ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Каласкі ад Коласа
Навагодні серпанцін

Альпенская шляхта

Альпенская шляхта
Іншыя навіны

На самай справе: чаму славуты твор мае назву "Пінская шляхта", а не Альпенская? Але пытання гэтага не задасі аўтару. Хоць звесткі пра тое, што Дунін-Марцінкевіч жыў у Альпені ў 1849 годзе, ёсць.


Напрыклад, яго верш “Вясна” падпісаны “Альпень, мая 12 дня 1849 года”. Ды і прозвішчы дзеючых асоб камедыі тыпова альпенскія – Іван Цюхай-Ліпскі, Цімох Альпенскі, Ціхон Пратасавіцкі…

Як жыве Альпень сёння? Чым займаюцца жыхары гэтай вёскі? Якімі ўспамінамі і спадзяваннямі поўняцца іх сэрцы? Каб атрымаць адказы на пытанні, мы завіталі ў Альпень.

Па гістарычных сцежках
Настаўнік-пенсіянер Іван Уладзіміравіч Ляшкевіч вывучае гісторыю роднай вёскі не першы год. Збірае звесткі вось ужо гадоў 30. Па сабраных ім матэрыялах знаёмлю чытачоў з мінулым Альпеня.
Упершыню вёска ўзгадваецца ў 1479 годзе, калі княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, які княжыў у Вялікім Княстве Літоўскім у 1430–1432 гадах, падаравала Альпень нейкаму Ляшко-Зяновічу Альпенскаму. Наступныя звесткі адносяцца да 1503 года. Тады пінскі князь Фёдар Іванаў Яраславіч запісаў прывілеі на сяло Альпень і дворышчы яго нейкім дваранам Севасцьяну Апановічу і Грыцку Князіковічу. У 1513 годзе князь Яраславіч даў прывілей Івану Цюхай-Ліпскаму на маёнтак у Альпені.
Альпенцы займаліся валеннем валёнак, адцісканнем ільнянога алею. Былі цесляры, млынары, будаўнікі. Некалі ў Альпені была цагельня. Многія дамы ў вёсцы пабудаваны з гэтай цэглы.
Усю гісторыю роднай вёскі Ляшкевіч занатаваў. Склаў “дыялектны слоўнік”, які змяшчае 375 слоў.
З жалем канстатуе Іван Уладзіміравіч, што ў 1939 годзе ў Альпені было 170 двароў і пражывала 1 470 чалавек. Цяпер жыве ў вёсцы 474 чалавекі на 221 двор.
Жонка краязнаўца Вера Уладзіміраўна Ляшкевіч – патомная шляхцянка. Яе дзявочае прозвішча – Ляшкевіч-Зіновіч-Альпенская. Бацька служыў у царскай арміі. Яго фотаздымак, на якім ён у белых пальчатках, і сёння вісіць на сцяне ў Ляшкевічаў. А вось у мужа толькі маці была шляхцянкай. У некаторай ступені гэта не падабалася родным Веры Уладзіміраўны. Маці не хацела, каб дачка выходзіла замуж за гэтага юнака.
Бабуля Веры Уладзіміраўны была вядомай у ваколіцы павітухай. Пра яе цудадзейныя здольнасці Вера Уладзіміраўна можа расказваць доўга. Гэтак жа, як і пра свой шляхетны род:

– Гэта быў гонар для хлопца, напрыклад, з Веляміч, калі за яго выходзіла дзяўчына з нашай вёскі – шляхцянка…

Васіль Данілавіч Лемяшэўскі пайшоў на фронт у 1941 годзе. Было раненне, потым палон, канцлагеры Бухенвальд і Дора. З 1997 года, калі не стала жонкі, жыве адзін.

– Раней у вёсцы было шэсць прозвішчаў. А цяпер усялякіх многа. Некалі была шляхетнай вёска, а цяпер нічога не засталося ні ад шляхты, ні ад вёскі, – разважае ветэран.

Васіль Данілавіч на свой узрост (нарадзіўся ў 1918 годзе) выглядае вельмі жвавым. Яшчэ і на веласіпедзе ездзіць і сам сабе есці варыць.

Марцыпаны і бяляшыкі
На Спленне (Успенне) вёска звычайна напаўняецца вялікай колькасцю гасцей. Прастольнае свята вёскі – добрая нагода прыехаць на родную зямлю, сустрэцца з аднакласнікамі, сябрамі, якія цяпер жывуць далёка па-за межамі раёна.
Тамара Уладзіміраўна Ляшкевіч рыхтуецца да свята дыхтоўна. Не, не спяшаецца ў краму, а сама завіхаецца каля печы.
Частуюць гасцей мясцовымі прысмакамі – марцыпанамі ў вёсцы называюць трохвугольнічкі, закручаныя з самай рознай начынкай. А вось бяляшык – гэта мерэнгі – узбітыя бялкі з цукрам (на тры бялкі 100 грамаў цукру). Усё ўзбіваецца да пэўнай густаты, а пасля высыхае на чарэні печы.
Вольга Канстанцінаўна Украінец ведае шмат мясцовых песень. Да яе б фалькларыстаў! Разам з жанчынамі часта спявала раней на вяселлях, хрэсьбінах, проста на вячорках. Сёння спевы чуваць не так часта, але пад настрой выканае Вольга Канстанцінаўна любімую песню – “Ой ты, сад, ты мой сад”.

Галерэя-музей
Мікалай Юстынавіч Багацька жыве не ў доме, а ў музеі (ці карціннай галерэі?). Ён некалі па маладосці паехаў жыць у Пінск. Там стварыў сям’ю. Жылі, гадавалі дзяцей. Але ўсё жыццё разам з жонкай Любоўю Васільеўнай марылі вярнуцца ў Альпень. Вярнуліся восем гадоў таму. І не шкадуюць пра гэта. Бо вёска – гэта іх край, іх зямля, іх душа.
Мікалай Юстынавіч паказвае свой дом. Тут сабраны цікавыя матэрыялы – шабля з часоў грамадзянскай вайны, крыжы, ручка са сталовага серабра, літаграфіі 1911 года, сякера воіна, наканечнікі стрэл. Ёсць калекцыя званочкаў – розных памераў і гукаў. Кожны са сваёй гісторыяй. Ёсць даволі вялікі кавалак бурштыну – нашага, палескага.
Мікалай Юстынавіч не толькі збірае рарытэтныя рэчы, а і сам піша карціны. Цікавыя задумкі па сваім сэнсе і кампазіцыі.

– Вось пайду на пенсію – і намалюю вобраз Беларусі, – марыць Мікалай Юстынавіч.

А пакуль сям’я разводзіць гусей, курэй, цасарак. Ёсць карова, козы, займаюцца агародніцтвам.

– У нашай вёсцы, вакол яе – цудоўная прырода, – гаворыць Любоў Васільеўна. – Рака Золатка цякла. У ёй вада такая чыстая была, што бялізну праць хадзіла.

Пра раку Золатка існуе цэлая гісторыя. Яна звязана ўжо з роднымі Мікалая Юстынавіча. Некалі Радзівіл прыйшоў да яго дзеда Кажаноўскага, які быў мясцовым старастам, і прапанаваў выкапаць канал, што злучаў бы Льву з Гарынню. Стараста сазваў шляхцюкоў, і сталі вырашаць, ці даць дазвол Радзівілу капаць канал праз свае землі. Вырашылі не даваць, бо частка сенакосаў, палёў прападзе. Ды пасля адмовы сталі гарэць дамы ў вёсцы: то адзін, то другі. Зноў сабраліся на сход вяскоўцы. Вырашылі даць дазвол. Так і з’явілася рэчка-канал Золатка.

* * *

Зусім па-іншаму жывуць сёння жыхары гэтай вёскі, чым іх продкі, што сталі прататыпамі “Пінскай шляхты”. Але час ад часу, у сварцы, пад гарачую руку нагадаюць яны зяцю ці суседу, што той не са шляхетнага роду…

Аўтар публікацыі: Таццяна Сеген.

Шаноўныя чытачы! Дасылайце нам свае матэрыялы пра гісторыю роднага краю, вашай малой радзімы, адметныя месцы, пра выбітных асоб ці проста доўгажыхароў, якія сталі сведкамі цікавых гістарычных падзей. Вітаюцца таксама фота цікавых мясцін і краявідаў. Чакаем вашы артыкулы па адрасе: 220013, Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, газета “Звязда”, з пазнакай “Край, дзе я жыву” або на электронны адрас іnfo@zvyazda.mіnsk.by.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам