ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Расказваем пра краязнаўчыя ЭІР, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне
Заняткі на выставе “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект”

“Апошнія Каляды на радзіме”

“Апошнія Каляды на радзіме”
Іншыя навіны

Як выбітныя паэты Адам Міцкевіч і Тамаш Зан аказаліся непатрэбныя на сваёй зямлі.

“Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы, і абавязак мой – за вас прыняць пакуты”, – гэтыя словы, якія некалі, седзячы ў вязніцы, казаў Тамаш Зан, Адам Міцкевіч напіша ўжо ў эміграцыі, уключыўшы іх у сусветна вядомую паэму “Дзяды”. У адной з частак паэмы Міцкевіч адновіць тыя перадкалядныя дні, калі яго з сябрамі кінуць у астрог у Вільні.

Нехта там чакаў катаргі, нехта – пажыццёвага выгнання. У той жа час у двух тагачасных паэтаў былі народзіны: у Тамаша Зана, кіраўніка аб’яднання “Філаматаў”, – 21 снежня, а ў яго сябра Адама Міцкевіча – 24 снежня. Зняволены яны былі за тое, што ўсімі сіламі намагаліся адрадзіць культуру Вялікага Княства Літоўскага, якое пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе канчаткова адышло да Расійскай Імперыі.

Я не ведаю, пра што яны тады думалі: маладыя, таленавітыя, вершы якіх друкаваліся ў зборніках… Кінутыя ў астрог толькі таму, што распавядалі іншым пра нашу культуру і спадчыну. Але мне падаецца, у такія моманты думаеш пра самае лепшае: пра дзяцінства, сям’ю і гады ва ўніверсітэце.

adam_mitckevich.jpg

Адам Міцкевіч нарадзіўся ў 1798 годзе ў Завоссі, але пасля яго бацькі пераехалі ў Навагрудак, там жа ён і правёў сваё дзяцінства. Тамаш Зан жа нарадзіўся ў 1796 годзе ў мястэчку Мясата пад Маладзечнам. Калі Міцкевіч атрымліваў пачатковую адукацыю ў Наваградскай гімназіі, сядзеўшы за адной партай з будучым паэтам Янам Чачотам, то Тамаш Зан паехаў вучыцца ў Мінскую гімназію. Будынак гімназіі знаходзіўся на тэрыторыі Верхняга Рынку – гэта зараз Плошча Свабоды ў Мінску. Тагачасны Мінск падлетка Тамаша надзвычай уразіў: “Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звону, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя… Вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года”. Праўда, у гімназіі Тамаш не давучыўся, вярнуўся дадому. А пасля паступіў у знакаміты Віленскі ўніверсітэт, адукацыя ў якім яшчэ з XVI стагоддзя лічылася адной з самых прэстыжных у Еўропе. Туды ж паступіў і Адам Міцкевіч.

Віленскі ўніверсітэт у тыя гады стаў месцам канцэнтрацыі таленавітай і думаючай беларускай моладзі. Хлопцы пасябравалі адно з адным і заснавалі таемнае ўніверсітэцкае аб’яднанне – Таварыства філаматаў. Кіраўніком яго стаў Тамаш Зан. Ігнат Дамейка, які быў самым маладым удзельнікам аб’яднання, а пасля выгнання стаў бліскучым навукоўцам і нацыянальным героем Чылі, у сваіх мемуарах апісваў Тамаша Зана так: “Умеў ён з аднолькавай лёгкасцю зніжацца да разумення нявінных дзяцей, забаўляць іх і вучыць іх, так і ўступаць у палеміку з важнымі вучонымі людзьмі шаноўнага веку. Заўсёды вясёлы, усмешлівага твару, жартаўлівы, эстэтычны, улюблівы, ён не мог цярпець у маладых людзей самай малой непрыстойнасці, легкадумнасці, пажадлівасці, распусты”.

pushkin_i_mickevich.jpg

Ён быў бясспрэчным лідарам віленскай моладзі. Неаднаразова выступаў са сваімі ідэямі, якія трансфармаваў і ў вершы:

Светлую мэту пазнайце.
Ёсць вушы ў вас, вочы,
Сэрца, душа… Ну, а зайздрасць
пакіньце на ўзбоччы.
Дайце спачыць языку,
думцы ж – вольную волю.
Лоб і рука – да айчыны:
хай вернуць ёй волю.

Міцкевіч жа не займаўся арганізацыяй тайных таварыстваў, не размаўляў з моладдзю, але Дамейка піша, што з ім пастаянна раіліся наконт кірунку і слухаліся яго, “бо яго сакалінае вока бачыла добра і далёка”.

Спачатку аб’яднанне філаматаў было згуртаваннем той моладзі, якая цікавілася навукай, ведамі, паэзіяй, мастацтвам і музыкай. На пасяджэннях эксперыментавалі, чыталі новыя вершы, спявалі. Была ў філаматаў такая традыцыя: на пасяджэнні яны ішлі з вёдрамі малака. І, памаліўшыся і праспяваўшы песню, кожны мусіў выпіць кубак малака.

Пасля ідэі таварыства сталі распаўсюджвацца і на іншыя рэгіёны Беларусі. У розных гарадах пачалі засноўвацца свае аб’яднанні філаматаў, якія былі падначаленыя кіраўніцтву ў Вільні. З літаратурнага аб’яднання гэта перарасло ў гурток таленавітай моладзі, якая выступала за аднаўленне Рэчы Паспалітай, адстойвала ідэю барацьбы супраць феадальнага прыгнёту. Змены ў грамадскім жыцці, на іх думку, былі магчымыя толькі ў выніку дзейнасці перадавых людзей. Філаматы выкарыстоўвалі для прапаганды сваіх ідэй сярод насельніцтва ланкастарскія школы. Іх сутнасць была ў тым, што старэйшыя вучні пад наглядам настаўнікаў выкладалі прадметы малодшым вучням. Такія школы ствараліся ў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губернях, што ўваходзілі ў склад Віленскай вучэбнай акругі, таму многія філаматы ўдзельнічалі ў заснаванні школ і арганізацыі ў іх навучання па ланкастарскай сістэме.

mickiewicz_1.jpg

Да 1823 года ідэі філаматаў набылі такую папулярнасць, што пра іх ведала і падтрымлівала вялікая колькасць як моладзі, так і былой шляхты Рэчы Паспалітай. Да цара Расійскай Імперыі Аляксандра І дайшлі звесткі пра філаматаў. Таму паступіў канкрэтны загад: аб’яданне мусіць быць знішчана, а яго лідары і ўдзельнікі – выгнаныя з Радзімы. Так, сенатарам Навасільцавым была сфабрыкавана “Справа філаматаў”. Паступова ўсіх, хто прымаў актыўны ўдзел у таварыстве, кінулі ў турму, у былы базыльянскі манастыр каля Вострай Брамы ў Вільні. Зан з Міцкевічам трапілі туды ў першых шэрагах.

Насельніцтва негатыўна ўспрыняла гэтую вестку, амаль што ўся моладзь Вільні была на баку філаматаў. Сябры падкуплялі канваіраў і прыходзілі наведваць вязняў, перадавалі ім ежу. Ахоўнікі дазвалялі вязням нават збірацца ў адной камеры, што было ім на руку: яны абгаворвалі свае паводзіны на допытах. Тамаш Зан не меў ілюзій. Ён ведаў дакладна: іх не адпусцяць. Але паліцыі дакладна не было вядома пра дзейнасць і структуру аб’ядання… Таму ён прыдумаў дакладную схему: узяць усю віну на сябе, каб астатніх маглі адпусціць. Чачот і Міцкевіч вырашылі падзяліць віну і паміж сабой.

r._zukouski._tomasz_zan.jpg

Міцкевіч пасля ў “Дзядах” Зана параўнае з Хрыстом: настолькі ён любіў сваіх сяброў, што гатовы быў ісці на пакаранне, толькі каб іншых адпусцілі. І, напэўна, Зан падаецца бясстрашным і моцным. Толькі з турмы ён пісаў наступныя радкі, якія прысвячаў… Зосі Малеўскай, дачцэ рэктара Віленскага ўніверсітэта:

Зося, ты не плач па птаху:
Міг – жыццё яго на свеце.
Прымем долю мы без страху.
Зося, ты не плач па птаху.
Згіне птах, спаткаўшы плаху,
Трапіць іншы ў сонца сеці.
Зося, ты не плач па птаху:
Міг – жыццё яго на свеце.

Далёка не ўсе ведаюць, што паміж Зосяй, якой прысвячаў кожны другі верш Ян Чачот, і Тамашом былі адносіны. Як жа яшчэ можна патлумачыць тое, што Зан да канца жыцця захоўваў локан Зосіных валасоў?

Міцкевіч жа ў камеры не хаваў, што думкі ў той момант былі пра яго каханую, Марылю. Нават у “Дзядах” ён яскрава пра гэта піша.

img037.jpg

Аднойчы падчас вучобы Зан узяў Міцкевіча да свайго сябра ў маёнтак у Туганавічы да свайго сябра, з якім вучыўся ў Мінскай гімназіі. Менавіта там ён і пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай. Яны сталі падоўгу гуляць, размаўляць. Марыля стала яго адвечным і няшчасным каханнем, бо яна была заручаная з іншым. Марыля не стала пярэчыць бацькам і выйшла замуж за таго, з кім была заручаная. Міцкевічу ж гэтым яна нанесла незагойную рану. Аднак нават будучы замужам, Марыля сустракалася з Адамам. Гэты факт дае падставу думаць, што муж яе ведаў, што сэрца Марылі належыць іншаму. Пасля, нават у выгнанні, калі ён ажаніўся, Міцкевіч не змог забыць Марылю. Менавіта яе імем Міцкевіч назваў сваю дачку. Але яго сябры-літаратары перакананыя, што менавіта няшчаснае каханне спрыяла яго ўзлёту на новы літаратарскі ўзровень:

Ох, любая! Мне памяць
пра твае пяшчоты
Атручваюць трывогі,
думак змрочных рой:
Што ў сэрцы ў цябе?
Ці добра ўсё з табой?
Мо ўсю душу тваю
спустошваюць згрызоты?

З любоўнай прагай
мы змагаліся ўсе дні.
Адны ў пакоі, дзе панадны
змрок таіўся,
І паддавацца ёй не думалі ані.

Цяпер… Я абалью слязамі
алтары ўсе
Не для таго, каб змыць
свой грэх у цішыні,
А каб мне Бог пакутаю
тваёй не мсціўся.

У вязніцы філаматаў пратрымалі з восені 1823 па вясну 1824 года. У 1824 годзе лідараў адправілі па этапах. Міцкевіча выслалі ў глыбіню Расіі, пасля – у Маскву і Пецярбург. Там ён адразу пасябраваў з рускай інтэлігенцыяй: Жукоўскім, Пушкіным, Вяземскім, Рылеевым. Міцкевіч быў жаданым госцем на літаратурных салонах, дзе захапляліся яго творчасцю. У той час, калі на радзіме ён быў забаронены… Праз некалькі гадоў Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу, дзе ён і будзе друкаваць свае вершы. Пасля яго ад’езду Пушкін напіша наступнае: “…Он вдохновен был свыше, И свысока взирал на жизнь…”

jasiunai_manor.jpg

Зан жа быў высланы ў Арэнбург, дзе нейкі час будзе сядзець у вязніцы. Адтуль ён пісаў такія радкі:

Хто ўздых тут мой цяжкі пачуе?
Ледзь вырвецца ён, як завея
Падхопіць яго, завіруе,
Па стэпе татарскім развее.

Я тут падуладны буранам.
Навее ўспаміны мне хмара.
Былое маё – за туманам.
Жыццё – як далёкая мара.

Пасля ён не здрадзіць сваім прынцыпам і будзе сябраваць з мясцовымі рэвалюцыянерамі. Праўда, вярнуцца на радзіму яму дазволяць толькі ў апошнія гады жыцця.

Зборнік санетаў Міцкевіча будзе прызнаны адным з лепшых паэтычных зборнікаў у свеце. Ці шмат пра яго чулі ў Беларусі? Адным з найлепшых твораў яго будзе лічыцца “Пан Тадэвуш”, дзе ён поўнасцю адновіць быт тагачаснай шляхты Наваградчыны. Ці ведаў ён тады, што ўсё жыццё ў эміграцыі ён прысвяціць Беларусі і што нават збярэ для гэтага войска, для самага галоўнага паходу за сваё жыццё, за падрыхтоўку якога, пэўна, і будзе атручаны, не дажыўшы да свайго 57-годдзя?..

pomnik.jpg

Але зараз у маім сэрцы “Дзяды”. Чытаю і ўяўляю, як снежаньскімі днямі, калі ўсе рыхтаваліся сустракаць Каляды, калі моладзь марыла і будавала планы на будучыню, яны, лепшыя сыны свайго часу, сядзелі ў халодных мурах. Яны сядзелі і спадзяваліся на цуд: усё пройдзе, і будуць яны разам са сваімі любімымі зноўку служыць на карысць радзіме. Толькі цуду не адбылося. А любімых сваіх яны так больш і не пабачылі. Але нягледзячы на гэта, у базыльянскіх мурах нават у той час чуліся іх галасы і даносіліся радкі з філамацкага гімна:

Хаця і няпростай дарогай
Мы дойдзем да сіняга рання,
Нам будзе тут неба падмогай,
Праца і мужнасць,
і наша яднанне!

Аўтар публікацыі: Вікторыя Чаплева.
Крыніца: Новы час

Навіны

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)

23 Ліп 2021

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”, на якой упершыню дэманструюцца разам аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Садовае чараўніцтва: як Сесіль Мэры Баркер і кветкавыя феі змянілі кніжную ілюстрацыю

23 Ліп 2021

Вы калі-небудзь звярталі ўвагу, якія добрыя ілюстрацыі ў дзіцячых кнігах? Яны лёгкія, пяшчотныя, прыемныя воку і сэрцу – адно задавальненне... Праўда, мы зусім не ўспрымаем іх усур'ёз. У рэшце рэшт, гэта ж для дзяцей, а значыць, там шмат спрашчэнняў, умоўнасцей і зусім ніякай сур'ёзнасці, так? А вось і не. Кніжная ілюстрацыя можа быць сур'ёзнай, дакладнай і нават цалкам навуковай – не губляючы пры гэтым свайго чараўніцтва. Сёння мы пагаворым пра Сесіль Мэры Баркер, сапраўдную каралеву кветкавых фей, і пра батанічную ілюстрацыю.

Аўтарскі погляд

23 Ліп 2021

Пра бібліяаптэку мы яшчэ пагаворым. А зараз – пра рэчы не менш важныя. Свой першы твор Янка Купала напісаў па-польску, Якуб Колас – па-руску. Але кожны вярнуўся да родных вытокаў. Рашуча і канчаткова. Так бусел вяртаецца з выраю менавіта ў сваю буслянку…

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам