ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Канферэнцыя “Віцебскі край”, прысвечаная Году гістарычнай памяці
Секцыя “Духоўная асвета праз дзейнасць бібліятэк”

Адкрыццё Беларусі праз фальклор з выдатным фалькларыстам, этнографам, публіцыстам Аляксандрам Сержпутоўскім

Адкрыццё Беларусі праз фальклор з выдатным фалькларыстам, этнографам, публіцыстам Аляксандрам Сержпутоўскім
Іншыя навіны

Шкада, што не выходзяць на беларускім матэрыяле кнігі кшталту «Крылатыя словы і выслоўі», як гэта практыкуецца, напрыклад, у Расіі. Карысць ад іх была б вялікая. Асабліва калі сабраны выказванні знакамітых пісьменнікаў, навукоўцаў, знаных прадстаўнікоў іншых галін творчасці, а таксама навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў.

У шмат каго з іх можна напаткаць выразы, якія даўно набылі вядомасць, а асобныя настолькі папулярныя, што ўспрымаюцца як народныя. А паколькі такіх кніг у нас няма, нярэдка сам знаходзіш тую ці іншую вобразную жамчужыну. Часам гэта адбываецца выпадкова. Цікава яшчэ і тое, як нечакана даведваешся пра паходжанне таго, што чуў неаднойчы, бо яно даўно стала прымаўкай.

Так атрымалася са мною, калі не адзін дзясятак гадоў назад трапіў мне ў рукі зборнік «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Выданне гэтае даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю, паколькі пабачыла свет яшчэ ў 1911 годзе. Кніга цікавая ўжо тым, што гэта першы з трох зборнікаў вусна-паэтычных твораў беларускага народа, запісаных выдатным фалькларыстам, этнографам, публіцыстам Аляксандрам Сержпутоўскім.

Чытаючы яго, атрымліваеш тую дзівосную эстэтычную асалоду, без якой не абысціся, калі знамішся з аўтэнтычным фальклорам. А зборнік гэты, хоць і не вельмі аб’ёмны, – сапраўдны скарб вусна-паэтычнай творчасці. Ён умясціў у сябе 80 казак ці твораў, блізкіх да іх па змесце. У іх шчодра паўстае фантазія народа, адчуваецца смелы палёт думкі, прываблівае вобразная насычанасць мыслення тых безыменных аўтараў, якія некалі гэтыя сюжэты перадавалі з пакалення ў пакаленне. І, безумоўна, апавядальнікаў, дзякуючы якім найлепшыя ўзоры гэтага жанру не згубіліся ў імклівай плыні часу. А іх прозвішчы Аляксандр Казіміравіч заўсёды называе. Атрымліваецца, кожная казка ў пэўнай ступені і аўтарская.

Асабліва зацікавіла мяне адна з іх – «Кузьма», якую Аляксандру Сержпутоўскаму паведаў вядомы казачнік Іван Азёмша. Твор гэты павучальны, з вялікім выхаваўчым эфектам, у нечым нават прыхавана дыдактычным. Сюжэт, праўда, асаблівай арыгінальнасцю не вызначаецца. У аснове – гісторыя з паўсядзённага сялянскага жыцця.

Але гэтага дастаткова, каб задумацца, як яно дае важныя ўрокі таму, хто не прывык шанаваць старэйшых, а ў сваёй ўсёдазволенасці даходзіць да таго, што не слухае нават роднага бацьку.

Жыў селянін, Кузьмой якога звалі. Чалавек спакойны, добры, а ў нечым і слабахарактарны. На такіх часам глядзяць пагардліва, не заўсёды ўспрымаюць усур’ёз. Так атрымалася і з Кузьмой. Спачатку жонка яго абражала як магла. Ды і сын, беручы з яе прыклад, да блізкага яму чалавека ставіўся як да кагосьці чужога ў хаце. А маці яшчэ падвучыла яго не бацькам зваць, а па імені. Кузьма ж з-за свайго пакладзістага характару звыкся. Іначай да гэтага адносіліся суседзі. Параілі ўсур’ёз узяцца за выхаванне жонкі і асабліва сына. Маўчыць Кузьма, разумее, што яны толькі дабра яму жадаюць. Ды ніяк не асмельваецца паставіць на месца і жонку, і сына.

Хто ведае, колькі б гэта працягвалася, калі б не паехаў неяк з ім па сена. А стагі знаходзіліся на балоце, ведама якая дарога. Калі вярталіся дамоў, воз, на якім ехаў сын, перакуліўся, падмяў яго пад сябе. Як ні стараўся ён, вылезці не мог. Пачаў прасіць: «Кузьма, падымі воз, а то загіну». Маўчыць бацька, нібы яго гэта і не тычыцца. Дастаў люльку, выняў з кішэні капшук з тытунём і курыць спакойна. «Ляжы, – думае, – калі не хочаш мяне бацькам назваць». А сын ужо ледзь жывы. «Кузьма!» – з апошніх сіл крыкнуў ён і тут жа спахапіўся: «Бацька, падымі воз!»

Што адбылося далей, цытую па арыгінале: «Рад Кузьма, што сын назваў бацькам, падняў воз і аслабаніў сына. Падняўся дзяцюк, абтрапаў снег ды й кажэ: “На свеце ўсё нажывеш і Кузьму бацькам назавеш”. От з тае пары й пайшла прыказка, што на свеце ўсяго нажывеш і Кузьму бацькам назавеш».

Каб прывесці гэтую цытату, шукаць рарытэтны зборнік «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» 1911 года не было неабходнасці. Толькі што ў серыі «Беларускі кнігазбор», што апошнім часам выходзіць у выдавецтве «Беларуская навука», пабачыў свет аднатомнік «Выбранае» Аляксандра Сержпутоўскага (укладанне і каментарый Уладзіміра Касько і Кастуся Цвіркі). Яго адкрываюць матэрыялы з гэтай адной з найважнейшых яго прац.

Хоць, калі разабрацца, у творчасці Аляксандра Казіміравіча нічога выпадковага не было. Ён працаваў мэтанакіравана і плённа (на яго рахунку – 45 друкаваных прац), адкрываючы Беларусь праз багаты нацыянальны фальклор, пры гэтым, як сведчыць кандыдат філалагічных навук Уладзімір Касько, «характэрнай рысай Сержпутоўскага-вучонага было тое, што ён умела спалучаў у сваёй працы акадэмічнае даследаванне з надзённымі задачамі, праблемамі будаўніцтва беларускай нацыянальнай культуры. Шырокае кола навуковых інтарэсаў, актыўная грамадзянская, жыццёвая пазіцыя – усё гэта паставіла Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага ў першыя шэрагі выдатных беларусазнаўцаў, якімі па праве ганарыцца народ».

Уладзімір Касько даўно займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Аляксандра Сержпутоўскага, аб чым сведчыць яго кніга «Святло далёкай зоркі» (ёсць, дарэчы, і даследаванне Васіля Бандарчыка і Анатоля Фядосіка «А. К. Сержпутовский»), перавыданне ў беларускіх выдавецтах — колішнім «Універсітэцкае» і «Вышэйшая школа» – некаторых яго прац, а да «Выбранага» ён напісаў прадмову «З думай пра Беларусь».

Як таго і вымушаюць уступныя артыкулы, гэта – сціслая жыццёвая і даследчыцкая біяграфія аднаго з тых, чыя «літаратурная, асветніцкая, навуковая спадчына з’яўляецца каштоўнай крыніцай пазнання духоўнай і матэрыянальнай культуры беларускага народа». Аднак чытач, які хоча ведаць пра Аляксандра Сержпутоўскага як мага больш, усё ж спатоліць сваю прагу пазнання як навукоўца. Шмат дадуць і згадкі, прыведзеныя ў прадмове.

Прынамсі, інфармацыя пра рукапісны зборнік «Пословицы и поговорки белорусов». Ён стаў вынікам шматгадовай працы Аляксандра Казіміравіча над збіраннем і запісам прыказак, прымавак, выслоўяў і іншых жанраў народнай фразеалогіі. Наколькі была праведзена вялікая збіральніцкая работа, сведчыць тое, што ў яго ўвайшло 10 тысяч тэкстаў. Ды яшчэ дадатак, а гэта 158 старонак машынапісу, у якім прыводзіліся значэнне асноўных слоў і выразаў. Аддзяленне этнаграфіі Расійскага геаграфічнага таварыства за гэты зборнік прысудзіла Аляксандру Сержпутоўскаму малы залаты медаль, а Інстытут беларускай культуры збіраўся выдаць яго ў 1926 годзе. Аднак ён так і не выйшаў. Па якой прычыне, невядома па сёння. Толькі і твораў, змешчаных у аднатомніку, дастаткова, каб упэўніцца, як шмат зроблена Аляксандрам Казіміравічам па прапагандзе нацыянальнага фальклору. У раздзеле «Казкі і апавяданні», апроч ужо згаданых твораў са зборніка 1911 года выдання, прадстаўлены і «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета». Ёсць таксама раздзелы «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» і «Этнаграфічныя нарысы, артыкулы».

Кожны з іх цікавы, у кожным прысутнічаюць арыгінальныя творы. Але этнаграфічныя матэрыялы вылучаюцца асаблівай навізной. Між іншым, у свой час з імі Аляксандр Сержпутоўскі выступаў у часопісе «Живая старина» і іншых навуковых выданнях Расіі, з’яўляючыся пастаянным аўтарам рубрыкі «Очерки Белорусии». Пісаў па-руску, але, каб чытач атрымаў найбольш поўнае ўяўленне, як гучыць у арыгінале пэўнае паняцце, назвы падаваў па-беларуску. Дзякуючы яму, ва ўжытак увайшлі дагэтуль невядомыя расійскім навукоўцам, а тым больш прыхільнікам беларускай даўніны за яе межамі, паняцці «сябрына», «бонда», «талака», што сталі назвай асобных публікацый.

Нарыс «Сябрына» – першы з гэтай серыі, быў апублікаваны ў «Живой старине» ў трэцім выпуску за 1907 год. У ім Аляксандр Сержпутоўскі паведаў пра старажытныя традыцыі беларусаў-палешукоў гістарычнай Случчыны, дарэчы, сваёй малой радзімы – нарадзіўся ён у вёсцы Бялевічы Слуцкага павета. Пры гэтым не пагадзіўся з Іванам Насовічам, які сцвярджаў, што ў беларускай мове слова «сябрук» нічым не адрозніваецца ад блізкага яму «сябра».

На думку Аляксандра Казіміравіча, «сябра» – чалавек, роднасны каму-небудзь па духу. У асобных выпадках ён можа быць нават бліжэйшы за родзіча. «Сябрына» выкарыстоўвалася ў тых выпадках, калі якую-небудзь справу лепш весці сумесна. Найбольш характэрны прыклад бачыў у пчалярстве, на той час вельмі распаўсюджаным на Палессі.

Рой пчол часам пералятае ад гаспадара да гаспадара. Сяляне пры гэтым не спрабавалі абавязкова вярнуць іх назад. Наадварот, пачыналі сумесна займацца бортніцтвам, бо, па мясцовых павер’ях, падобныя пералёты — праяўленне Боскай ласкі. Да пчалы палешукі таксама ставіліся як да свяшчэннай істоты.

На Палессі Аляксандр Сержпутоўскі даведаўся і пра звычай, звязаны з пчоламі, які ў іншых рэгіёнах Беларусі не напаткаеш. Пры стварэнні новай сям’і маладым дарылі вуллі. Тым самым сябрына яшчэ больш умацоўвалася. Тыя, хто меў да яе дачыненне, з асаблівай павагай ставіліся адзін да аднаго і ў гаворцы звярталіся толькі на «вы». Калі ўзнікала неабходнасць, прыходзілі на дапамогу. Ніколі не сварыліся, таму што сваркі, звягі ўспрымалі вялікай ганьбай.

Сябрамі станавіліся і тады, калі ад кароў, авечак ці кабылы, падораных у час вяселля, з’яўляўся прыплод. Узрадаваныя сяляне прамаўлялі: «Ідзе ў руку!» Тыя палешукі, якія былі найбольш кампанейскія, а па характары добрыя, стараліся займець паболей сяброў. Пра выгоду не думалі, але яе ўсё ж атрымлівалі, бо сябра сябар ніколі не пакідаў у бядзе. Таму і з’явіліся такія прыказкі, як «Шмат сваіх, ды чорт на іх, а сябар – божы сваяк», «Не май асьмякоў, а май лепш сяброў – неяк пражывеш і з голаду не памрэш».

Па-свойму паставіўся Аляксандр Казіміравіч і да паняцця «талака». Ён аспрэчыў меркаванне Уладзіміра Даля, што «талака – работа грамадой за пачастунак». Праца талакой, у чым ён неаднаразова пераконваўся, праводзілася бескарысліва і бясплатна. Звычайна ёю сяляне карысталіся, калі неабходна было зрабіць тое, плёнам чаго карысталася ўся грамада. Талакой капалі студні, будавалі лазні, узводзілі плаціны, насыпалі грэблі. У гэты час прыглядаліся да чалавека. Хацелі ўпэўніцца, наколькі ён рупны, працалюбівы. Пасля стаўленне да кожнага было адпаведнае. У прыватнасці, як сцвярджаў Аляксандр Сержпутоўскі, «лёс беларускай дзяўчыны ў большасці выпадкаў залежаў ад таго поспеху ў працы, якім яна зарэкамендавала сябе ў талацэ».

Аднак і ён, не згаджаючыся з Уладзімірам Далем, усё ж мусіў прызнаць адзінкавы выпадак талакі за пачастунак. Гэтую бескарыслівую традыцыю парушалі паны, калі ім трэба было ў сваіх інтарэсах прыцягнуць сялян на якую-небудзь важную работу. Пасля завяршэння тыя, хто аказаў помач, шчодра аддзячваліся гарэлкай.

Расказаў Аляксандр Казіміравіч і яшчэ пра адзін звычай, які па сёння не страціў сваёй адметнасці. Называецца ён «бонда». Звязана гэтая традыцыя была з тым, што палешукі ахвотна дзяліліся рыбай, мёдам, мясам і іншымі здабыткамі сваёй працы з суседзямі, а то і проста аднавяскоўцамі. Гэта і называлася «бондай». Былі ўпэўнены, што калі забудуць пра бонду, ці, інакш кажучы, бондачку, то іх напаткаюць розныя напасці. Бондай адорвалі не толькі адзін аднаго. Заўсёды стараліся накарміць бадзяжную жывёлу, памятаючы: «Бог дае на ўсіх долю. І сабаку давай кавалак хлеба – можа, не пра чыю ласку жывём». Аляксандр Сержпутоўскі меркаваў, што пачатак «бонды» – у сівой даўніне, калі людзі жылі яшчэ абшчынай. Ён сустракаў на Палессі тых, хто бясплатна апрацоўваў зямлю сялянам-беднякам. Такія дабрадзеі дзяліліся апошнім, калі ў суседа быў неўраджай ці не хапала хлеба да новага.

З этнаграфічных матэрыялаў – пазнавальны «О завитках в Белорусии». Па-беларуску – залом, завітка, закрутка. Так называлі пук заблытаных, заламаных ці завязаных вузлом сцяблоў жыта альбо травы на сенажаці. Гэта ўспрымалася закляццем, ад якога, каб не мець непрыемнасцей, трэба абавязкова пазбавіцца. Дарэчы, у пісьменніка Лявона Лобіка з Капыльшчыны ёсць апавяданне «Залом у жыце», чаго Аляксандр Казіміравіч, канешне, ведаць не мог. Але гэты факт таксама сведчыць на карысць таго, што ён пільна прыглядаўся да жыцця беларускага народа, адлюстроўваў, якое, распаўсюджанае ў пэўнай мясцовасці, аднак характэрнае і для іншых рэгіёнаў.

Аляксандр Сержпутоўскі сапраўды жыў і працаваў з думай пра Беларусь. Пры гэтым памятаў, што больш упэўнена можна глядзець у дзень заўтрашні, добра ведаючы сваё мінулае. Сімвалічна, што яго «Выбранае» з’явілася ў серыі «Беларускі кнігазбор» у Год гістарычнай памяці. Яно таксама адказвае на пытанне, хто і адкуль мы.

Аўтар публікацыі: Язэп Літвіновіч.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам