ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Гімн мужнасці
Семінар “Электронныя інфармацыйныя рэсурсы па эканоміцы і бізнесе”

21 лютага ў свеце адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ў свеце адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы
Іншыя навіны

Аляксандр Лукашанец: “Беларуская мова дазваляе нам уваходзіць у сусветную супольнасць з нацыянальна адметным тварам”.


Пра лёс роднай мовы, перавагі беларускамоўнасці і магчымыя захады па ўмацаванні пазіцый нацыянальнай мовы ў грамадстве расказаў дырэктар філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец.

А напачатку Аляксандр Аляксандравіч, як старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, распавёў пра Міжнародны з’езд славістаў, які сёлета будзе прымаць сталіца нашай краіны.

– Мы адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы, які па ініцыятыве ЮНЕСКА скіраваны на развіццё і падтрымку шматмоўя. На Вашу думку, ці можна неяк папулярызаваць беларускую мову, прывіць любоў да яе большай колькасці грамадзян, або працэс гэты стыхійны і яго складана стымуляваць?
– У першую чаргу Міжнародны дзень роднай мовы накіраваны на падтрымку і захаванне нацыянальных моў і культур у свеце, на забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай у сваёй дзейнасці. Таму і ў нашай краіне святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы накіравана пераважна на падтрымку беларускай мовы – нацыянальнай мовы беларускага народа, якая, з’яўляючыся дзяржаўнай мовай краіны, недастаткова запатрабавана як рэальны сродак зносін у важнейшых камунікатыўных сферах.

На маю думку, каб пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў важнейшых сферах ужытку, неабходна перш за ўсё строгае выкананне існуючага дзяржаўнага заканадаўства ў моўнай сферы; дзяржаўная падтрымка беларускай мовы і кансалідаваная воля самога грамадства выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй паўсядзённай дзейнасці; фарміраванне ў грамадскай свядомасці стаўлення да беларускай мовы як да важнейшай часткі нацыянальнай культуры і нацыянальнай адметнасці; фарміраванне беларускамоўнай кампетэнцыі грамадства і стварэнне адпаведнага беларускамоўнага фону. Упэўнены, што грамадскі прэстыж беларускай мовы істотна павысіцца, калі мы будзем рэгулярна чуць яе ад аўтарытэтных і паважаных людзей.

– Вы ўзначальваеце Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. На Вашу думку, у які бок рухаецца сёння наша мова? Яна напаўняецца запазычаннямі, у прыватнасці, русізмамі, або наадварот, вынаходзяцца новыя ўласныя словы?
– Сёння слоўнікавы склад беларускай мовы інтэнсіўна развіваецца, яна папаўняецца новымі лексічнымі адзінкамі для называння актуальных з’яў рэчаіснасці. Гэтае развіццё ідзе ў рэчышчы тэндэнцый, агульных для сучаснага развіцця ўсіх славянскіх моў. Гэта і непасрэдныя запазычанні з іншых моў, пераважна з англійскай (блог, вэб-сайт, дрыблінг, капірайт, мегабайт і інш.), і стварэнне новых лексічных адзінак за кошт уласных моўных рэсурсаў шляхам словаўтварэння (рэкламшчык, мітынгант, нападальнік, бізнесоўца, мысляр, гутарык і інш.), і вяртанне ў актыўны ўжытак слоў з перыферыі моўнай сістэмы (выстава, сумнеў, аповед і інш.).

Хацелася б адзначыць, што, нягледзячы на інтэнсіўнае пранікненне ў слоўнікавы склад беларускай мовы вялікай колькасці іншамоўных слоў, яна на пачатку ХХІ стагоддзя захоўвае сваю нацыянальную адметнасць і спецыфіку і разам з тым здольна паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы жыцця сучаснага грамадства.

– Самабытная беларуская мова з’яўляецца адной са славянскіх. Таму сёлета славісты не толькі славянскіх краін, але і ўсяго свету збяруцца разам у беларускай сталіцы...
– Так, у жніўні 2013 года ў Мінску адбудзецца ХV Міжнародны з’езд славістаў, у рабоце якога прымуць удзел вучоныя-славісты з розных краін свету. Увогуле з’езды славістаў – гэта буйнейшыя міжнародныя навуковыя форумы, на якіх абмяркоўваюцца праблемы развіцця і функцыянавання славянскіх моў, славянскіх літаратур, фальклору і культур, іх месца і роля ў сусветнай культуры.

– Чаму сёлета менавіта Беларусь мае гонар правесці з’езд?
– Міжнародныя з’езды славістаў рэгулярна праводзяцца кожныя пяць гадоў па чарзе ў славянскіх краінах пачынаючы з 1929 года. Яны ўжо адбыліся амаль ва ўсіх славянскіх краінах, у тым ліку ў Расіі (Масква, 1958) і ва Украіне (Кіеў, 1982). Два апошнія з’езды праходзілі ў новых славянскіх краінах, якія ўзніклі на тэрыторыі былой Югаславіі: Славеніі (Любляна, 2003) і Македоніі (Охрыд, 2008).
Цяпер падышла чарга і Беларусі, у якой такі з’езд праводзіцца ўпершыню. Гэта важная навуковая і культурная падзея агульнадзяржаўнага значэння, якая дазволіць прадэманстраваць сусветнай навуковай супольнасці дасягненні Рэспублікі Беларусь у гуманітарнай сферы, пазіцыянаваць нашу краіну як самастойную славянскую дзяржаву з арыгінальнай нацыянальнай мовай і літаратурай, багатай гістарычнай спадчынай і ўнікальнай духоўнай культурай.

– Якія моўныя праблемы разглядаюцца ў дакладах, што прадставіць беларускі бок?
– Беларускія вучоныя рэгулярна прымаюць удзел у міжнародных з’ездах славістаў. Ужо на першым такім з’ездзе ў Празе ў 1929 годзе з дакладам выступіў вядомы беларускі лінгвіст П. Бузук. У апошнія гады ўдзел беларускіх вучоных у гэтых навуковых форумах стаў асабліва значным. На сёлетнім з’ездзе таксама з дакладамі выступяць беларускія мовазнаўцы, літаратуразнаўцы і фалькларысты. Тэматыка іх дакладаў прысвечана розным актуальным праблемам беларускай мовы, літаратуры і культуры, якія разглядаюцца на шырокім славянскім фоне з прыцягненнем фактаў іншых славянскіх моў і літаратур, напрыклад: "Беларуска-іншаславянскія лексічныя эксклюзівы на картах Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа", "Уплыў кантактных моў на фразеалогію Гродзеншчыны", "Функцыянаванне і ўзаемадзеянне розных славянскіх моў і літаратур у Вялікім Княстве Літоўскім", "Ці існаваў старабеларускі пераклад Карана?", "Сучасны беларускі правапіс у кантэксце рускага і польскага ўплываў", "Гутарковае беларускае маўленне ў кантэксце славянскіх моў: ілюзіі і рэаліі" і інш. Хацелася б падкрэсліць, што ўвогуле ў навуковай тэматыцы з’езда шырока прадстаўлена актуальная для беларускай гуманітарнай навукі праблематыка, па якой з дакладамі выступяць не толькі беларускія, але і замежныя вучоныя.

– Напрыканцы, згадваючы пра Міжнародны дзень роднай мовы, як бы Вы акрэслілі, якія перавагі мае чалавек, што размаўляе ў Беларусі па-беларуску?
– Перш за ўсё хацелася б адзначыць, што чым больш моў наогул ведае чалавек, тым больш магчымасцяў ён мае для рэалізацыі сваіх здольнасцяў. Аднак асаблівасці цывілізацыйнага развіцця грамадства ў ХХІ стагоддзі дыктуюць неабходнасць падтрымання і захавання якраз нацыянальных гуманітарных каштоўнасцяў, у першую чаргу нацыянальнай мовы. Менавіта на гэта скіраваны і Міжнародны дзень роднай мовы, які з кожным годам усё шырэй адзначаецца ва ўсім свеце.

Таму, па-першае, рэальна двухмоўныя грамадзяне нашай краіны, якія дасканала валодаюць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, бясспрэчна, маюць значна больш магчымасцяў для паспяховай дзейнасці ў самых розных сферах грамадскага жыцця. Па-другое, істотна пашыраецца іх культурнае і інфармацыйнае поле, паколькі ім становіцца даступнай уся інфармацыя, якая мае беларускамоўнае і рускамоўнае ўвасабленне. Аднак самае галоўнае, на мой погляд, тут тое, што, ведаючы і выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасці беларускую мову, нашы грамадзяне атрымліваюць магчымасць дакрануцца да сваёй багатай культурнай і гістарычнай спадчыны, навучыцца ганарыцца сваім мінулым і сучасным, адпавядаць сусветным прыярытэтам нацыянальна-моўнага развіцця ў інфармацыйным грамадстве і з упэўненасцю глядзець у будучыню. Нацыянальная беларуская мова дазваляе захоўваць і зберагаць для нашчадкаў тыя культурныя каштоўнасці, якія назапашаны нашымі папярэднікамі, адчуваць сваю нацыянальную адметнасць і самасвядомасць. Сёння беларуская мова з’яўляецца важнейшым атрыбутам нашай дзяржаўнасці, які дазваляе нашай краіне ўваходзіць у сусветную супольнасць з нацыянальна адметным тварам.

Аўтар публікацыі: Ніна Шчарбачэвіч.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам