ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
80-гадовы юбілей Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Візіт дэлегацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі

Асветнікі зямлі беларускай

Асветнікі зямлі беларускай
Іншыя навіны

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” парадавала працягам заснаванай пазалетась серыі “Асветнікі Беларусі”. Напрыканцы мінулага года і сёлета пабачылі свет выданні, прысвечаныя пісьменнікам: “Ян Баршчэўскі. Ян Чачот. Ігнат Дамейка, 2017” і “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Уладзіслаў Сыракомля. Вінцэсь Каратынскі, 2018”. А кніга “Іван Фёдараў. Пётр Мсціславец. Спірыдон Собаль, 2018” распавядае аб прадаўжальніках справы Францыска Скарыны. Аўтар выданняў – гісторык і культуролаг Эдуард Дубянецкі – жывой і зразумелай мовай, папулярна і захапляльна распавядае пра жыццё, творчасць, адкрыцці і дасягненні дзеячаў нашай гісторыі. У тэкстах згадваюцца факты іх біяграфій, цытаты з твораў. Адметна, што аўтар раскрыў сваіх герояў не проста як гістарычных дзеячаў, але злучыў тыя далёкія часіны з сучаснасцю, паказаў, як шануецца памяць пра іх у нашы дні.

Выдатнымі атрымаліся ілюстрацыі. Мастак працаваў поруч з аўтарам: кожны крок, паварот, калізія ў жыццеапісаннях маюць непасрэднае пацвярджэнне ў выглядзе карцін, фотаздымкаў , партрэтаў, выяваў архітэктурных збудаванняў, старажытных выданняў, рукапісаў, гравюр, літаграфій, гербаў шляхецкіх родаў, схем і планаў гарадоў.

А цяпер уважліва прыгледземся да кожнай са знакамітых асоб.

Іван Фёдараў (каля 1510–1583)

Нягледзячы на тое, што І. Фёдараў – заснавальнік кнігадрукавання ў Расіі і Украіне, значны адрэзак жыцця асветнік пражыў на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Э. Дубянецкі прыводзіць версію беларускага паходжання Івана Фёдарава ад старажытнага шляхецкага роду Рагозаў, які меў фамільны герб “Шранява”. Справа ў тым, што герб Івана Фёдарава на Новым Запавеце мае падобную выяву. Гэта, а таксама запіс 1529 года ў кракаўскай кнізе ўліку студэнтаў, дзе месцам нараджэння значацца Піткавічы (а ў Беларусі не адна вёска з такой назвай) і служыць на карысць згаданай гіпотэзе. Аўтар паказаў, у якіх стасунках і ўмовах І. Фёдараў выдаваў кнігі, – спачатку ў Маскве (што адбылося амаль на паўстагоддзя пазней, чым гэта зрабіў Ф. Скарына ў Празе), а пасля і на тэрыторыі сучаснай Польшчы, якая на той момант уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Згадваецца і пра знаёмства Івана Фёдарава з іншым беларускім асветнікам – Сымонам Будным. Адметны “старадрукарскі” стыль, створаны ў тандэме з Пятром Мсціслаўцам, а таксама новыя тэхнікі гравюр і прыёму друку тэксту ў двух колерах – наватарства ў кнігавыдавецкай дзейнасці таго часу, пра што і засведчыў у сваім расповедзе Э. Дубянецкі. З-за чаго расійскія першадрукары вымушаны былі пакінуць межы Маскоўскай дзяржавы і шукаць прытулку ў суседзяў – ні гэтыя, ні іншыя жыццёвыя рэаліі не засталіся па-за ўвагай аўтара.

Пётр Мсціславец (каля 1520-х гадоў – пасля 1577 года)

Менавіта гэты слаўны сын беларускай зямлі адрадзіў і працягнуў справу нашага славутага першадрукара Францыска Скарыны, узбагаціў закладзеныя ім традыцыі кнігадрукавання. Нягледзячы на тое, што пра жыццё П. Мсціслаўца захавалася зусім няшмат звестак, расповед пра яго атрымаўся насычаны і цікавы. Адметна, што Э. Дубянецкі, прыводзячы версіі даследчыкаў жыцця П. Мсціслаўца, не выказвае сваёй пазіцыі: чытач сам павінен скласці меркаванне, улічыўшы ўсе аргументы. Кнігавыдавецкая дзейнасць Пятра Мсціслаўца ў Вільні ў адкрытай ім друкарні пры падтрымцы братоў Мамонічаў – яркія, а ў нечым драматычныя старонкі расповеду.

Спірыдон Собаль (каля 1590-х гадоў – каля 1645 года)

Шматгранная і самаахвярная асоба, жыццё якой было прысвечана пашырэнню асветы і развіццю айчыннага кнігадрукавання – такім застаўся ў гісторыі Спірыдон Собаль. Хоць пра жыццё яго звестак амаль няма, засталося багата сведчанняў пра яго падзвіжніцкую дзейнасць, асабліва пра два апошнія дзесяцігоддзі. Верагоднае месца навучання Спірыдона Собаля, праца, пасады, спасціжэнне асноў друкарскай справы, пераезд ва Украіну і адкрыццё друкарні, першыя друкаваныя кнігі, вяртанне ў родныя мясціны, удзел у заснаванні Куцеінскай друкарні і вельмі высокі паліграфічны ўзровень яе выданняў... Чытач не зможа адкласці кнігі, пакуль пра ўсё не даведаецца.

Ян Баршчэўскі (каля 1794–1851)

Менавіта ён – першы творца ў гісторыі айчыннай літаратуры, хто стаў пісаць вершы на беларускай мове, а таксама лічыцца стваральнікам фантастычнага жанру.

Вучоба, падарожжы па родным краі і апісанні падчас іх курганоў і гарадзішчаў, захапленне фальклорам – усё гэта сфарміравала светапогляд маладога пісьменніка. Пасля – жыццё, праца і вучоба ў Санкт-Пецярбургу, служба ў мясцовым марскім ведамстве і далёкія падарожжы, знаёмства з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам, стварэнне літаратурнага асяродка, выданне ўласных твораў – пра ўсё з захапленнем, як пра ўласнага сябра, распавядае Э. Дубянецкі. Ён прыводзіць і драматычны факт, звязаны з творчасцю Яна Баршчэўскага: таленавіты малады беларускі паэт Паўлюк Багрым быў абвінавачаны ў чытанні і перапісванні верша “Бунт хлопаў”, што па цэнзурных прычынах распаўсюджваўся ў рукапісах. Верш належаў пяру Баршчэўскага. Аўтар дае характарыстыку творчаму метаду Яна Баршчэўскага, распавядае, як быў сустрэты чытачамі галоўны яго твор – “Шляхціц Завальня”.

Ян Чачот (каля 1794–1851)

Лічыцца, як і Ян Баршчэўскі, родапачынальнікам новай беларускай літаратуры. З маленства далучаны да прыгажосці роднага слова праз казкі, спевы, легенды і паданні, Ян Чачот стаў сапраўдным патрыётам сваёй зямлі. Адзін з самых актыўных удзельнікаў тайнага таварыства філаматаў, сябар, дарадца і негалосны рэдактар твораў Адама Міцкевіча, аўтар многіх песен, якія спявалі студэнты на сваіх урачыстасцях. Калі ў 1823 годзе таемныя студэнцкія аб’яднанні былі выкрыты, Ян Чачот, жадаючы адвесці пагрозу расправы над паплечнікамі і аднадумцамі, усю віну ўзяў на сябе. Са старонак кніг чытач даведаецца, што пісьменнік рабіў падчас ссылкі і пасля яе, а таксама пра тое, што абудзіла яго глыбокую цікавасць да гісторыі роднага краю.

Ігнат Дамейка (1802–1889)

Славуты айчынны асветнік і змагар, Ігнат Дамейка стаў нацыянальным героем Рэспублікі Чылі. Вымушаны быць выгнаннікам сваёй Радзімы, ён прысвяціў жыццё служэнню народу іншай краіны. Як склалася, што малады Ігнат спачатку стаў удзельнікам таемнага студэнцкага таварыства, пасля – удзельнікам паўстання 1830–1831 гадоў і адным з галоўных персанажаў у паэме Адама Міцкевіча “Дзяды”? Чаму ён апынуўся ў Парыжы, а потым – у чылійскім горадзе Какімба? У краіне, якая незадоўга перад прыездам туды Дамейкі набыла незалежнасць, не было навучальных устаноў, а прыродныя багацці ніхто не даследаваў. Дзейнасці няўрымслівага даследчыка па арганізацыі і мясцовай сістэмы адукацыі, а таксама сістэмы распрацоўкі і вывучэння прыродных выкапняў хапіла б не на адно жыццё... Расповед Э. Дубянецкага пра нялёгкі і пакручасты лёс нашага знанага земляка выклікае шчыры гонар і захапленне гэтай неардынарнай асобай.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884)

Каб расказаць пра жыццё і дзейнасць стваральніка першага беларускага тэатра, Э. Дубянецкі звярнуўся да найноўшых даследаванняў яго творчасці. Адзначыў дзейнасць пісьменніка і як перакладчыка, паказаў паходжанне прыдомка Дунін да прозвішча Марцінкевіч, спыніўся на лёсе яго надзвычай таленавітай дачкі Камілы, якая таксама спачувала паўстанцам і пэўны час знаходзілася, як і бацька, у турме, а потым была ў ссылцы на Урале. Адметна, што ўмовы, у якіх тварыў В. Дунін-Марцінкевіч, былі надзвычай неспрыяльныя для нацыянальнай культуры – так, цэнзура забараніла і амаль цалкам знішчыла зроблены ім пераклад “Пана Тадэвуша”. Чытач даведаецца шмат новага са старонак расповеду Э. Дубянецкага.

Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862)

Не менш цікавы матэрыял і пра гэтага самабытнага і таленавітага творцу. Аўтар тлумачыць значэнне этнонімаў, якія ўжываліся ў дачыненні да нашых даўніх продкаў: “ліцвіны” і “беларусцы”, распавядае пра сямейную трагедыю паэта, пра сяброўства з іншым выбітным творцам – Вінцэсем Каратынскім. Аўтар не абмінуў і той цікавы факт, што папулярная ў Расіі песня, якая лічыцца народнай, – “Ямшчык” – належыць пяру У. Сыракомлі. Адвольна пераствораная па-руску паэтам Леанідам Трэфалевым, яна і загучала як песня.

Вінцэсь Каратынскі (1831–1891)

Лёс гэтага вядомага пісьменніка і журналіста – адзін з самых унікальных у гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Справа ў тым, што ён нарадзіўся ў сям’і прыгоннага селяніна, але, дзякуючы таленту і імкненню да ведаў, знайшоў свой адметны шлях. І не толькі ў беларускім прыгожым пісьменстве, але і ў польскіх перыядычных выданнях змог стаць запатрабаваным журналістам.

Серыя “Асветнікі Беларусі” вельмі патрэбная сучаснаму чытачу. Для школьнікаў расповеды з кніг стануць добрым дадаткам да падручнікаў па літаратуры і гісторыі (якраз гісторыя цікавей і хутчэй засвойваецца не праз сухія выкладкі, а праз лёсы людзей, якія ў ёй праявіліся). Асобы выбітных суайчыннікаў будуць добрым прыкладам служэння на карысць народа. Але не толькі навучэнцам цікава даведацца пра вялікія здзяйсненні мінулага – усе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй Радзімы, атрымаюць шмат станоўчых эмоцый падчас чытання кніг згаданай серыі.

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам