ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Усё жыццё – роднаму слову
Захоўваючы традыцыі: Нацыянальная бібліятэка дэманструе “Палітру вясны”

Акрыленыя родным словам

Акрыленыя родным словам
Іншыя навіны

2021 год быў вельмі багаты на юбіляраў. Шматлікія новыя выданні, якія выйшлі з гэтай нагоды, цяпер радуюць беларускага чытача.

Адным з іх з’яўляецца зборнік “Акрыленыя родным словам”, прымеркаваны да 145-годдзя Алаізы Пашкевіч і 150-годдзя Лесі Украінкі.

Ідэя аб’яднаць на старонках адной кнігі паэзію дзвюх пісьменніц быццам напрошвалася сама сабой. Алаіза Пашкевіч – паэтка, празаік, публіцыст, актрыса, грамадская дзяячка, якая самааддана служыла свайму народу і горача любіла радзіму. Леся Украінка – таксама паэтка, празаік, драматург, геній слова з душой сапраўднай украінкі – дачкі сваёй роднай зямлі, якой жыватворна прысвячала ўласнае жыццё і ідэі. Іх лёсы і дзейнасць цесна звязаныя, час творчай рэалізацыі прыпаў на складаны перыяд стварэння беларускай і ўкраінскай дзяржаў.

Ciotka-Liesia_U-1.jpg

Зборнік лепшых твораў дзяячак дзвюх братніх краін убачыў свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Аўтарамі ідэі выступілі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта і першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Башняк. З’яўленне зборніка было актыўна падтрымана Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Валынскім нацыянальным універсітэтам імя Лесі Украінкі. У выніку, атрымалася годнае падарункавае выданне з выдатным дызайнерскім афармленнем, і гэта толькі тое, што кідаецца ў вочы на першай хвіліне азнаямлення.

Не кажучы пра знешнюю прывабнасць кнігі, якасную паперу, вокладку, якая захаваецца на доўгія часы, звернем увагу на сур’ёзнасць стаўлення да раскрыцця самой сутнасці асоб праз старонкі зборніка. Выданне “Акрыленыя родным словам” аздоблена дакладнымі і грунтоўнымі біяграфічнымі артыкуламі пра кожную з аўтарак, успамінамі сучаснікаў, выказваннямі літаратуразнаўцаў і дзеячаў культуры. Лёсы абедзвюх пісьменніц раскрываюцца паралельна: кніга зроблена такім чынам, што на кожным развароце адна старонка распавядае пра Алаізу Пашкевіч, а другая – пра Лесю Украінку. Прычым адразу на дзвюх мовах – беларускай і ўкраінскай. Акрамя таго, што выданне тым самым падкрэслівае яднанне двух народаў паміж сабой, яно робіць лейтматыўны акцэнт на кангеніяльнасці, якая тады вітала ў паветры над Беларуссю і Украінай.

Лёсы паэтак пастаянна перакрыжоўваліся. То адной з-за хваробы блізкага чалавека выпадае прыехаць у Мінск, які падорыць Лесі Украінцы трагічную “гісторыю кахання і вечнасці”. То другую лёс прымушае ехаць у Львоў, каб не патрапіць пад арышт за свае ідэі, што пазней абарочваецца ва ўкраінскім горадзе Жоўкве выданнем зборнікаў “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”. Але ж наканавана сустрэцца ім было толькі ў ХХІ стагоддзі, у юбілейны 2021 год, на старонках грунтоўнага выдання.

Як было адзначана вышэй, акрамя твораў, кніга змяшчае шматлікія каштоўныя матэрыялы, якія даюць яскравае прадстаўленне аб паэтках. Кожная паўстае перад чытачом не бронзавым помнікам, а найперш чалавекам. У раздзеле “Неўвядальны цвет нацыі” прадстаўлены цытаты дзеячаў культуры розных часоў. Двухмоўе кнігі дае магчымасць зразумець чытачам дзвюх краін, як і чым жылі пісьменніцы і, галоўнае, наколькі ж яны былі рознымі: самабытныя, каларытныя, кожная са сваімі жыццёвымі шляхамі, каляінамі, выпрабаваннямі.

Ciotka-Liesia_U-3.jpg

У гэтым рэчышчы важна сказаць, што калі Леся Украінка – прызнаны геній украінскай і нават еўрапейскай паэзіі, то, на жаль, час наклаў на Алаізу Пашкевіч - “Цётку ўсіх беларусаў” –  пэўныя стэрэатыпы. Часта ў беларускім літаратуразнаўстве можна сутыкнуцца з выказваннямі аб яе неспрактыкаванасці як творцы, неталенавітасці, аднатыпнасці, нелагічнасці і з іншымі інсінуацыямі падобнага кшталту. Дзякуючы такому выданню, як “Акрыленыя родным словам”, можна быць упэўненым, што наступнае пакаленне чытачоў абміне падобныя прымхі мінуўшчыны і пабачыць нашу паэтку ў свежых, цёплых фарбах. У раздзеле “Неўвядальны цвет нацыі” дапытлівы чытач прааналізуе водгукі людзей, якія ведалі Алаізу Пашкевіч асабіста, добрыя і аб’ектыўныя словы літаратараў, навукоўцаў пра яе значнасць і важнасць яе творчасці для нашай краіны.

Так, літаратура не была адзінай і асноўнай дзейнасцю Цёткі – яна прысвячала сябе цалкам асвеце, што ўваходзіць і ў яе літаратурны ўнёсак таксама. Да таго ж калі яна нешта рабіла, то рабіла самааддана і цалкам кіруючыся сваёй мэтай. Як жанчына адукаваная, начытаная, якая ведала скарбы не толькі суседніх, але і сусветных літаратур, валодала мовамі, вандравала па свеце, яна эксперыментавала ў літаратуры так, як не дазвалялі сабе іншыя аўтары таго перыяду, маючы цвёрдую веру ў тое, што беларусы мусяць быць адукаваным і культурным народам. Эксперыментавала з жанрамі, удакладняла і ўзбагачала беларускую мову, якая ў той час не з поўнай ўпэўненасцю стаяла на нагах, імкнулася праявіць сябе ў новых, не характэрных для іншых аўтараў літаратурных напрамках – па сутнасці, была адным з першых беларускіх мадэрністаў. Такую характарыстыку Цёткі вельмі трапна атрымалася даць укладальнікам, пры гэтым пакінуць і інтэлектуальную інтрыгу для чытача, захапіўшыся якой, ён зможа пайсці далей па шляху да знаёмства з аўтаркай.

Ciotka-Liesia_U-4.jpg

Аналізуючы раздзел пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніц, хочацца выказаць асобную падзяку загадчыцы адзінага ў нашай краіне Музея Алаізы Пашкевіч (Цёткі) Але Балобан, бо менавіта яна стала адказнай за аповед пра біяграфію беларускай паэткі. Шмат гадоў яна прысвяціла музею, і гэта бачна па артыкуле: трапны, цікавы, насычаны любоўю і павагай да таленавітай зямлячкі. Біяграфія і творчы шлях Алаізы Пашкевіч пададзены вельмі дакладна, што нават у наш час з’яўляецца рэдкасцю: занадта ж шмат спрэчных пытанняў пакінула Цётка пасля сябе. Але ж пад рукой спецыяліста звесткі ператварыліся ў дасціпны, якасны і захапляльны аповед пра нашу гераіню, што натхняе патэнцыяльнага чытача да знаёмства з творчасцю ўнікальнай для нашай культуры жанчыны-пісьменніцы. Цудоўна акцэнтуецца ўвага на ўкраінскім перыядзе жыцця Цёткі, які стаў важным не толькі ў яе творчай рэалізацыі, а таксама для прасоўвання беларускай культуры як сусветнага скарбу і з’яўлення цікаўнасці да яе і да беларусаў у свеце. Бо для Іларыёна Свянціцкага, аўтара кнігі “Адраджэнне беларускага пісьменства”, Цётка была асноўнай крыніцай інфармацыі, гатовай распавесці і вершы на памяць, і растлумачыць адметнасці беларускай культуры. Звяртаецца ўвага на яе “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, менавіта з якога за нашай славутай зямлячкай замацаваўся псеўданім Цётка, на яе тэатральнай дзейнасці – імкненні стварыць сапраўдны беларускі тэатр як трыбуну для беларускага слова і сродку асветы беларускага народа, на яе падыход і стаўленне да людзей у цэлым, на ўменне натхняцца ўсім вакольным светам, не губляючы пры гэтым свайго роднага, беларускага, пакідаючы такім чынам добры прыклад для нашчадкаў.

Ciotka-Liesia_U-5.jpg

Для кнігі-візітоўкі пра дзвюх выбітных дзяячак сваіх краін падбор твораў грунтоўны, але без перабольшвання. Узяты сапраўдныя перліны іх творчасці, прычым менавіта паэтычнай, пакінута магчымасць для вырашэння пытання “Як жа аўтаркі рэалізоўваліся ў іншых сваіх творчых спробах, напрамках?”. Становіцца зразумела, што кожная з паэтак – прамы доказ таго, што народ, які мае паэзію такой сілы, здольны ўзняцца да самых вяршынь свайго культурнага развіцця. Кажучы пра Цётку, хочацца адзначыць важнасць неўключэння ў кнігу верша “Мужыцкая доля”, які яшчэ ў 40-я гады мінулага стагоддзя быў памылковы прыпісаны аўтарцы і працягваў ісці за ёй са зборніка ў зборнік да нашага часу.

Як і загадвала свайму народу і нашчадкам Алаіза Пашкевіч: “На вас – моладзі – ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родну мову, узбагачываць свой народ знаннем і культурай”. Нашай пісьменніцы, як і лірычнаму герою яе паэзіі, быў неабходны няспынны рух, пазнанне іншых культур, збіранне новых прыкладаў таго, што ў свеце магчыма ўсё. Менавіта такой яе зможа ўбачыць пры дапамозе кнігі “Акрыленыя родным словам” як беларус, так і ўкраінец. Важна, прыемна і выклікае гонар тое, што запаветы непаўторнай і адметнай “Цёткі ўсіх беларусаў” працягваюць выконвацца, чаму прыкладам і гэтае выданне.

Аўтар публікацыі: Дарыя Карчашкіна.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам