ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Як школьнікам правесці час у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі весела і карысна?
Стварыце навагодні настрой з агляднай пляцоўкай!

Ад дамавічкоў да яго вялікасці Паэта

Ад дамавічкоў да яго вялікасці Паэта
Іншыя навіны

Выдавецкі дом “Звязда” зноў радуе чытачоў новымі кнігамі. Распавядзём пра чатыры навінкі. Тэматычны дыяпазон часткова класічны: дзіцячыя кнігі і літаратура пра вайну, аднак адно з выданняў – даніна памяці адметнаму беларускаму паэту, які, на жаль, даволі рана пайшоў з жыцця.

Подзвіг падполля

nilov.jpg

Першая кніга, пра якую сёння пагаворым, – аповесць Канстанціна Нілава “Копысская новелла”. Яна ў дадзенай падборцы адказвае якраз за ваенную тэму.

Нарадзіўся Канстанцін Нілаў 4 студзеня 1947 года ў вёсцы Якаўлевічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. На Аршанскім машынабудаўнічым заводзе прайшоў шлях ад майстра да намесніка дырэктара завода. Працаваў генеральным дырэктарам Аршанскага міжшкольнага КПК, а таксама доўгі час з’яўляўся дырэктарам Аршанскага вышэйшага тэхнічнага каледжа, дзе раней выкладаў. Да гэтага часу займае пасаду дырэктара Аршанскага філіяла “Інстытута бізнесу і менеджменту БДУ”. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ СССР, знакам “Выдатнік народнай асветы”, а таксама знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Аўтар 12 кніг і ўдзельнік калектыўных зборнікаў. Лаўрэат прэміі “Залаты Купідон”, а таксама шматразовы лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. У 2018 годзе яго кніга “Тайны Сиреневого оврага” была вылучана на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі ў намінацыі “Лепшая кніга для дзяцей і юнацтва”.

У “Копысской новелле” на дакументальнай аснове распавядаецца пра подзвіг удзельнікаў партыйна-камсамольскага падполля і партызанскага руху ў вёсцы Копысь. Многія з рэальных прататыпаў герояў дадзенай кнігі аддалі свае жыцці ў барацьбе з нямецкімі акупантамі. Аднак здзіўленне праходзіць, калі даведваешся, што Копысь знаходзіцца ў Аршанскім раёне. Канстанцін Нілаў звярнуўся да гісторыі роднага раёна і вырашыў паказаць у сваёй навеле прыклад сапраўды гераічнага адстойвання свабоды, нягледзячы на самыя страшныя выпрабаванні.

Вершы на ўласнай мове

sys.jpg

Другая кніга – вершы беларускага паэта Анатоля Сыса. Гэта не аўтарскі зборнік. У “Званы” сабраны найлепшыя творы аўтара на думку складальніка Віктара Шніпа. Адбіраліся вершы са зборнікаў, у стварэнні якіх Анатоль Сыс сам прымаў удзел: “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989), “Сыс” (2002), а таксама творы розных гадоў, якія не ўваходзілі ў кнігі.

Анатоль Сыс скончыў гісторыка-філасофскі факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў у Веткаўскай раённай газеце, дзе стаў спецыялістам на беларускім тэлебачанні. Дэбютаваў некалькімі вершамі ў часопісе “Маладосць” (1986). У 1987 годзе быў сярод заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання маладых пісьменнікаў “Тутэйшыя”. Памёр паэт у сваёй мінскай кватэры ў 2005 годзе, калі яму было ўсяго 46 гадоў. Пахаваны ў роднай вёсцы Гарошкаве.

Пра Анатоля Сыса вельмі цікава выказаўся Вітаўт Чаропка:

Ёсць пісьменнікі, якія ствараюць міфы аб сваёй велічы і асаблівай выключнасці. Не трэба іх блытаць з правакатарамі асабістай славы, якія свядома падстаўляюць сябе пад удары лёсу, каб толькі пра іх узгадвалі. Тыповы прыклад – Славамір Адамовіч. А самым вялікім міфатворцам сваёй выключнай асобы, без сумненняў, лічыцца Анатоль Сыс. Кажуць, што Сыс не пакінуў следу ў літаратуры, яго паэзія не паднялася да ўзроўню хоць бы Дубоўкі або Жылкі, Сербантовіча або Дзяргая. Ён бы так і застаўся паэтам сярэдняга ўзроўню, калі б не натаптаў там, дзе з’яўляўся, як шэрая хмара з грамамі і маланкамі, – у бары Дома літаратара, рэдакцыях часопісаў і газет, кватэрах знаёмых і незнаёмых сабутэльнікаў, майстэрнях мастакоў, – усюды ён выпіваў, блазнаваў, трызніў вершамі і палохаў тых, хто не ведаў яго.

Аднак зборнік “Званы” – гэта нагода ўспомніць менавіта Сыса-паэта. Чалавека, які прыдумаў уласную ўнікальную мову вобразаў, а гэта заўсёды заяўка на нешта большае. У выпадку Анатоля Сыса – на свой непаўторны сусвет, дзе ўсё бытавое і чароўнае зліваецца ў мудрагелісты клубок, падобны ці то на сон, ці то на трызненне чалавека, які спрабуе пераканаць выпадковага мінака ў тым, што ён калісьці быў выкрадзены іншапланецянамі і ад гэтага ў яго раптам з’явіўся паэтычны дар. Паэзія Анатоля Сыса – з’ява выбітная, важная для сучаснай беларускай літаратуры. У нейкай ступені, вядома, Вітаўт Чаропка мае рацыю, бо ў першую чаргу пра Анатоля Сыса памятаюць як пра чалавека, у якім паэт “памёр” значна раней, чым трэба было б, не ў апошнюю чаргу з-за прыхільнасці да алкаголю. Аднак гэта ўсё яшчэ не адмяняе таго факта, што яго вершы – адзін з найлепшых прыкладаў таго, наколькі шчырай і нетрывіяльнай можа быць экзістэнцыяльна-патрыятычная паэзія. Вершы Анатоля Сыса абсалютна пазбаўлены любога пафасу. Сыс, вядома, – далёка не самы тэхнічны паэт, сустракаюцца ў яго дзеяслоўныя і нават інфінітыўныя рыфмы, але асноўная заслуга – у яго вобразнай сістэме, якая стварае непаўторны сусвет. І зборнік “Званы” – адзін з найлепшых спосабаў даведацца пра паэзію гэтага дзіўнага беларускага аўтара, добрая “ўваходная кропка” ў свет беларускай літаратуры дзевяностых і пачатку нулявых.

Рознакаляровае дзяцінства

lyaskovskiy.jpg

Кніга Віктара Ляскоўскага з назвай “День рождения” і падзагалоўкам “весёлая книжка малышам и малышкам” адразу кідаецца ў вочы яркім афармленнем (гэтым разам перад намі кніга ў цвёрдай вокладцы – такім чынам, павялічваюцца шансы, што яе набудуць), агульным прыемным стылем і формулай кароткіх вершаў на самыя разнастайныя тэмы: пачынаючы ад таго, як складана выкалупаць з булкі разынкі, і заканчваючы апавяданнямі пра тое, як жыраф мые шыю і чым абрыкос адрозніваецца ад гарбуза. Выклікае пытанне толькі вызначэнне мэтавай аўдыторыі: кніга заяўлена як выданне для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, гэта значыць, ад шасці да дзесяці, аднак вялікая частка вершаў занадта ўжо простая і падыходзіць, хутчэй, для дашкольнікаў.

За ілюстрацыі адказвала Святлана Стахоўская, і яе працу варта адзначыць асобна. Гэта мяккія, наўмысна мульцяшныя, яркія акварэльныя малюнкі, якія зацікавяць маленькага чытача, паколькі часта дублююць камічныя сцэнкі з вершаў Віктара Ляскоўскага. Усе персанажы тут нагадваюць плюшавыя цацкі, таму кніга ў цэлым становіцца яшчэ больш прыцягальнай для тых, хто захоча парадаваць дзіця.

koneu.jpg

А вось афармленне кнігі Ягора Конева “Прыгоды дамавічкоў” выканана ў шэра-зямлістых тонах, з-за чаго можа не трапіць на вочы бацькам, якія вырашылі абнавіць бібліятэку, каб прывіць свайму дзіцяці любоў да чытання. Таксама і галоўныя героі, паказаныя на вокладцы, могуць здацца занадта рэалістычнымі і некалькі адштурхнуць. Аднак на самой справе гэтая кніга вартая таго, каб яе набыць.

Па-першае, малюнкі Вікторыі Чарняўскай, якая займалася мастацкім афармленнем кнігі, хоць і сапраўды здаюцца занадта рэалістычнымі (асабліва калі параўноўваць з іншымі выданнямі для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў), тым не менш, змогуць парадаваць чытачоў сваёй дэталізаванасцю. Падобны прыём выкарыстоўвалі стваральнікі мультфільма “Ранг”, дзе ўсе жывёлы, хоць і былі намаляваны дастаткова рэалістычна і таму трохі палохалі, аднак гіпнатызавалі: глядач не мог адарвацца ад экрана дзякуючы ўнікальнаму візуальнаму стылю твора. Вікторыі Чарняўскай у поўнай меры ўдалося ў “Прыгодах дамавічкоў” зрабіць тое ж самае. Падругое, казкі, якія прыдумаў Ягор Конеў, добра падыдуць для таго, каб пазнаёміць дзяцей з беларускім фальклорам. Тэксты павучальныя. Аўтар не паглыбляецца ў дыдактыку і ставіць перад сабой у першую чаргу задачу расказаць цікавую гісторыю, прыцягнуць чытача і накіраваць пошукі цікавай інфармацыі ў бок беларускіх народных казак і легенд. У сучасных умовах такія выданні асабліва каштоўныя, паколькі ўсё менш дзяцей цікавіцца беларускай народнай культурай.

Аўтар публікацыі: Цімур Вычужанін.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам