ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
WARSTORY.BY. Пакаленне міру пра вайну і мір
Спартакіяда работнікаў культуры і мастацтваў

Адбор будзе строгі

Адбор будзе строгі
Іншыя навіны

Вынікі Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю Вялікай Перамогі, падвялі ў сталічным Доме літаратара.


Акрамя таго, Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам культуры, Міністэрствам адукацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі распрацаваны праект рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”. Пра гэтыя творчыя спаборніцтвы – гутарка з першым сакратаром СПБ Генадзем Пашковым.

– На суд журы першага конкурсу было прадстаўлена больш як 100 тэкстаў самых розных жанраў – проза, паэзія, творы для дзяцей, публіцыстыка, драматургія, літаратуразнаўства. Аўдыторыя найшырэйшая: ад прафесійных пісьменнікаў, у тым ліку старэйшын айчыннай літаратуры Алеся Савіцкага, Мікалая Іванова, Уладзіміра Федасеенкі, да пачаткоўцаў – студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (выдалі нават тэматычныя альманахі) ды школьнікаў. Так, навучэнка гродзенскай гімназіі № 9 Кацярына Зайцава напісала літаратуразнаўча-філасофскую працу па творчасці Алеся Савіцкага, а Дар’я Мартусевіч і Яна Маркевіч са смаргонскай сярэдняй школы № 3 прадставілі краязнаўчае даследаванне “Іх імёнамі названы вуліцы г. Смаргоні”, праведзенае пад кіраўніцтвам настаўніцы Галіны Мінкевіч. Увогуле, цікава было прачытаць, як маладыя сучаснікі глядзяць на падзеі, што адбыліся больш як сем дзесяцігоддзяў таму.

– Хто стаў лепшым сярод літаратараў-прафесіяналаў?
– Акрамя ўжо названых Алеся Савіцкага і Уладзіміра Федасеенкі – Уладзімір Гніламёдаў, Віктар Кудлачоў, Георгій Марчук, Тамара Краснова-Гусачэнка, Сяргей Трахімёнак, Зінаіда Дудзюк, Алесь Марціновіч, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Вялічка, Іван Юркін, Казімір Камейша ды многія іншыя – усяго больш як трыццаць аўтараў. За вялікую работу па прапагандзе беларускай літаратуры адзначаны загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка ды артыстка эстрады і майстар мастацкага чытання Зінаіда Феакцістава.

– Па якіх крытэрыях журы вызначала пераможцаў конкурсу?
– Журы на чале з пісьменнікам, прафесарам, доктарам філалагічных навук Іванам Саверчанкам асаблівую ўвагу звяртала на мастацкасць твораў, грамадзянскую пазіцыю канкурсантаў і адпаведнасць твора гістарычнай праўдзе.

– Ці ладзіліся падобныя конкурсы раней?
– Так, але яны мелі больш лакальны характар. А такое маштабнае творчае спаборніцтва адбылося ўпершыню.

– Нацыянальная літаратурная прэмія. Што гэта за праект?
– Раней мы рэгулярна праводзілі рэспубліканскі конкурс на лепшы твор года. Пераможцам уручаліся статуэткі “Залаты Купідон” і дыпломы. А пачынаючы з бягучага года замест творчага спаборніцтва будзе праводзіцца новае, якое і атрымала назву “Нацыянальная літаратурная прэмія”. Праект скіраваны на падтрымку развіцця айчыннай мастацкай літаратуры для дарослых, дзяцей і юнацтва, розных жанраў пісьменніцкай творчасці – паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама на папулярызацыю кніг і чытання ў грамадстве. Побач з конкурснымі намінацыямі з’явілася новая – “Дэбют”, для пачаткоўцаў, якія заявяць пра сябе не толькі кнігамі, але і адметнымі публікацыямі.

– Чым яшчэ будзе адметны новы конкурс?
– У мінулыя гады ў кожнай намінацыі вылучалася па тры прэміі, цяпер – толькі па адной. Гэта значыць, што крытэрыі значна павысяцца і адбор будзе вельмі строгі. У аргкамітэт конкурсу ўвойдуць прадстаўнікі трох міністэрстваў – інфармацыі, адукацыі, культуры, – а таксама Саюза пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкага дома “Звязда” і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адбіраць творы будуць экспертная камісія і журы конкурсу. А ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў пройдзе, як і раней, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

Аўтар публікацыі: Яна Явіч.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 12.06.2015.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам