ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Перадача ў дар старадрукаваных кніг XVII ст.
Дні культуры Беларусі ў Літве

Асабісты фонд беларускіх прыказак

Асабісты фонд беларускіх прыказак
Іншыя навіны

Гімназіст з Салігорска разам са сваёй настаўніцай выпусціў кнігу беларускіх прыказак, з якіх амаль палова аказаліся малавядомымі.


На ІІ Міжнароднай моладзевай навукова-практычнай канферэнцыі "Навуковыя імкненні – 2011" работа вучня Салігорскай гімназіі № 2 Мацвея Малахоўскага прызнана лепшай. Разам са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ліліяй Аляксандраўнай Валчок хлопец даследаваў такі цікавы пласт беларускай культуры, як народныя прыказкі. Вучоныя-мовазнаўцы былі аднадушнымі ў сваім меркаванні: праца настолькі цікавая, што павінна быць выдадзена асобнай кнігай.

Зборнік выйшаў пад назвай "Асабісты фонд беларускіх прыказак". А доктар філалагічных навук з Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Васільеўна Валодзіна ў прадмове да яго напісала: "Несумненна, – зборнік прыказак будзе не толькі цікавы ўсім тым, хто шануе народнае слова і мудрасць, але і карысны настаўнікам, журналістам, фалькларыстам, мовазнаўцам". Лілія Аляксандраўна і яе выхаванец прынялі ўдзел у Міжнародным моладзевым форуме "Першы крок у навуку", які ладзіла Акадэмія навук Беларусі. Гэтае прадстаўнічае мерапрыемства сабрала разам юныя таленты не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, Казахстана. Работа беларускага гімназіста, якую ён выканаў пад кіраўніцтвам і з дапамогай педагога, атрымала самыя найлепшыя водгукі.

Што ж натхніла яго на такую нялёгкую справу, якая забірае шмат сіл і вольнага часу?

Яшчэ ў малодшых класах зацікавіўся беларускай мовай. Але, на жаль, ведаў яе не вельмі добра. Таму з дапамогай Ліліі Аляксандраўны ўдасканальваў свае веды, вымаўленне. З цягам часу выспела думка больш сур’ёзна заняцца даследаваннем фальклору, прыказак, прымавак на прыкладзе канкрэтных іх носьбітаў. Менавіта Лілія Аляксандраўна падказала, што такі чалавек, сапраўдны захавальнік вуснай народнай творчасці, жыве ў вёсцы Гоцк Салігорскага раёна, што за 64 кіламетры ад горада. Да таго, як на Палессе прыйшла меліярацыя земляў, населены пункт з 2 тысячамі жыхароў быў адрэзаны ад цывілізацыі. Таму, відаць, тут і захавалі свой адметны дыялект, сваю культуру і традыцыі.

Ульяна Піліпаўна Ліхтар нарадзілася ў 1939 годзе. Лёс падараваў ёй пяцярых дзяцей, але жанчына рана аўдавела. Шмат і цяжка працавала, каб паставіць малых на ногі. Вытрымліваць нягоды заўсёды ёй дапамагала цёплае, мудрае і глыбокае народнае слова, якое яна адчувала і сэрцам, і душой. Шмат выслоўяў Ульяна Піліпаўна памятае ад свайго дзеда Дзмітрыя Лукашавіча Канановіча, якога вельмі любіла і літаральна ўбірала ў сябе яго сакавітую, ёмкую гаворку. Мовай Ульяны Піліпаўны заслухаешся:

"Я добрэ помню свае дзетство. Було мне гадоў шэсць-сем, я була сама менша ў сем’і. Маці з бацьком на полі, а мене з дзедом пакінуць. Які ж інцерэсны буў дзед. Колькі ж ён знаў прыказок розных! Шчо б ні казаў – усегда падкрэпіць прыказкаю. Я вельмі любіла слухаць яго і ўсё запамінала, бо ён гаварыў з юмором, весело. Помню, дзед хацеў калоду павернуць, але не змог, бо буў уге слабы. Рабіў-рабіў дэй каге: "Була сіла, як маці ў чэраві насіла".
...Була ў нас суседка Аўдоцця, вельмі неакуратная жанчына. Яе не вельмі ўважалі ў сяле. Адзін раз яна пасварыласа з дзедом за поле. Але дзед быў не вінаваты. Дык ён жартам і выдаў: "Сперадзі – строй, а ззадзі – хоць з граблямі стой". Усе смяяліся не з цёткі, а з прыказкі, бо дзед дарэмно нікога не крыўдзіў.
Ад яго я і ўзяла любоў да ўсяго народнаго, нашаго".

Гаворка Ульяны Піліпаўны настолькі багатая на трапныя выразы, яскравая і вобразная, што яе хочацца слухаць, запамінаць, запісваць. Прыродная назіральнасць, уважлівасць ужо немаладой жанчыны і дапамаглі ўзнавіць у памяці дзясяткі ўстойлівых выслоўяў.

– А яшчэ ўспомніла некалькі новых прыказак, запісвайце, – пастаянна тэлефанавала нам Ульяна Ліхтар, – распавялі аўтары. – За той час, што мы працавалі над кнігай, яна павесялела, паздаравела, забылася нават на шматлікія балячкі. Вельмі радавала жанчыну, што моўны набытак яе продкаў, землякоў і яна як яго прадстаўніца камусьці спатрэбіліся.

Наогул, Ульяна Піліпаўна вылучаецца прыродным розумам, эстэтычным успрыманнем мінулага і сучаснага, паэтычным талентам, цікавасцю да жыцця, якія спалучаюцца з веданнем народнага побыту, традыцый. Таму адметнай, цікавай атрымалася кніга.

– Безумоўна, для яе падрыхтоўкі і такой працы патрабаваўся сістэматычны запіс ад канкрэтнага носьбіта моўнага матэрыялу на працягу доўгага часу. А гэта вымагае карпатлівай працы, пастаяннай увагі, уважлівага вуха. Запісваць прыказкі – вельмі і вельмі няпростая задача, бо немагчымасць прыгадаць адразу шэраг устойлівых выразаў вынікае з уласцівасцяў самой чалавечай памяці. Прыказкі ўсплываюць у гаворцы, калі адпавядаюць сітуацыі, падмацоўваюць думку, – канстатуе Таццяна Валодзіна.

І тым не менш Цімафей Малахоўскі пад кіраўніцтвам свайго педагога са справай справіўся на "выдатна". За два гады ім удалося запісаць каля тысячы ўстойлівых словазлучэнняў. У кнігу ўвайшлі 774 прыказкі, у тым ліку 305 – малавядомыя і рэдкаўжывальныя, а некаторыя наогул агучаны ўпершыню. Да такой высновы прыйшлі спецыялісты.

Варта дадаць, што запісаць выслоўі – гэта палова справы. Іх трэба было сістэматызаваць, размежаваць па ўжывальнасці, тэматыцы з дапамогай дадатковых інфармацыйных крыніц. У гэтым шмат дапамагла вопытная і вельмі неабыякавая да роднага слова настаўніца.

Прыказкі, сабраныя салігорскімі энтузіястамі, характарызуюць жыццё народа ў розных праявах – беднасці, багацці, горы, радасці, шчасці: "Ад самага парога калючымі шыпамі ўсыпана дарога", "Бяры хату і лапату і глядзі сабе бабу гарбату", "Дзе Макар цялят не пасе, там чортава вяселле ідзе".

У прыказках назіраецца лексічнае багацце і разнастайнасць моўных сродкаў: "Як сяльцо, так і знараўцо" – "Як край, так і свой звычай".

А вось тэма кахання, як заўважылі аўтары, сустракаецца вельмі рэдка. На іх думку, прычына ў тым, што селяніну-беларусу даводзілася шмат працаваць, дбаць аб хлебе больш, чым аб уласных пачуццях.

– Няма думкі прадоўжыць працу ды выпусціць другую кніжку дасціпных палескіх выразаў? – пацікавілася ў сваіх суразмоўцаў.
– Магчыма, у перспектыве і вернемся да гэтага. Ульяна Піліпаўна не супраць. Прынамсі, у яе памяці ўсплываюць усё новыя і новыя прымаўкі, толькі запамінай. А пакуль мяркуем сабрацца з сіламі ды запісаць даўнейшыя песні, якіх Ульяна Піліпаўна ведае незлічоную колькасць, – адказвае Лілія Валчок. – Тым больш што Цімафей Малахоўскі вельмі сталы не па гадах, разважлівы, старанны і адказны. За якую справу не возьмецца, усё ў яго атрымліваецца.

 

Сапраўды, Мацвей на дзіва таленавіты хлопец. Захапляецца дакладнымі дысцыплінамі, удзельнічае ў школьных, раённых алімпіядах. А з гэтага года вельмі адказна рыхтуецца да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх, на якія навучэнцы дапускаюцца толькі пачынаючы з дзясятага класа. Акрамя таго, юнак вельмі добра танцуе, займаецца ў гуртку выратавальнікаў.

Пасля заканчэння школы Мацвей збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. А там, як ён лічыць, адкрыецца большая прастора для далейшага развіцця сваіх здольнасцяў. Але веданне мовы, якую ён удасканаліў дзякуючы працы над кніжкай, дапаможа больш сцісла, дакладна, зразумела выказваць свае думкі.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам