27–28 мая адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Архівы, бібліятэкі і музеі як інстытуты сацыяльнай памяці чалавецтва”.
Арганізатары:
Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Асноўная праблематыка:
Архівы, бібліятэкі і музеі – найбуйнейшы інфармацыйны рэсурс краіны, які выконвае важную культурную функцыю грамадства – захаванне і забеспячэнне выкарыстання яго дакументальнай спадчыны. У сучасным свеце архівы, бібліятэкі і музеі перажываюць трансфармацыі, звязаныя з актыўным развіццём інфармацыйных тэхналогій і інтэрнэту. Яны закранаюць не толькі формы зносін з карыстальнікамі, але і метады працы з тэкстамі дакументаў. Адказваючы на выклікі часу, архівы, бібліятэкі і музеі трансфармуюцца, але пры гэтым іх роля і значэнне як інстытутаў сацыяльнай памяці чалавецтва застаецца нязменна важнай і культураўтвараючай.
Тэмы для абмеркавання:
- Роля архіваў, бібліятэк і музеяў у фарміраванні гістарычнай памяці.
- Дакументальная спадчына як інфармацыйны рэсурс грамадства.
- Лічбавая трансфармацыя і інстытуты памяці.
- Змена запытаў да анлайнавых рэсурсаў архіваў, бібліятэк і музеяў.
- Алічбоўка дакументаў дзяржаўных архіваў.
- Алічбоўка калекцый рукапіснай, старадрукаванай і рэдкай кнігі, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях.
- Вэб-сайты як форма прадстаўлення ў інтэрнэце работы архіваў, музеяў і бібліятэк.
- Інфармацыйны патэнцыял дакументальнай крыніцы ў гістарычнай адукацыі.
- Праблема ўзаемаадносін карыстальнікаў і захавальнікаў інфармацыі.
- Падрыхтоўка электронных публікацый дакументаў.
- Лічбавыя тэхналогіі ў гістарычнай навуцы: публікацыя архіўных дакументаў у лічбавую эпоху, методыкі вывучэння і апрацоўкі тэкстаў дакументаў.
- Забеспячэнне захаванасці дакументаў архіваў, бібліятэк і музеяў.
- Вяртанне перамешчаных і пошукі згубленых дакументаў.
- Спецыфіка захоўвання, апісання і выкарыстання дакументаў у музеях і бібліятэках.
- Размыванне межаў бібліятэк, архіваў і музеяў (архівы-музеі, бібліятэкі-архівы, бібліятэкі-музеі, медыятэкі і г.д).
- Вызначэнне межаў паняцця “дакумент” у дакументазнаўстве, архівазнаўстве і бібліяграфазнаўстве.
Умовы ўдзелу ў канферэнцыі:
Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна запоўніць да 01.05.2019 г. электронную форму заяўкі на ўдзел і да 15.05.2019 г. накіраваць у аргкамітэт па электроннай пошце adelia.z@gmail.com тэксты выступленняў. Аргкамітэт бярэ на сябе права адбору дасланых матэрыялаў для іх уключэння ў праграму канферэнцыі, пра што будзе паведамлена заяўнікам. У выпадку іх неадпаведнасці тэматыцы канферэнцыі яны не ўключаюцца ў яе праграму, пра што таксама інфармуецца заяўнік.
Тэксты дакладаў і паведамленняў, аформленыя ў выглядзе артыкулаў, будуць апублікаваны ў штогадовым навуковым зборніку “Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі”.
Аб’ём артыкула – да 10 поўных старонак фармату А4, надрукаваных праз 1,5 інтэрвалу, шрыфт TimesNewRoman, кегель 14 пт.
Мовы канферэнцыі – беларуская, руская, польская і англійская.
Праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі – за кошт камандзіруючай арганізацыі.
Кантакты:
Герновіч Таццяна Дзмітрыеўна, кафедра крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
тэлефон: (8 017) 209 57 06;
Сцебурака Анатолій Мікалаевіч, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі,
тэлефон: (8 017) 293 27 81.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.