ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
500-годдзе беларускага кнігадрукавання адзначылі ў Вроцлаве
Сусветны бібліятэчны і інфармацыйны кангрэс у Вроцлаве

Аптымізм і аптымізацыя

Аптымізм і аптымізацыя
Іншыя навіны

Колькі людзей ходзіць у публічныя бібліятэкі Беларусі і чаму іх там становіцца меней?


Летась бібліятэкі краіны перасталі наведваць каля 100 тысяч беларусаў. Гэта вынік чарговых статыстычных экскурсаў у мінулае і сучаснае. Гэтым разам гаворка пойдзе пра публічныя бібліятэкі краіны, дзе таксама, як і ў дзіцячых бібліятэчных установах Беларусі, адбываецца скарачэнне сеткі.

У Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016 – 2020 гады адным з даведзеных мэтавых паказчыкаў абазначаны прырост наведванняў бібліятэк (з улікам і віртуальных карыстальнікаў) на 4 % за год, гэта значыць на 20 % да 2020 года ў параўнанні з 2015-м. Ці змогуць бібліятэкары Беларусі выканаць гэты паказчык з улікам аптымізацыі, якая, як мяркуецца, будзе працягвацца і далей, але больш павольнымі тэмпамі? І гэта нягледзячы на тое, што за мінулыя пару гадоў скарачэнне сеткі бібліятэчных устаноў Беларусі было даволі значнае. Як сведчаць статыстычныя даныя Дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы “Інтэграваны банк даных устаноў культуры”, толькі цягам мінулага года ў краіне паменшала на 162 публічныя бібліятэкі, а ўвогуле на пачатак 2017-га іх налічвалася 2674. Больш за ўсё скарацілася сетка публічных бібліятэчных устаноў на Брэстчыне і Магілёўшчыне (-38 устаноў) і Віцебшчыне (-31). І ў асноўным, як не цяжка здагадацца, былі зачыненыя бібліятэкі ў сельскай мясцовасці.

Натуральным чынам скарацілася і колькасць карыстальнікаў бібліятэк. Калі ў 2015-м паслугамі публічных бібліятэк краіны карысталася 3 мільёны 125 тысяч 500 чалавек, дык у 2016 – 3 мільёны 24 тысячы 300 чалавек. Няцяжка падлічыць, што толькі за год чытачоў у бібліятэках стала менш на 101 тысячу 200 чалавек.

Бібліятэкары спрабуюць кампенсаваць гэты адток звычайных наведвальнікаў развіццём інтэрнэт-парталаў і сайтаў, на якіх фіксуецца колькасць віртуальных карыстальнікаў. Калі ў 2015 годзе на бібліятэчныя старонкі завітвалі 13,4 тысячы карыстальнікаў, дык у 2016 – 23,5 тысячы. Рост – больш чым на 10 тысяч чалавек. Але даныя пра скарачэнне колькасці карыстальнікаў публічных бібліятэк на 101 тысячу за год, пра якую я ўжо казаў, зроблены… з улікам віртуальных наведвальнікаў. Так што “мінус 101 тысяча” – гэта той статыстычны факт, які паказвае рэальную карціну сённяшняга бібліятэчнага жыцця краіны.

Ёсць у статыстыцы Інтэграванага банка даных устаноў культуры і асобны раздзел, які фактычна і падае лічбы па выкананні мэтавага паказчыка Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 – 2020 гады. Гаворка – пра той пункт, дзе апавядаецца пра колькасць наведванняў бібліятэчных устаноў. Калі ў 2015 годзе такіх было зафіксавана 25 мільёнаў 820,2 тысячы, дык у 2016 – 26 мільёнаў 692,7 тысячы. Такім чынам, за год гэты паказчык вырас на 872,5 тысячы наведванняў, або прыкладна на 103,4 %. Так што за мінулы год, калі зыходзіць з наяўных лічбаў, мэтавы паказчык Дзяржпраграмы публічныя бібліятэкі краіны не выканалі.

Заўважу, што гэтыя лічбы не канчатковыя – у прадстаўленыя статыстычныя паказчыкі Інтэграванага банка даных устаноў культуры не ўключаныя вынікі дзейнасці бібліятэк, закрытых у 2015 і 2016 гадах, а таксама Нацыянальнай бібліятэкі краіны і сеткі дзіцячых бібліятэк рэспублікі.

Рост у асноўным “народжаны” дзякуючы віртуальным наведванням: такіх у 2015-ым было 2 мільёны 50,1 тысячы, летась – ужо 2 мільёны 884,6 тысячы. Адчуйце розніцу. І што было б, каб гэтыя віртуальныя наведванні засталіся на ўзроўні 2015-га, а не прыраслі на 834,5 тысячы? Карацей, дзякуй усюдыіснаму інтэрнэту і мабільнаму трафіку…

У аналізаваным мною дакуменце можна знайсці яшчэ багата фактаў – не самых радасных: пра скарачэнне кніжнага фонду бібліятэк (як раённых і сельскіх, так і абласных), пра змяншэнне колькасці новых выданняў, якія паступілі ў раённыя ды абласныя “кніжніцы”, пра нізкую кнігавыдачу і скарачэнне кадравага патэнцыялу. Аналіз гэтых лічбаў, несумненна, яшчэ будзе прадстаўлены ў “К” неаднаразова, хоць тэндэнцыя – навідавоку... І ці ператворыцца сённяшні мінус у заўтрашні плюс – пакуль невядома, бо дасюль аптымізму ад цяперашняй аптымізацыі бібліятэкарам чакаць яўна не даводзілася.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Крыніца: газета "Культура"

Навіны

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам