ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Светлы дар
Праект “Віртуальны тур”

Адам Русак. Песняй шчырай, вершам сонечным

Адам Русак. Песняй шчырай, вершам сонечным
Іншыя навіны

Бадай, не знойдзеш таго, хто б не быў знаёмы з песняй «Бывайце здаровы». Яна даўно стала народнай. Далёка не ўсе ведаюць, што словы яе напісаў вядомы беларускі паэт-песеннік Адам Русак, а на музыку іх паклаў не менш вядомы кампазітар Ісак Любан.

Хоць асабліва здзіўляцца не трэба. Даволі часта асобныя творы жывуць як бы самастойна ад іх стваральнікаў. А тут выпадак, можна сказаць, выключны.

1 студзеня 1937 года тэкст гэтага верша (тады І. Любан музыку яшчэ не напісаў) надрукавала ўсесаюзная газета «Правда». Пад ім была прыпіска: «Запісана са слоў тав. Русака ў калгасе «Чырвоны араты» Капыльскага раёна Беларускай ССР». З таго часу так сцвярджалася і ў іншых аўтарытэтных выданнях. Народным гэты твор лічыў і выдатны знаўца фальклору, цудоўны рускі паэт Аляксандр Твардоўскі.

Падобнай думкі прытрымліваўся і Міхаіл Ісакоўскі, першы перакладчык верша. А паколькі гэта фальклорная апрацоўка, палічыў ён, пераклад можна ўключаць у свой Збор твораў без агаворкі аўтарства. Пазней ён папрасіў у А. Русака прабачэння. Сёння ж «Бывайце здаровы» выконваюць ва ўсім свеце. Гэтая песня стала і як бы музычнай візітоўкай Беларусі.

Рэдка якому творцу выпадае такая слава, як А. Русаку. На жаль, новае пакаленне ўжо і няшмат ведае пра яго, а лёс жа ў Адама Герасімавіча надзіва цікавы. Каб лепш спазнаць яго, спачатку трэба зазірнуць у сярэдзіну пазамінулага стагоддзя. Тады, пасля доўгай службы ў царскім войску, у родную вёску Пясочнае (цяпер Капыльскі раён) вярнуўся салдат Сямён Русак. Быў ён ужо немалады. Хто ведае, як бы склалася ягонае жыццё, калі б не завітала ў вёску маладая цыганка. Ці не лёсам было наканавана ёй зайсці менавіта ў хату С. Русака?! Прапанавала Сямёну паваражыць. Той, магчыма, і не пагадзіўся б, бо заплаціць за варажбу не было чым. Але вочы цыганкі – чорныя, вялікія – куды больш заваражылі яго, чым нейкія развагі аб заўтрашнім дні.

Хутка і вяселле згулялі. Нарадзілася ў С. Русака і яго маладой жонкі чацвёра сыноў. Усе гэткія смуглявыя, прыгожыя, як і іх маці. У Пясочным і яго ваколіцах іх празвалі цыганкі. Найбольш таленавітым сярод іх быў Герасім. Здавалася, немагчыма знайсці музычнага інструмента, на якім бы ён ні граў. Прагу да музыкі перадаў сваім дзецям, у тым ліку і старэйшаму сыну Адасю, які потым і стаў паэтам-песеннікам.

Адам Герасімавіч (нарадзіўся 24 мая 1904 года ў Пясочным) успамінаў: «Чароўны голас скрыпкі глыбока запаў у маю душу. Скрыпка стала маёй марай з малых дзён. Я часта браў бацькаву скрыпку і сам падбіраў полечкі і кадрылі, а потым з бацькам граў вяселлі і вечарынкі». Музыкам стаў і Адасеў брат Кастусь. Хутка пра сямейнае трыа Русакоў загаварылі на ўсёй Капыльшчыне. Нават прымаўка з’явілася: «Няма цыганкоў – няма і вяселля». Сам А. Русак пра гэта так сказаў у адным са сваіх вершаў:

Без мяне сумуюць госці,
І ўсё гэта нездарма,
Бо ў вяселлі весялосці
Без мяне нідзе няма.

З маленства марыў атрымаць музычную адукацыю. Але паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум. Пазней з усмешкай прызнаваўся: «Тэхнік з мяне не выйшаў. Я болей хадзіў у тэатры і рэстараны слухаць музыку, чым сядзеў над чарцяжамі, і неўзабаве пакінуў тэхнікум. Едучы ў Мінск, я марыў дзе-небудзь вучыцца музыцы, але і тут у той час не было музычных школ».

У 1930 годзе ўсё ж скончыў Мінскі музычны тэхнікум. Адразу вырашыў працягнуць вучобу, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Паступіў у Ленінградскую кансерваторыю. Адначасова стаў салістам сімфанічнага аркестра Малога опернага тэатра. Кожнае лета прыязджаў у родныя мясціны. Сустракаўся з сябрамі ў Пясочным, а потым кіраваўся ў Малінаўку – гэта непадалёку, кіламетры два, дзе бацькі прыдбалі сабе новую хату.

Асабліва радавалася прыезду сына маці Марыля Ігнатаўна. Яна мела цудоўны голас. Часам, сеўшы на прызбу, хораша спявалі са старэйшым сынам. Калі ехаў яе любімы Адаська ў Ленінград, прасіла: «Сынку, хоць напішы колькі слоў па вяртанні».

Ён на той час ужо не толькі захапляўся музыкай і паэзіяй, але і сам пісаў вершы. Першы з іх «Мая песня» апублікаваў у часопісе «Чырвоны сейбіт» яшчэ ў 1927 годзе падчас вучобы ў музычным тэхнікуме. Неяк, вярнуўшыся ў Ленінград, успомніў матчыну просьбу і вырашыў адказаць бацькам вершаванымі радкамі:

Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
А я ўжо прыехаў
Да дому, дахаты.

Першым выканаўцам гэтай песні (а верш менавіта так і ўспрынялі землякі А. Русака) стала Марыля Ігнатаўна. Потым заспявалі яе і іншыя вяскоўцы. Пазней трэці радок крыху змянілі: «А мы ўжо паедзем да дому, дахаты». Між іншым, слынны даследчык беларускага фальклору Іван Цішчанка песні «Бывайце здаровы» прысвяціў кніжку «Жыццё песні» (1984). Ён першым і назваў гэты твор «своеасаблівай карткай беларускага народа, яго песеннага мастацтва». Адшукаў і некалькі ваенных варыянтаў песні «Бывайце здаровы», калі сам народ уносіў у яе тэкст змены, выказваючы нянавісць да фашысцкіх захопнікаў.

Сярод першых выканаўцаў была Ларыса Александроўская. Часта спяваў яе і народны артыст СССР Леанід Уцёсаў. Ён выканаў «Бывайце здаровы» і ў фільме «Канцэрт – фронту» з ваеннымі куплетамі. Пазней прывабіў гэты твор А. Русака Іосіфа Кабзона, знакамітых «Песняроў». У наш час па матывах твораў Адама Герасімавіча Зміцер Вайцюшкевіч падрыхтаваў цэлую праграму.

«Бывайце здаровы» – вяршыня творчасці А. Русака. А ўсяго на яго мастакоўскім рахунку не адна сотня песень. Некаторыя вершы на музыку пакладзены нават двума, трыма, а то і шасцю кампазітарамі. Сярод песень А. Русака – такія, як суровая «Лясная песня» і ўзвышана-лірычная «Беларусь – мая Радзіма», музыку да якіх напісаў Уладзімір Алоўнікаў. «З другам» і «Дняпро» – плён садружнасці з Юрыем Семянякам. Ігар Лучанок стварыў музыку да верша «Дзе ты, зорка мая прамяністая». З А. Русаком супрацоўнічалі Пётр Падкавыраў, Дзмітрый Лукас, Аляксей Туранкоў, Яўген Цікоцкі, Генадзь Цітовіч, Ігар Кузняцоў, Канстанцін Паплаўскі і іншыя кампазітары.

Верш «Бульба» паклаў у аснову аднайменнай харэаграфічнай кампазіцыі лаўрэат Ленінскай прэміі, кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца СССР Ігар Маісееў. У крыху жартаўлівай форме быў перададзены сам працэс вырошчвання гэтай папулярнай сельскагаспадарчай культуры. Дарэчы, І. Маісееў у 1952 годзе паставіў вакальна-харэаграфічную карцінку «Як той Зосі давялося», па-свойму прачытаўшы адзін з вершаў А. Русака.

Вершы Адама Герасімавіча (як уласна паэтычныя творы, так і тыя, што пакладзены на музыку) неаднаразова перавыдаваліся: «На родных палетках» (1948), «Песні і вершы» (1951), «Толькі з табою» (1960), «Выбранае» (1972), іншыя зборнікі. Як і пераважная большасць паэтаў, А. Русак не забываў і пра дзяцей, аб чым засведчылі ягоныя кніжкі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981) і «Дружбакі» (1987).

Важны аспект у творах, што ўвайшлі ў іх, – аўтарскае жаданне прывіць дзецям любоў да Бацькаўшчыны. Такую мэту мае і верш «У Буслаўцы». Відаць, паэт падразумяваў Малінаўку, у якой па сёння захавалася хата, дзе ён у апошнія гады свайго жыцця любіў бываць летам (памёр 21 сакавіка 1987 года). Каб адпачыць, адысці ад гарадскога тлуму. А чаму для верша выбраў менавіта Буслаўку – гэта адзін з сакрэтаў яго творчасці:

Ніхто не знае таго дзеда,
Ніхто яго не ўспамянуў,
Што ў незапамятнае лета
Прыйшоў у нашу старану.
Што працавітаю рукою
Тут першы хату збудаваў
І нашу вёску над ракою
Калісьці Буслаўкай назваў.

Наколькі проста, настолькі і даходліва. Дзіцятка, пачуўшы ад старэйшых гэтыя радкі, безумоўна, захоча даведацца, адкуль з’явілася такая назва вёскі. А таму, што «з даўным-даўна буслы, бусліцы // Тут гадаваліся, жылі, // Бо ўжо найлепшае сталіцы // На ўсёй акрузе не знайшлі». Слова «сталіца» набывае важкі сэнс. Хлопчык ці дзяўчынка – сумнення няма – запытаюцца ў дарослага, а чаму ж звычайная вёска называецца сталіцай. Тут і трэба ўжо растлумачыць, як любяць птушкі месца, дзе жывуць, гадуюць сваіх дзетак. Тым самым запомняць маленькія і новае для сябе слова. Так А. Русак вырашыў дзве задачы – выхаваўчую і пазнавальную. Дзякуючы, здавалася б, знаёмаму сюжэту.

Адметнасць твораў Адама Герасімавіча для дзяцей і ў тым, што шмат якія з іх напісаны з гумарам. Напрыклад, у вершы «Непаслухмяны Віця». Хлопчыку дома не сядзіцца, ён шукае сабе ўсё новых забаў. І на прыродзе любіць пабываць. Таму «просіць маму, каб пусціла пакупацца ў рэчцы». Тая, занятая сваімі пастаяннымі справамі, вядома ж, баіцца, каб хаця з сынам нічога не здарылася. Заўважыўшы, што ён настойвае на сваім, у роспачы прамаўляе: «Ну, утопішся… тады не прыходзь дамоў».

Маму Віця не падвёў,
Віця не ўтапіўся,
Пакупаўся ды прышоў –
Плаваць навучыўся.

У вершы «Верабей-захопнік» таксама сітуацыя, не сказаць, каб нейкая асаблівая: «Змайстраваў шпакоўню Лёня, // Не шпакоўня – новы дом, // Пачапіў яе на клёне // У садку перад акном». Верабей першым захапіў гэтую хатку і не пускае ў яе шпака са шпачыхай. Хто ведае, чым усё скончылася б, калі б Лёня не стаць «суддзёй» у спрэчцы штушак. Ён шкадуе птушыную сям’ю, таму і гаворыць вераб’ю: «У садку маім павінен // Быць парадак і спакой, // Засяляй сваю кватэру, // Што на хаце пад страхой».

Дыялог у вершах А. Русака набывае важкі сэнс тады, калі маленькі герой у размове з дарослымі ці то адстойвае ўласную пазіцыю, ці то праяўляе кемнасць. Адначасова яму і не чужое пачуццё гумару. Найперш гэта бачна ў вершы «Касманаўт». Сын прызнаецца маці, што робіць ракету і збіраецца ў палёт на зорку. Маці ўдакладняе: «А на небе зорак многа, // На якую паляціш?». І вось адказ:

– Палячу далёка, мама,
Што адгэтуль не відаць,
Да яе, напэўна, будзе
Кіламетраў дзвесце пяць.

Адказ менавіта дзіцячы, непасрэднасць навідавоку. Неабходна быць назіральным, каб так адчуць душу хлопчыка з яго прагай чагосьці невядомага, незвычайнага і разам з тым з уменнем знайсці выйсце з любога становішча. Ты, мама, пытаешся, якую зорку выбраў, а я даўно ўжо ведаю!

Асобныя вершы нагадваюць маналог хлопчыка. У падобным выпадку для аўтара ёсць небяспека збіцца на «даросласць». Тады юныя героі некаторых пісьменнікаў гавораць не тое, што дзетак хвалюе і непакоіць, а прамаўляюць прапісныя ісціны, якія з іх вуснаў хацелася б пачуць самім. У А. Русака ж – сама непасрэднасць, шчырасць.

З твораў для дзяцей А. Русаку найбольш удаўся верш «Рыбакі». У ім таксама ў аднолькавай ступені прысутнічаюць выхаваўчыя і пазнавальныя моманты. Паэт вучыць дзетак любіць родны край, знаёміць іх з дарагімі сэрцу мясцінамі. У дадзеным выпадку з Капыльшчынай. Адбываецца гэта са звычайнага маналогу:

Мы з Міхаськам – дружбакі,
Мы з Міхаськам – рыбакі.
Мы як пойдзем – не мінаем
Ні азёраў, ні ракі.

У рыбацкай справе яны дасведчаныя: «На гарох язёў цягаем, // Акунёў на чарвяка. // І няма другога краю, // Як у нас, для рыбака». Пасля гэтага расказваецца пра рэкі, што цякуюць у тутэйшых мясцінах. Тут і Чапля, і Лоша, і Тур’я… І, канешне ж, славуты бацька-Нёман!

Назаўсёды вярнуўся ў сваё роднае Пясочнае Адам Герасімавіч пасля смерці. Яго магіла – на ўскраі вясковых могілак, пад вялікімі дрэвамі. Крыху далей пахаваны бацькі паэта, яго блізкія. Побач з ім вечны спачын пазней знайшла ягоная жонка.

У Песачанскай сярэдняй школе ёсць музей, прысвечаны паэту. На будынку, а таксама на доме ў Малінаўцы і ў Мінску, у якім жыў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Імя Адама Герасімавіча носяць вуліцы ў Пясочным і Капылі. І працягваюць жыць ягоныя песні. Асабліва «Бывайце здаровы» і «Лясная…», больш вядомая, як «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры». Лёс, якому могуць пазайздросціць нават самыя знакамітыя паэты-песеннікі.

Аўтар публікацыі: Алесь Марціновіч.

Крыніца: Звязда


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам