ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Востры тэмперамент Бярозкіна
Рэйтынгі ад “Белкнігі”: творы на беларускай мове

Ад Грушаўкі да Эйфелевай вежы: падарожжа па кнізе Таццяны Мушынскай

Ад Грушаўкі да Эйфелевай вежы: падарожжа па кнізе Таццяны Мушынскай
Іншыя навіны

Працоўнае месца пісьменніка – стол з камп’ютарам. Менавіта такі вобраз паўстае ва ўяўленні большасці сучасных людзей. Ці ўсе пры гэтым разумеюць, што сюжэт ствараецца не падчас «прабежак» пальцаў па клавіятуры. Ён можа спець гадамі, нават дзесяцігоддзямі, складацца з дробных аскепачкаў жыццёвага досведу, успамінаў дзяцінства, пачуццяў, эмоцый, уражанняў… Часам з усяго гэтага вырастае квяцістае дрэва рамана ці аповесці. Часам кожны сюжэт прарастае асобнай раслінай, і пісьменнік апынаецца ў вялікім «садзе сваіх успамінаў». Як, напрыклад, Таццяна Мушынская.

Новая кніга пісьменніцы «Дыханне ранняй восені» («Беларусь», 2018) складаецца з дакументальна-мастацкай аповесці «Сад маіх успамінаў», апавяданняў, абразкоў і мініяцюр. Асобная частка – эсэ і падарожныя нататкі, у якіх Т. Мушынская дзеліцца ўражаннямі ад паездак у розныя краіны свету.

Творчы чалавек заўсёды жыве пад адным дахам са сваімі героямі і сюжэтамі. А для чытача заўсёды важна, каб кожны герой быў па-мастацку пераканаўчы, каб у яго існаванне верылася. Аповесць «Сад маіх успамінаў» у гэтым сэнсе незвычайная: аўтарка піша пра сваіх продкаў, блізкіх і далёкіх, але мы бачым найперш каларытных вясковых кабет і іх дасціпных супружнікаў. І мы дакладна ведаем, дзе можна было іх сустрэць сто гадоў таму: у Грушаўцы, ускраінным пасёлку Мінска, які «да Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе не без падстаў лічыўся мінскім Гарлемам, дзе жыла публіка, вельмі розная па сваіх занятках і сацыяльным статусе».

Сённяшнім сталічным жыхарам, асабліва моладзі, якая не ўяўляе Мінск іншым, цікава будзе здзейсніць своеасаблівую экскурсію ў мінулае. Але галоўнае ў творы, безумоўна, не гэта. Калі ранейшы выгляд пэўных мясцін можна аднавіць дзякуючы фатаграфіям, то абліччы людзей, што не мелі звычкі ці магчымасці фатаграфавацца, можа захаваць толькі ўдзячная памяць нашчадкаў. Таццяна Мушынская менавіта гэтыя ўспаміны і выпеставала ў сваім садзе, і справа тут не толькі сямейная: у лёсах бабулі Марыі Іванаўны і дзеда Фёдара Фёдаравіча шмат тыповага, характэрнага для цэлага пакалення. Таго сялянскага пакалення, якое разумела, што дабрабыт – ва ўласных руках, у прамым сэнсе гэтага слова: ты паважаны чалавек, калі маеш талент забяспечыць сям’ю працай сваіх рук. Менавіта таму абедзве дочкі Марыі Іванаўны, якія атрымалі дыпломы аб вышэйшай адукацыі, часам звярталіся па дапамогу да сваёй неадукаванай маці, вядомай на ўсю ваколіцу краўчыхі.

Пра бабулю пісьменніца распавядае адначасова з сентыментальным замілаваннем і глыбокай пашанай. А калі чытаеш пра ўласцівае Марыі Іванаўне «па-снайперску дакладнае» разуменне псіхалогіі стасункаў, кахання, жаночай долі, то міжволі робіш высновы пра вытокі пісьменніцкага таленту самой спадарыні Таццяны. Пацвярджаюць гэта і змешчаныя ў кнізе тры апавяданні «Бабіна лета», «Дыханне ранняй восені», «Верачка», асноўная тэма якіх – каханне і сям’я. У гэтых творах шмат цеплыні пяшчотнага, кволага вераснёўскага сонца, але пры гэтым няма даўкай ружовасці і прадказальнага «жылі доўга і шчасліва». Пісьменніца не імкнулася аблегчыць мастацкую задачу ідылічнай канцоўкай. Бо гэта вельмі далёка ад праўды жыцця. Той, мабыць, праўды, якую вельмі добра разумела бабуля Марыя.

Ласкавы жаночы голас з мінулага, які вярэдзіць сэрца няспраўджаным шчасцем, не верне маладосці, не дасць магчымасці пражыць жыццё наноў, зрабіць іншы выбар («Дыханне ранняй восені»). Цяжкая хвароба дзіцяці назаўсёды змяняе прыярытэты, ход жыцця, так што пакліканне (талент мастака) пераўтвараецца ў часовае збавенне ад турбот («Верачка»). Таццяна Мушынская не супакойвае чытача лагодным «Толькі не хвалюйцеся! Усё будзе добра, і ўсе пажэняцца!». Шматграннасць жыцця не такая адназначная.

У абразках і мініяцюрах напоўніцу выявіўся талент назірання, талент бачыць характэрнае ў дробязях. Позіркі, словы, эмоцыі, абдымкі, досціпы – усё, з чым мы сустракаемся штодня ды пакідаем у памяці хіба на імгненне, Таццяна Мушынская здолела захаваць для нас, няўважлівых, яркімі слоўнымі мазкамі. Шмат тут пра творчасць і каханне, крыху гісторыі і геапалітыкі. А яшчэ – адметная іронія, з якой пісьменніца асэнсоўвае адвечную праблему стасункаў паміж пакаленнямі бацькоў і дзяцей.

Давяраючы таленту назіральніка, смела выпраўляемся разам з Таццянай Мушынскай у вандроўку па свеце. Францыя, Венгрыя, Грузія, Італія, Фларэнцыя, Швецыя, Нарвегія… Падарожныя нататкі стануць для чытача адначасова і вельмі падрабязнай практычнай інструкцыяй, і навігатарам па мастацкіх і гістарычных каштоўнасцях еўрапейскіх краін. У лепшых традыцыях абранага жанру Таццяна Мушынская дзеліцца новымі захапляльнымі ўражаннямі і расчараваннямі, кантраснымі параўнаннямі з айчыннымі рэаліямі і адметнасцю светаўспрымання заходніх людзей, спасцігаць якое не раз даводзілася ў розных сітуацыях. Самыя моцныя ўражанні – людзі і… опера. Незабыўная, неверагодная, розная.

Вось так – ад Грушаўкі, беларускага Гарлема стагадовай даўніны, да радзімы Вердзі і Даніцэці – крочымгартаем старонкі новай кнігі Таццяны Мушынскай. Характэрная пісьменніцкая цікаўнасць да хуткаплыннасці жыцця, уважлівасць да роднага слова, павага да памяці продкаў і нязменная прага адкрыцця новых даляглядаў – тое, з чым спадарыня Таццяна падыходзіць да шаноўнага 60-гадовага юбілею. Чакацьмем новых уражанняў з новых падарожжаў – па краінах, стагоддзях і лёсах!

Аўтар публікацыі: Жана Капуста.

Крыніца: Звязда


Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам