ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Знаёмства будучых бібліятэкараў са спадчынай Яўгена Хлябцэвіча
ААН для міру і развіцця

Адам Багдановіч: Успамінаў я ўсё сумесна перажытае з любоўю...

Адам Багдановіч: Успамінаў я ўсё сумесна перажытае з любоўю...
Іншыя навіны

Адам Багдановіч і Максім Горкі аднойчы сустрэліся і пасябравалі на ўсё жыццё... Што вабіла, захапляла іх аднаго ў адным? Магчыма, Аляксей Максімавіч цаніў у старэйшым сябры шчырасць, адкрытасць, практычнасць, глыбінна-народную мудрасць і простасардэчнасць (калі ўчынкі і словы не прыкрытыя налётам велікасвецкага лоску і хітрасці), а Адам Ягоравіч бачыў у маладым творцы аднадумца, разумнага, дасціпнага, абазнанага...

Ніжагародскі перыяд жыцця сям’і Адама Багдановіча даследуецца вучонымі, прычым не толькі айчыннымі, не адно дзесяцігоддзе, і чым больш выяўляецца новага, тым большыя далягляды адкрываюцца для далейшых росшукаў.

З мэтай аналізу стану навукова-даследчай і збіральніцкай дзейнасці ў галіне багдановічазнаўства і горказнаўства, а таксама абмену вопытам у галіне музейнай дзейнасці Расіі і Беларусі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча быў праведзены круглы стол. Тэма яго – «Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі» – адкрывае шырокія перспектывы супрацоўніцтва паміж музеямі, магчымасці сумесных праектаў.

З гісторыі музейных стасункаў

Сустрэча беларускіх і расійскіх даследчыкаў не была першым крокам у супрацоўніцтве паміж музеямі абедзвюх краін: яно пачалося яшчэ ў 2-й палове мінулага стагоддзя з тэмы дыялогу «Максім Багдановіч і Мікалай Дабралюбаў».

На працягу пяці гадоў дзейнічае пагадненне, падпісанае паміж тагачасным губернатарам Ніжагародскай вобласці і прадстаўнікамі нашай краіны, а летась на ўзроўні прэм’ер-міністра Беларусі і губернатара Ніжагародскай вобласці было заключана новае пагадненне аб супрацоўніцтве ва ўсіх сферах, уключаючы сферы культуры і культурнай спадчыны.

Падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем А. М. Горкага і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры бачыцца лагічным працягам традыцыі.

Адным з практычных вынікаў супрацоўніцтва сёлета стала прывезеная ў Мінск прадстаўнікамі Дзяржаўнага музея А. М. Горкага выстаўка «Родам з Ніжняга», якая распавядае аб жыцці і дзейнасці вялікага рускага пісьменніка. Цяпер яна рыхтуецца да інсталяцыі. А зусім нядаўна ў фондах музея Горкага быў знойдзены невядомы асобнік зборніка Максіма Багдановіча «Вянок» – зараз супрацоўнікі ўстановы збіраюць інфармацыю пра гэтае выданне для перадачы яе ў музей Максіма Багдановіча.

Летась пабачыла свет кніга-альбом «М. Горкі і А. Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі» («М. Горький и А. Богданович: дружба, рожденная на берегах Волги») (Масква, «Художественная литература»). У выданне ўвайшлі ўспаміны і перапіска Адама Багдановіча з членамі сям’і Максіма Горкага.

Памяць, якую захоўваюць сцены...

«Ёсць небяспека, што правядзенне падобных мерапрыемстваў можа ператварыцца ў нешта фармальнае, – зазначыў падчас адкрыцця круглага стала загадчык музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі. – Але ўжо на этапе падрыхтоўкі сустрэчы мы азнаёміліся з тымі звесткамі, якіх яшчэ не ведалі, атрымалі некаторую інфармацыю, што ўдакладняе біяграфіі Максіма Багдановіча і сваякоў паэта, адрасы, дзе яны жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе».

У Ніжнім Ноўгарадзе і рэгіёне ёсць больш чым 20 аб’ектаў, звязаных з імем Максіма Горкага, якія маюць статус аб’ектаў культурнай спадчыны. Адзін з іх, па вуліцы Звяздзінскай, як высветлілася ў ходзе росшукаў спадчыны пісьменніка, знаходзіцца недалёка ад будынка, дзе адзін час жыў з сям’ёй Адам Багдановіч. На жаль, домік, дзе прайшлі першыя гады шлюбнага жыцця Максіма Горкага (менавіта ён і стаў месцам, дзе ў 1896 годзе пазнаёміліся Аляксей Максімавіч і Адам Багдановіч – апошні прынёс рэкамендацыйны ліст да ўжо вядомага пісьменніка, напісаны Яўгенам Чырыкавым), захаваўся толькі на фотаздымках. Працуючы з архіўнымі матэрыяламі, даследчыкі здолелі выявіць дом, у якім жыла сям’я Багдановічаў перад пераездам у Яраслаўль. Таксама на аснове архіўных матэрыялаў быў адшуканы будынак, дзе ў 1896 годзе адкрылася ніжагародскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка, куды ў тым жа годзе і быў накіраваны служыць бухгалтарам Адам Багдановіч. Сярод дакументаў, якія пацвярджаюць гэта, – так званы адрас-каляндар – кніга з адрасамі супрацоўнікаў установы, дзе на старонцы 140 значыцца адрас пражывання Адама Ягоравіча.

«Не ўсе з гэтых гістарычных будынкаў зараз з’яўляюцца музеямі. Некаторыя знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, іншыя займаюць пэўныя арганізацыі. Ёсць тыя, што знаходзяцца ў аварыйным стане і патрабуюць рамонту, – падзяліўся намеснік кіраўніка ўпраўлення дзяржаўнай аховы аб’ектаў культурнай спадчыны Ніжагародскай вобласці Ігар Пятроў. – Але імя Максіма Горкага, звязанае з гэтымі будынкамі, дапамагло ў свой час выратаваць іх ад зносу. Сярод іх – будынак на вуліцы Караленкі, 38 (раней яна называлася Канатнай). Гэта – адзін з адрасоў сям’і Адама Багдановіча ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ёсць ідэя ператварыць дом (там цяпер ніхто не жыве) у цэнтр беларускай культуры...»

Мары і сузор’і

У сталым узросце Адам Багдановіч пісаў пра Максіма Горкага: «Успамінаў я ўсё сумесна перажытае з любоўю...» Ёсць згадкі і пра першую сустрэчу з пісьменнікам на яго кватэры, калі да госця выйшла гаспадыня, «вельмі юная жанчына, з мілавідным тварам, прыгожымі вачыма і раскошнымі хвалістымі валасамі...» – такой убачыў ён жонку Максіма Горкага, Кацярыну Паўлаўну. Адама Багдановіча запрасілі ў хатнюю бібліятэку, дзе маладыя людзі адразу ж пачалі абменьвацца думкамі і адчулі духоўную блізкасць адно да аднаго. З тых часоў стасункі паміж сябрамі амаль ніколі не перапыняліся. Максім Горкі знаёміў Адама Багдановіча з горадам і яркімі яго прадстаўнікамі, дзеячамі навукі і культуры. Так у Адама Ягоравіча пачалося сяброўства са знаным тагачасным астраномам Сяргеем Шчарбаковым. Ён быў дырэктарам гімназіі, дзе пазней вучыліся браты Багдановічы. Максіма ў сям’і Шчарбаковых ахвотна прымалі, юны гімназіст адразу заваяваў сімпатыі і давер, стаў як родны. Ці не ў размовах, якія вяліся падчас тых сустрэч, варта шукаць крыніцы «зорнай» тэмы ў творчасці Максіма Багдановіча?..

Адам Багдановіч для Горкага быў чалавекам, заўжды гатовым падтрымаць і дапамагчы. Калі ў 1897 годзе Аляксей Максімавіч ад’язджаў на лячэнне ў Крым (а гэта быў надзвычай складаны для пісьменніка перыяд, бо нават не меў чаго апрануць – з цёплым адзеннем дапамаглі ў сям’і Шчарбаковых), адзіным, хто яго праводзіў, быў Адам Ягоравіч. «Дарагому і любімаму мной Адаму Ягоравічу...» – пазней напісаў Максім Горкі пад вокладкай двухтоміка, падоранага сябру.

bahdanovich_1.jpg

Аляксандра Паўлаўна Багдановіч у шлюбнай сукенцы.

У фондах музея А.М. Горкага захоўваецца шмат фотаздымкаў тых часоў. Сярод іх – некалькі партрэтаў маладой Аляксандры Паўлаўны Волжынай, роднай сястры жонкі Максіма Горкага Кацярыны Паўлаўны. У 1899 годзе Аляксандра Паўлаўна і Адам Ягоравіч вянчаліся, яго дзеці назвалі яе мамай. І гэта былі не проста словы – жанчына сапраўды стала роднай для іх, з Максімам яны шчыра пасябравалі. Пад уражаннем ад сяброўства з Аляксандрай Паўлаўнай, ад святла і чысціні, што былі неадлучныя ад яе асобы, а таксама ранняй яе смерці ў выніку складанай цяжарнасці пазней Максім Багдановіч напіша цыкл вершаў «Каханне і смерць».

Тады ж, калі сем’ямі сустракалі новы 1899 год (Багдановічы, Пешкавы, Шчарбаковы), усе былі шчаслівыя... Фотастужка захавала прыгожыя, натхнёныя абліччы сяброў, на здымках пануе атмасфера радасці і ўрачыстасці... Цяпер электронныя копіі здымкаў ёсць і ў музеі Максіма Багдановіча, як паведамілі ўдзельнікі круглага стала.

На адным са здымкаў Максім Горкі разам з Адамам Ягоравічам і Сяргеем Шчарбаковым: яны любілі збірацца ўтрох, гулялі па горадзе, і адным з месцаў, якое яны часта наведвалі, быў схіл ля ракі Волгі. Гледзячы ў люстраную водную гладзь, дзе адлюстроўвалася безліч агнёў, чароўныя краявіды наваколля, моўчкі марылі, а потым Шчарбакоў уздымаў вочы да нябёсаў і скіроўваў увагу сяброў на далёкія сузор’і...

У Ніжнім Ноўгарадзе прайшла палова жыцця Максіма Багдановіча. Людзі, якія наведвалі сям’ю ў тыя часы (а Адам Ягоравіч быў знаёмы са многімі прадстаўнікамі творчай эліты горада), а таксама гарадскі ўклад і культурная спадчына – усё паўплывала на фарміраванне асобы паэта. У творчасці ён не раз вяртаўся на берагі Волгі. Але і жыхары Ніжняга Ноўгарада захоўваюць памяць пра беларускага паэта. Так, на будынку Ніжагародскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (а раней гэта была гімназія, дзе вучыліся Максім і яго браты) змешчана мемарыяльная дошка ў памяць Максіма Багдановіча, ёсць у горадзе і вуліца, названая ў гонар паэта.

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Звязда

Навіны

Кампетэнтна і падрабязна

21 Ліс 2019

20 лістапада Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Звароты грамадзян: з практыкі грамадзянска-прававога кансультавання”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віртуальны ваяж па тэатрах нашай краіны – з вэб-сайтам “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”

20 Ліс 2019

Запрашаем наведаць тэатральную старонку навігатара “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”. Тут вы знойдзеце інфармацыю аб музычных, драматычных, лялечных і іншых тэатрах Рэспублікі Беларусь, якія ставяць спектаклі для гледачоў розных узростаў: ад 3-х да 103-х гадоў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111