ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Рыхтуецца да выхаду ў свет 15-ты выпуск навуковага зборніка “Бібліятэчны веснік”
Беларусь і ЮНІСЕФ – партнёрства дзеля дзяцей

«А старасці няма! Ты ёй не вер...»

«А старасці няма! Ты ёй не вер...»
Іншыя навіны

Колькі цікавага і нават загадкавага ў біяграфіі гэтай паэткі!

Яе візітнай карткай стаў верш, напісаны ў родным Вішневе на Валожыншчыне пры сузіранні квітнеючых садоў: «Люблю наш край, старонку гэту...»

Пра сваё паходжанне Канстанцыя пісала так:

Бацька быў аб’ездчыкам у графа,
Ля стала ў яго стаяла шафа,
У ёй два кляймы, нейкiх тры пячацi,
Пухлы i тоўсты скорасшывацель,
Шмат квiтанцый, шмат канторскiх кнiжак,
Памiж шафай i сцяною – лыжы.

У сям’і шмат чыталі, быў нават свой сямейны музычны ансамбль... А вучыла Канстанцыю французскай мове суседка-францужанка Эмілія Станкевіч, з чыёй дачкой, Уладзіславай, іх звязала моцнае сяброўства – да канца дзён. Разам атрымлівалі настаўніцкую адукацыю, разам працавалі ў дзіцячых прытулках і танчылі на беларускіх культурніцкіх вечарынах... І яшчэ адзін чалавек аб’яднаў іх: Іван Дамінікавіч Луцэвіч, Янка Купала, з якім сяброўкі сустрэліся ў рэдакцыі газеты «Наша ніва», дзе малады паэт тады працаваў.

Купала ўсю ноч у рэдакцыі чытаў Канстанцыі п’есу «Паўлінка», потым быў рэдактарам яе першай кнігі «Курганная кветка», якая выйшла ў 1914 годзе... А Уладзіслава стала яго жонкай.

Янка Купала і Уладзіслава Францаўна не адвярнуліся ад Канстанцыі, калі яе мужа ў 1933-м арыштавалі як ворага народа... А Канстанцыя падтрымлівала Уладзіславу, калі загінуў Янка Купала, ратавала ад адчаю: «Я ведь очень хорошо знаю, что вся жизнь твоя была для него. Владочка, теперь переключи твою кипучую энергию на какую-нибудь работу для родной Белоруссии».

Менавіта Канстанцыю Антонаўну Уладзіслава Францаўна ў 1942-м просіць пад’ехаць у крэматорый, паглядзець, як там помнік Янку, даць грошы жанчыне, што за ім прыглядае. Уладзіслава дапамагае сяброўцы з друкаваннем твораў і выданнем кніг – зразумела, што жонцы ворага народа многія шляхі былі перакрытыя, дваццаць гадоў яна ўвогуле не друкавалася. Уладка падказвае ў лістах, каму з літаратурных чыноўнікаў трэба выказаць павагу, у якой афіцыйнай імпрэзе абавязкова паўдзельнічаць. Клапоціцца, каб сяброўка атрымала медычную дапамогу. Вось, напрыклад, ліст ад 13 чэрвеня 1955 года на бланку Літаратурнага музея Янкі Купалы, стваральніцай і дырэктарам якога стала Уладзіслава Луцэвіч:

Дорогая моя Костка!
Твое письмо М.К. передала тов. Бровку. Он сказал, что тебе сам напишет. Я с удовольствием пойду в леч. ком., но ты должна написать, с какого времени просишь путевку и куда. Я говорила, что ты хочешь в Крым, и Нейфак говорит, что тебе лучше ехать туда.

Аднойчы ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва я знайшла цікавы дакумент: ліст Канстанцыі Антонаўны ад 26 верасня 1958 года з Масквы да Уладзіславы Францаўны ў Мінск:

Милый, хороший, родной Владысик!
Только что отправила письмо, успокоенная твоим заверением, что через «пару дней ты выйдешь на работу», а вот томит меня какое-то тревожное беспокойство. Поэтому очень прошу тебя – напиши мне, как ты себя чувствуешь – не длинным письмом, – а хотя бы коротенькой открыточкой... У меня все благополучно. Только очень скорблю, что не поехала в Крым – так хочется к морю – что выразить тебе не могу. Какая-то острая тоска – похожая на ностальгию – тоску по Родине – которая приводит к серьезным психическим расстройствам... Ночью проснусь – и кажется, что за окном шумит море – а это плещется наш серый, скучный, осенний дождь. Написала стихотворение:
О старасць! Я цябе не клікала... Не, не!
Дык што ж ты наплыла цяжкой, сцямнелай хмарай?
І страшыш ты мяне – як прывід грозны – старасць,
І безнадзейнасцю сціскаеш сэрца мне.
Жыву я ў поўны рост! Квітнеюць сэрца мары,
У песні я пяю аб шчасці, аб вясне...
Нашто жа ты ідзеш? Чаго ты хочаш, старасць?
Чаму панура так глядзіш у вочы мне?
Прыдзі пазней...
Прыдзі – як восень залатая,
Адзеўшы ў золата і дрэвы, і палі,
Прыдзі багатая выдатным ураджаем
Пражытых многа год – што плён свой прыняслі.
І будзеш ты ў мяне прыемнай і прыгожай,
Усё, што зроблена, я сціпла падлічу,
А сэрца мне шапне – што, калі захачу,
Змагу на многа йшчэ здабытае умножыць...
Цяпер – яшчэ не час! Гарыць агонь душы,
Хвалююць бурна кроў жаданні і надзеі,
І многа важных спраў мне трэба давяршыць,
Дык знікні! Адыдзі! І не чапай мяне.
Сыдзі з маіх вачэй! Сплыві па ветру хмарай...
Павер – зарана йдзеш... Зарана – старасць!
І я цябе зусім не клікала...
Не, не!
14/IX-58
Вот видишь, какими настроениями полна я в день, когда подходит мое 60-летие.

Звернем увагу на дату – і ліст, і верш напісаныя ў верасні 1958 года. Чаму ж Канстанцыя Буйло кажа, што гэта – напярэдадні яе шасцідзесяцігоддзя, калі яе 130-годдзе мы адзначаем цяпер, у 2023-м? Значыць, у 1958-м паэтэсе мусіла быць ужо 65? Нешта лічбы не супадаюць...

Давайце ж раскрыем сакрэт гэтага несупадзення.

У даведніку Саюза пісьменнікаў БССР 1970 года і ў Беларускай савецкай энцыклапедыі, то-бок яшчэ пры жыцці паэтэсы, значылася, што Канстанцыя Буйло нарадзілася ў 1899 годзе. Па сведчаннях сучаснікаў, Канстанцыя спакойна візіравала гэтыя артыкулы са словамі: «Хай будзе так...»

У 1923-м мужа Канстанцыі Буйло, таленавітага агранома Віталія Калечыца, запрасіў на працу ў Маскву прафесар Тупайкаў, які загадваў Першай усесаюзнай сельскагаспадарчай выставай. Калі праз год выстава зачынілася, Калечыцу давялося шукаць іншую пасаду. Працаваў інспектарам у банку, нават стварыў з сябрамі арцель па выпуску анілінавых фарбаў, але НЭП доўжыўся нядоўга, з прадпрымальнікамі распраўляліся... Карацей, сямейны дабрабыт усё пагаршаўся. З цягам часу давялося шукаць працу і Канстанцыі, якая дагэтуль была хатняй гаспадыняй. У яе нават пашпарта не было! У 1928-м, калі спатрэбілася ўладкоўвацца на працу, давялося рабіць пашпарт. Маскоўскія пашпартысты не мелі магчымасці атрымаць дакументы для праверкі – родны Вільна Канстанцыі знаходзіўся на тэрыторыі панскай Польшчы. І калі ў паэткі спыталіся, колькі ёй гадоў, яна адказала: «А колькі дасцё?» І не пярэчыла, калі яе «на вока» амаладзілі на шэсць гадоў.

Што ж, напэўна, у кожнай сям’і ёсць гісторыя, калі бабулі і дзядулі мелі ў дакументах дату нараджэння, якая не супадала з сапраўднай. Нехта адмыслова «амалоджваўся», нехта прыпісваў себе гады...

Сапраўдную дату нараджэння паэтэсы высветліў яе сын Яўгеній Калечыц. У 1987 года ў гістарычным архіве Літоўскай ССР знайшоўся дакумент пра тое, што 17 студзеня 1893 года віленскім касцёле Св. Якава «был окрещен ребенок по имени Констанция, дочь крестьян Антона и Настазии ур. Бусилов, Буйлов, родившаяся 2 января 1893 г. в г. Вильне».

Гэта дата цалкам укладваецца ў біяграфію паэткі, інакш давядзецца лічыць, што першы зборнік Канстанцыя Буйло, як вундэркінд, выдала ў 15 гадоў (так многія і лічылі да нядаўняга часу), абвянчалася непаўналетняй... І наўрад ці пасябравала б яна з Уладзіславай, якая нарадзілася ў 1891-м, бо надта вялікая была б у дзяўчынак розніца ва ўзросце.

Але чаму ў такім выпадку ў 1958-м Канстанцыя Антонаўна ў лісце да Уладзіславы Францаўны піша пра сваё шасцідзесяцігоддзе, якое набліжаецца? Яна ж ведала, што ёй ужо даўно больш за шэсцьдзесят... І Уладка ведала.

Ну, па-першае, афіцыйна юбілей сапраўды святкавалі напачатку 1959-га – творчыя сустрэчы, публікацыі, віншаванні... Па-другое, чаму б жанчыне і не паверыць у свае маладзейшыя гады – як яна ставілася да старасці, сведчыць прыведзены ў лісце верш.

Канстанцыя Буйло пражыла доўгае жыццё. У 1972-м, праз дванаццаць гадоў пасля смерці Уладкі, яна піша яшчэ адзін верш пра старасць:

А старасці няма! Ты ёй не вер,
Калі ў грудзях жывое сэрца б’ецца,
Калі з грудзей свабодна песня льецца,
Сум мой знікае, як драпежны звер,
І неба, і блакіт вачэй смяецца, –
Ты старасці
не вер!

У Нацыянальнай бібліятэцы праходзяць выставы “Люблю наш край – старонку гэту…” і “У краіне мар”, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Канстанцыі Буйло.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам