З 30 кастрычніка па 10 лістапада 2009 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы будзе дэманстравацца выстаўка “80 год Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі”.
Інстытут мовы і літаратуры з’яўляецца адной са старэйшых навукова-даследчых устаноў НАН Беларусі. Навуковыя працы інстытута маюць адначасова і фундаментальнае, і прыкладное значэнне. Сваімі публікацыямі ўстанова актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і духоўным жыцці рэспублікі, уносіць грунтоўны ўклад у развіццё і ўзбагачэнне нацыянальнай культуры.
За 80 гадоў дзейнасці выйшлі ў свет шматлікія працы па гісторыі нацыянальнай мовы і літаратуры, акадэмічныя навуковыя выданні, зборы твораў беларускіх класікаў. Галоўная ўвага інстытута звернута на паглыбленае асэнсаванне класічнай мастацкай спадчыны і літаратурнай сучаснасці, на распрацоўку важных і прынцыповых ідэй ў галіне мовазнаўства. Працы і матэрыялы інстытута з’яўляюцца высокапрафесійнай асновай для далейшага паспяховага развіцця гуманітарных навук у Рэспубліцы Беларусь, сур’ёзнай і аўтарытэтнай дапаможнай сілай ў выкладанні і вывучэнні беларускай мовы і беларускай літаратуры.
На выстаўцы шырока прадстаўлены працы па беларускім мовазнаўстве, беларускай літаратурнай крытыцы і літаратуразнаўстве. Выстаўка мае быць цікавай для шырокай аўдыторыі чытачоў і для ўсіх тых, хто любіць і шануе роднае слова, імкнецца глыбей і паўней спазнаць яго моўныя і літаратурныя законы і таямніцы.