарнымі і склалі асаблівую яркую старонку ў гісторыі тэатра.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам