ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вiншуем з Днём нараджэння!
Вайна і жанчына – словы несумяшчальныя, але жыццё дыктуе нам свае правы...

13 беларускіх кніжных навінак гэтай восені

13 беларускіх кніжных навінак гэтай восені
Іншыя навіны

Чатыры беларускія выдавецтвы – “Галіяфы”, “Коска”, “Логвінаў” і “Янушкевіч” – падзяліліся планамі на восень 2019 года. Усе гэтыя кнігі павінны з’явіцца ў кнігарнях да канца лістапада.

Мастацкая літаратура

“Кэмэл-Трэвэл”. Вольга Гапеева. “Галіяфы”

Кэмэл-Трэвэл.jpg

Наватарскі раман Вольгі Гапеевай “Кэмэл-Трэвэл” апісвае сусвет, дзе суіснавалі некалькі рэчаіснасцей, гімнаў, сталіц, ідэнтычнасцей. На гэтым фоне разгортваюцца першыя жыццёвыя прыгоды галоўнай гераіні, далёкай ад ідэалізацыі былых часоў, ад настальгіі.

Гэты раман – гісторыя чалавечай крохкасці і даверу ў эпоху жуды і дэфіцыту не толькі прадуктаў, але і пачуццяў.

“Рысы. Нарысы пра творцаў”. Адам Глобус. “Логвінаў”

Рысы.jpg

Арлен Кашкурэвіч, Людміла Русава, Уладзімір Караткевіч, Таццяна Сапач, Міхал Анемпадыстаў... У новай кнізе Адама Глобуса сабраныя партрэты майстроў літаратуры і мастацтва. Іх добра ведае аўтар, таму чытач убачыць шмат асабістага і кранальнага.

Суб’ектывізм Глобуса можа падацца катэгарычным, але яго кампенсуе шчырасць і праўдзівая любасць да апісаных творцаў.

“Арнаменты”. Аліна Длатоўская. “Янушкевіч”

Арнаменты.jpg

Другая кніга пісьменніцы, якая гучна заявіла пра сябе два гады таму, напісана ў жанры “гарадскога фэнтэзі”.

Вёскі паступова выміраюць. І не толькі людзі перабіраюцца ў гарады. У Мінску з’яўляюцца нячысцікі: у Купалаўскім скверы Лясун вымушае блукаць тых, хто не даносіць да сметніцы недакуркі, на гарадскім возеры Вадзянік цягне ў глыбіню тых, хто купаецца пасля Перуновага дня, а на Каменнай Горцы мінчукоў прымушае вар’яцець каціны кароль Варгін...

Аднак з’явіцца той, хто аб’яднае нячысцікаў агульнай мэтай: паказаць людзям, хто мусіць валадарыць на гэтай зямлі.

“Альбом для цёткі Марылі”. Марыя Вайцяшонак. “Логвінаў”

Альбом для цёткі Марылі.jpg

Марыя Вайцяшонак – пісьменніца і паэтка, аўтарка дзесяці кніг публіцыстыкі, казак, мастацкай прозы і паэзіі.

У кнізе выбраных твораў сабраны ўзоры яе арыгінальнай прозы і паэзіі. Чытач знойдзе тут сардэчны прытул і спагаду, а таксама злагаду і людскую гасціннасць – крэўную памяць бацькаўшчыны.

“Калядны стол”. Зараслава Камінская. “Галіяфы”

Калядны стол.jpg

Калі гэта не кулінарная кніга, дык якая? Гэта кніга пра вас і пра тое, што вы ўзгадаеце, пакуль будзеце яе чытаць. Любімыя стравы, забытыя мясціны і людзі, з якімі вы дзялілі ежу і сваё жыццё. Што вы любілі есці, калі былі маленькімі? Хто для вас гатаваў калісьці і для каго вы гатуеце цяпер? Што вы елі апошнім разам, калі пачуваліся шчаслівым?

Калі вы не можаце ўзгадаць ніводнай гісторыі, пачніце чытаць, і ўспаміны з’явяцца над гэтымі старонкамі, нібыта пара над гарачай каструляй.

Пераклады

“Пячора”. Жазэ Сарамагу. “Янушкевіч”

Пячора.jpg

Раман знакамітага партугальскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1998 года Жазэ (часам транслітаруюць як Жузэ) Сарамагу (1922–2010). У творы ён звярнуўся да міфа аб пячоры Платона.

Сям’я вясковых ганчароў прадае свой посуд у аграмадным Цэнтры, дзе людзі жывуць, працуюць, ходзяць у крамы. Але іх вырабы не патрэбны ў горадзе – посуд перасталі купляць. Хутка і ганчары становяцца жыхарамі Цэнтра. Пераезд памяняе жыццё цэлай сям’і.

Сарамагу зарэкамендаваў сябе як творчы ды іранічны апавядальнік. Песімістычны і сур’ёзны, ясны і элегантны – так, паводле брытанскай газеты The Independent, можна ахарактарызаваць стыль партугальскага пісьменніка.

На беларускую мову кнігу пераклала Галіна Мітраховіч.

“Крэўныя браты”. Пэтэр Мілчак. “Логвінаў”

Крэўныя браты.jpg

Зборнік вершаў у прозе славацкага паэта Пэтэра Мілчака. Дасціпныя тэксты-прыпавесці пра Караля і Віктара маюць некалькі семантычных пластоў і поўняцца чароўнымі пераўтварэннямі і метафарамі.

Кніга дапамагае зірнуць на свет скрозь люстра дзіцячай непасрэднасці і прыкмеціць тое, што звычайна не заўважаецца. Мастацкую завершанасць выданню надаюць ілюстрацыі Якуба Мілчака.

Са славацкай пераклала Святлана Богуш.

“Вядзьмар. Апошняе жаданне”. Анджэй Сапкоўскі. “Янушкевіч”

Вядзьмар. Апошняе жаданне.jpg

“Апошняе жаданне” – першая кніга цыкла “Вядзьмар” славутага польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, якая складаецца з сямі навэл. Чытач пазнаёміцца з майстрам меча Геральтам з Рывіі, які вядзе бесперапынную вайну з жахлівымі монстрамі і нячысцікамі. У гэтым наканаванне ведзьмара – ахоўваць спакой чароўных краін ад злых сілаў. Вы ў свеце, населеным эльфамі і гномамі, ваўкалакамі і цмокамі і, зразумела, звычайнымі людзьмі – з усімі іхнымі жарсцямі, заганамі і цнотамі.

Сага Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта – адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў ува ўсім свеце.

Для дзяцей

“Маё шчаслівае жыццё”. Роўз Лягеркранц і Эва Эрыксан. Выдавецтва “Коска”

Маё шчаслівае жыццё.jpg

Першая кніга з серыі пра дзяўчынку Дзюнэ і яе сяброў. Дзюнэ – самая шчаслівая дзяўчынка ў свеце. Асабліва калі ідзе ў школу.

Як цудоўна ўсё пачынаецца! У Дзюнэ з’яўляецца сяброўка. Але здараецца штосьці, чаго Дзюнэ не чакае. А пасля яшчэ і яшчэ...

Пераклад са шведскай Надзі Кандрусевіч.

“Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас”. Ульф Старк і Лінда Бундэстам, “Коска”

Звяры якіх ніхто не бачыў апроч нас.jpg

Кніга вясёлых філасофскіх вершаў шведскага дзіцячага пісьменніка Ульфа Старка праілюстраваная вядомай фінскай мастачкай Ліндай Бундэстам.

“Звяры зачароўваюць, бо пазнаеш у іх сябе і іншых. Гэта нашыя ўнутраныя звяры – існасці, нашыя адчуванні, настроі, характары. Аўтар нікога з іх не асуджае, але вучыць нас заўважаць усю гэтую разнастайнасць, вучыць эмпатыі і спагадзе”, – гаворыць перакладніца кнігі са шведскай Алеся Башарымава.

“Таямнiца гары Мiндоўга”. Міхась Зізюк. “Галіяфы”

Таямнiца гары Мiндоўга.jpg

Ігнат, Стась, Мікіта і Юля – неразлучныя сябры. Разам з настаўнікам яны выпраўляюцца ў цікавае падарожжа, спазнаюць знакамітыя мясціны наваградскай зямлі, спрабуюць разгадаць сакрэт гары Міндоўга.

Куды прывядуць верных сяброў пошукі, пра што яны даведаюцца, дзе змогуць пабываць – аб усім гэтым і не толькі. Для сярэдняга школьнага ўзросту.

“Прыгоды Пінокіа”. Карла Калёдзі. “Галіяфы”

Прыгоды Пінокіа.jpg

Гэта адна з самых вядомых у свеце гісторый для дзяцей, яе пераклалі на дзясяткі моў і чытаюць на розных кантынентах. Майстар Джэпэта выразаў марыянетку – драўляную ляльку і даў ёй імя Пінокіа. Той мог рухацца і размаўляць, ад пачатку нарабіў клопату ўсім навокал.

Гарэзлівы, непаслухмяны і ўпарты, ён трапляе ў непрыемныя сітуацыі, якія звычайна заканчваюцца кепска для яго. Маленькі чалавечак праходзіць доўгі і складаны шлях сталення і ўрэшце змяняецца, робіцца станоўчым героем.

Гісторыя

Аграрная палітыка нацыстаў.jpg

“Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі. Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)”. Святлана Казлова. “Янушкевіч”

У 1939 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад СССР. Частка яе насельніцтва спачатку станоўча сустрэла савецкую аграрную рэформу і ліквідацыю польскага асадніцтва, бо ў выніку сялянам Заходняй Беларусі было перададзена 430 тыс. га зямлі былых польскіх маёнткаў. Але неўзабаве савецкая ўлада пачала прымусовую калектывізацыю сельскай гаспадаркі. Як сведчаць матэрыялы НКУС, настроі сялянства Заходняй Беларусі былі яўна не на карысць савецкай калгаснай сістэмы. Гэтыя чыннікі былі ўлічаныя пазней нацыстамі і зрабілі моцны ўплыў на іх эканамічныя захады ў сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі.

У манаграфіі на падставе багатага корпусу архіўных крыніц, якія ўпершыню ўводзяцца ў навуковае абарачэнне, усебакова прааналізавана аграрная палітыка нацыстаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1941–1944 гг.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны

Скот Кэрал: “Беларусь стала нам вельмі дарагой”

23 Кас 2019

На працягу тыдня знаходзіўся ў нашай краіне з візітам знаны навуковец з ЗША, кіраўнік “Групы даследавання рукапісаў”, гісторык і археолаг, доктар філасофіі Скот Кэрал. Летась ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі паспяхова прайшла міжнародная выстава “Беларусь і Біблія”, куратарам якой ён з’яўляўся.

Навіны бібліятэк

Святло зоркі, вернутае праз стагоддзе

22 Кас 2019

17 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася лекцыя Ганны Севярынец “Крытык і сусвет. Адам Бабарэка, літаратура і літаратары”, адна з чатырох запланаваных да 120-годдзя таленавітага літаратуразнаўцы.

Аўтарскі погляд

14 Май 2008

Вялікі ўклад у развіццё літаратурнай бібліяграфіі краіны, распрацоўку яе методыкі, даследаванне жыцця і творчасці славутага беларускага паэта М. Багдановіча ўнесла выдатны бібліёграф, літаратуразнаўца, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Барысаўна Ватацы (14.05.1908 – 03.08.1997).

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

“Мінскае жыццё” на старонках газеты “Звон”

22 Кас 2019

У Беларусь польская інтэрвенцыя пачалася ў канцы лютага 1919 года. Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Польскай дзяржавы на чале з Юзэфам Пілсудскім разглядала Беларусь у якасці яе неад'емнай часткі. Ужо ў першай палове сакавіка 1919 г. польскімі войскамі былі захоплены гарады Брэст, Слонім, Ваўкавыск, Скідзель, Шчучын, Пінск. Праз месяц польскія войскі ўзнавілі наступленне. У ноч на 17 красавіка яны прарвалі Заходні фронт і захапілі Ліду і Баранавічы, а 21 красавіка – Вільню.

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

“Гадзіна музыкі” адкрывае новы сезон

21 Кас 2019

Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў рамках “Гадзіны музыкі” адкрываюць новы сезон інтэрактыўных лекцый “Беларуская музыка ў сусветнай мастацкай прасторы”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111