ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Светлы дом нашых дум
Японская восень у Беларусі

Багдановіч у стылі нуар

Багдановіч у стылі нуар
Іншыя навіны

Гурт “Нельга забыць” прыйшоў да гледача з праграмай на вершы Уладзіміра Караткевіча “Леаніды…”. І вось – новы альбом на вершы Максіма Багдановіча.


З першага ж выступу з праграмай “Леаніды…” на вершы Уладзіміра Караткевіча гурт пакарыў нямала сэрцаў. Папросту немагчыма супрацьстаяць спалучэнню: творы Караткевіча + талент музыкаў + харызма Міхала Бараноўскага, лідара гурта.

Другая праграма “Месца моцы” пацвердзіла ўзятыя з поспехам пазіцыі. І вось – трэці альбом “Mertvets”, гэтым разам на вершы Максіма Багдановіча. Але не чакайце пачуць звыкла-лагоднае “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”. Нават урачыстай “Пагоні” не чакайце. Гэта – іншы Багдановіч, і гэта – іншы “НЗ”.

Гутарку пра “Mertvets”а Міхал Бараноўскі пачаў з прызнання:

– Чым больш мы займаліся праграмай на вершы Багдановіча, тым больш мацнела адчуванне страху. Калі настолькі паглыбляешся ў тэму смерці, наканавання, усё навокал ператвараецца ў знакі. Таму цяпер хочацца не тое каб… зусім забыць пра гэтую працу, але крыху адцягнуць ад яе ўвагу… Пагружацца ў альбом толькі тады, калі трэба яго паказаць. У гэтым, дарэчы, і заключаецца роля артыста па Станіслаўскім: ужывацца ў ролю – іграць – старацца з ролі выходзіць, па магчымасці спрабаваць сябе ў іншым амплуа. Але пераключыцца даволі цяжка. Дапамагае праца над новай праграмай… Я даволі востра ўспрыняў тое, што адбываецца ў нашых паўднёвых суседзяў. Ёсць імкненне неяк аформіць гэты дэпрэсіўны стан, прадчуванне.

І, тым не менш, Міхал распавёў пра “Mertvets”а:

– Як аказалася, праграма “Mertvets” у музычным плане светлая. Такой яна і задумвалася. Шлях Багдановіча – шлях пераадолення наканавання. Ён вельмі рана, 17-гадовым юнаком, сустрэўся з жорсткасцю лёсу. І калі глянуць на першыя вершы, якія дасылаў у “Нашу Ніву”, то былі яны вельмі трагічныя. Чалавек знаходзіўся ў роспачы, скардзіўся, што зусім мала пажыў і нічога не паспеў. Беларуская мова была саломінкай, за якую ён ухапіўся і якая дапамагла яму ўтрымацца на паверхні жыцця пэўны час, дала сілу, – калі казаць пафасна. Багдановіч здолеў пераадолець цемру і вусціш. У яго з’яўляюцца іншыя тэмы, вельмі вітальныя, у якіх жыцця нашмат болей, чым у людзей, якія пражылі 90 гадоў. У вершах Багдановіча адчуваецца жыццё, нават у тых, што прысвечаны смерці. Таму і праграма задумвалася як выхад да святла. Багдановіч – добры прыклад: абраўшы дарогу, ён ішоў па ёй да канца. Для моладзі гэта добры матыватар, ці натхняльнік.
Мы так разважалі: біцца па-сапраўднаму можна, толькі калі няма чаго губляць. Калі да нейкага берага прыплыў, спаліў карабель, а далей – па перамогу.

– Са шчытом, ці на шчыце.

– Так, так. Вось тое галоўнае, што тычыцца праграмы, пасыл, які хацелася данесці… Часта людзей адштурхоўвае назва. Я ж упэўнены на 100 працэнтаў, што менавіта такой яна павінна быць. Адчуванне па завяршэнні гэтай працы вельмі прыемнае, бо ўсё на сваім месцы. Магчыма, не хапіла нейкага досведу для адэкватнага музычнага афармлення, у першую чаргу, я маю на ўвазе, не было студыйнай працы. Але па задуме, канцэпце ўвасаблення працай задаволены. Гэта адчуванне дапамагае загарнуць адну старонку, адну кніжку, пакласці яе на паліцу і ўзяцца за другую. Мы пачалі працаваць над новым матэрыялам, які хутка можна паказваць. Некаторыя песні ўжо выконваем.

– Вы пачыналі з Караткевіча. Потым дадаліся вашыя тэксты, потым – Багдановіча. У гэтым ланцугу ёсць пэўная логіка? Ці вы, напрыклад, звярнуліся да Багдановіча, бо працуеце ў “яго” музеі?

– Меней за ўсё хацелася б у творчасці нейкай логікі, планавання. Бо, як мне падаецца, усё адбываецца натуральна. Мы сабраліся, каб зрабіць “Леаніды”. Пакуль ішла праца над праграмай, напісаліся ўласныя творы, якія таксама захацелася аформіць. Да іх падштурхоўваў Караткевіч: не сюжэты, але кірунак. Гэта была спроба вызначэння свайго месца ў Беларусі, пэўнай “тутэйшасці”. І знянацку “прыйшоў” Багдановіч. Былі такія штудыйныя рамесныя спробы зрабіць нешта па ім, але нічога не атрымалася. Я тады гэтую працу кінуў: навошта выдурняцца і прыдумваць мёртванароджаныя творы?.. І вельмі нечакана, пасля таго, як мяне перавялі ў “Хатку” (“Беларуская хатка” – філіял Літаратурнага музея М. Багдановіча. – Заўвага аўт.), дзе паэт жыў пэўны час у 1916 годзе, песні і нарыхтоўкі пачалі з’яўляцца самі сабой і аформіліся ў ідэю праграмы. Напісалася ўсё вельмі хутка і, як мне падаецца, нават ірацыянальна.

– Вы сказалі, што на 100 працэнтаў упэўненыя ў назве. Але, калі паглядзець на тое, што ў аснове альбома – жыццесцвярджальнасць, атрымліваем аксюмаран.

– У прынцыпе, увесь альбом пабудаваны на кантрасце, спалучэнні чорнага і белага. Вокладка зроблена з фотаздымка Багдановіча, зразумела, чорна-белага. Музыка, прынамсі, вобразы, якія з’яўляюцца пад час выступу, не расфарбаваныя яркімі колерамі. Гэта, калі казаць кіношымі словамі, нуар, але з дадаткам “сюра”, калі кіно чорна-белае, але пэўныя рэчы прамаляваны іншымі колерамі. Прыкладна такая і музыка. Яна шэрая альбо кантрасна чорна-белая – але з яркімі плямамі. Прынамсі, так мы задумвалі рабіць. Не ведаю, як успрымаецца гэта звонку.

– Якраз хацела запытацца, як рэагуе зала на новую праграму. Вы, напэўна, адчуваеце яе пэўны настрой: радасць, збянтэжанасць, зацікаўленасць?..

– Напачатку, калі наш гурт толькі з’явіўся, мы вельмі стараліся рабіць музыку па магчымасці эмпатыйнай… Кепскае слова… Каб людзі суперажывалі. Каб мы рухаліся разам са слухачом. У пэўным сэнсе праграма “Mertvets” не крок да слухача. І не выклік. Мы паспрабавалі аформіць музыку так, як яна бачылася нам. Гэта крок у сябе, а не да гледача. Таму і ўспрымаецца яна даволі цяжка. Камусьці адразу не падабаецца. Звычайная з’ява. Калі прыхільнік пэўнага аўтара прывыкае да яго стылістыкі, ён звяртаецца да яго, як да пэўнай зоны камфорту. Праграма “Mertvets” – разбурэнне гэтай самай зоны камфорту. Крок насустрач, яшчэ раз падкрэслю, мы не рабілі. Наадварот, нейкія тэмы могуць адмыслова падавацца так, каб чалавек пачуваўся няёмка. Так з песняй, якая называецца “П”, дзе верш “Пагоня” спяваецца на матыў “Кацюшы”. Зразумела, гэта зроблена не каб паздзекавацца (прынамсі, з гледача), а паказаць тое, на што многім людзям непрыемна глядзець. Парушыць лагоднасць звыклых міфалагем, звязаных з персанажам, ператварэннем чагосьці ў “святарную карову”, у якую ніхто насамрэч не верыць. Таму і нядзіўна, што рэакцыя на праграму неадназначная. Розным людзям падабаюцца розныя песні. І гэта, напэўна, самая лепшая адзнака, якую можна нам паставіць, калі нехта кажа: гэтая песня атрымалася, а гэтая – не вельмі, а іншы кажа з дакладнасцю наадварот. Тут ты і разумееш, што ўсё зроблена так, як трэба. Кожны ў пэўны момант не патрапіў у зону камфорту.
Вельмі хацелася б спадзявацца, што гэтая праца не адштурхне слухача, што ён паставіцца з паразуменнем. Кожны, хто займаецца творчасцю, мае права на пошук. Нават больш: гэта, можа, і не абавязак, але нешта падобнае. Калі ты пачынаеш кляпаць адно і тое ж, ператвараешся ў рамесніка. Для нас праграма сталася вельмі вялікім досведам: яна не цалкам акустычная, але электраакустычная, і музыка тут ствараецца па іншых законах.

– Не было ярка выражанага адмаўлення ці абурэння з боку сталых гледачоў?

– Магчыма, не ўсе яшчэ дабраліся паслухаць… Людзі ва ўзросце ўспрымаюць праграму якраз вельмі хораша. Можа, таму, што яны больш задумваюцца над тэмай, якая разглядаецца ў праграме. Адна справа, калі табе 18, іншая – калі 60. Ты будзеш часцей звяртацца да думкі, як ты жывеш, што пакінеш пасля сябе?.. Дарэчы, мы добра разумеем, што сама па сабе тэма з’яўляецца момантам, які адштурхоўвае аўдыторыю, асабліва маладых людзей. Навошта занурацца ў дэпрэсію, калі лета на вуліцы, калі ў цябе каханне, сябры і ўсё такое?.. Але, зноў жа, калі б мы сачылі за тым, што жадаюць людзі, а не рабілі тое, што падабаецца нам, то гэта быў б дакладна не “НЗ”.

– Хто працаваў над дызайнам вокладкі?

– Над дызайнам вокладкі працаваў я. Скажу шчыра, гэта адзін з самых страшных момантаў працы над праграмай. Былі розныя варыянты афармлення. Крэмзанні. Напрыклад, ведаеце, як вучні размалёўваюць партрэты ў школьных падручніках? Скажу шчыра, было вусцішна рабіць гэты размыты твар. Тое, што выклікала самыя страшныя адчуванні, я і пакінуў. Над шрыфтамі і ўвогуле адваротным бокам вокладкі працавалі разам з Віталікам Мурзічам. Тлумачыць, што мы зрабілі з партрэтам, чаму яго “сапсавалі”, не хочацца. Хочацца, каб чалавек сам падумаў: ці хоча ён за размытымі рысамі пабачыць свайго Багдановіча.

– Колькі разоў вы ўжо выступілі з новай праграмай?

– Менавіта з праграмай два. Акрамя таго, яшчэ два – разам з іншымі песнямі… Увогуле, ідэя гурта на перспектыву – стварэнне пэўнага рэпертуару з праграм. Я не вельмі перажываю, што мы мала яе паказваем – за дзевяць месяцаў чатыры разы. Звычайна гурт іграе новыя песні з канцэрта ў канцэрт, пакуль не прыесца публіцы. Мы пойдзем іншым шляхам. Захаваем усе праграмы, якія прыдумлялі, і будзем іх на працягу года паказваць. У лістападзе будзе Караткевіч, у снежні – Багдановіч. Не спецыяльна на дні народзінаў, не. “Леаніды” ўвогуле восеньская праграма: кастрычнік – лістапад, мокры снег і ўсякія такія рэчы. “Mertvets” мне ўяўляецца зімовым, хоць там па тэкстах і ёсць летнія вершы. Але гэта зіма. Зараз працуем над новай праграмай. Знойдзем месца і для яе. Ёсць жа яшчэ і “Месца моцы”. Улічыце яшчэ “салянкі”. Але ўсё гэта – іншая гісторыя.

– У праграме “Mertvets” ёсць тэатральныя моманты?

– Тэатралізацыяй мы пакуль не пераймаліся, гэта дыктуюць і пляцоўкі, дзе мы граем: звычайна рок-бары, якія для нашых выступаў не вельмі падыходзяць. Гэта ад пэўнай безвыходнасці, бо пляцовак для аўдыторыі 50–100 чалавек вельмі мала – добрых, прафесійных канцэртных пляцовак. Раней быў Тэатр рускага раманса, але ён зачыніўся. Як і кожная праграма да гэтага, “Mertvets” мае ўнутраныя сюжэт і драматургію. Час ад часу, калі ёсць магчымасць, мы афармляем залу ў адпаведныя колеры і матэрыялы: шэры, белы, чорны, магчыма, чырвоныя плямы. Спецыяльныя пастаноўкі мы рабіць наўрад ці будзем. Калі з’явіцца магчымасць працаваць з відэашэрагам, магчыма, гэтым зоймемся. Але зараз музычнае палатно нашмат важней. Дэкаратыўнымі рэчамі займаемся ў апошнюю чаргу. Гэта, магчыма, таксама няправільна – з пункту гледжання папулярызацыі і камерцыялізацыі, – але і мэты такой не ставілася. Калі зможам прыдумаць годную абгортку да праграм, будзем рабіць, калі не – то…

– Дзе можна паслухаць вашыя песні, акрамя як у суполцы “УКантакце”?

– Песні залітыя на сайт soundcloud.com. Неабавязкова там рэгістравацца: дастаткова зайсці на сайт і набраць назву гурта. На гэтым жа сайце можна запампаваць упадабаныя песні. Даволі зручная платформа, каб прэзентаваць альбом. Песні з “Mertvets”а там выстаўленыя ў той паслядоўнасці, у якой задумваліся. Гэта таксама вельмі важна – для тых, хто не асобныя песні хоча паслухаць, а паспрабаваць прайсці шлях разам з намі.

– А што наконт дыска?

– Дамаўляемся са студыяй. Запісы ў нас на руках, вокладку амаль дарабілі, так што восенню дыск будзе.

Аўтар публікацыі: Анастасія Грышчук.

Крыніца: газета “Звязда” са спасылкай на газету "Літаратура і мастацтва".

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам