ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
У госці да Быкава
Хто крадзе веру, розум і волю?

Я роду свайму ў пояс пакланюся

Я роду свайму ў пояс пакланюся
Іншыя навіны

17 чэрвеня ў бібліятэцы прайшоў творчы вечар “Я роду свайму ў пояс пакланюся”, прымеркаваны да 60-годдзя вядомага этнакультуролага Івана Крука.


Пад час імпрэзы, арганізатарамі якой выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, госці дазналіся пра ўнікальныя работы Івана Крука ў галіне этназнаўства. Нацыянальная бібліятэка прадставіла ўвазе прысутных 15 манаграфій вучонага і шмат твораў вуснай народнай творчасці, якія былі запісаны ім у падарожжах па ўсіх куточках нашай краіны.

“Іван Іванавіч Крук – унікальная асоба. Гэта чалавек, для якога Беларусь – не проста назва краіны, а жыццё!”, – адзначыў у віншаванні начальнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Бачыла. Ён расказаў, што студэнты акадэміі, у тым ліку і яго сын, заўсёды знаходзілі ў сабе сілы пры любых абставінах трапіць на заняткі, якія праводзіў Іван Крук, таму што яго намаганнямі ў моладзі з’яўляўся ўнутраны стрыжань, з якім прасцей крочыць па жыцці.

“Дэвіз майго жыцця – «я багаты вамі». Спадзяюся, што мае студэнты будуць багатыя мной”, – адказаў на цёплыя прамовы віноўнік урачыстасці.

Салідарнасць са словамі генерал-маёра выказаў прафесар кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Пётр Ігнатовіч: “На мой погляд, Крук з’яўляецца здабыткам Рэспублікі Беларусь! Сапраўды, ён магутны навукоўца, яго вельмі любяць і паважаюць студэнты”. Прафесар расказаў, што імя юбіляра ўжо ўвекавечана не толькі ў яго асабістых работах, але і ў адным з тамоў выдання “Памяць”, дзе ідзе гаворка пра мясціны, у якіх нарадзіўся Іван Крук, і нават ёсць аб ім артыкул.

Шмат віншаванняў, слоў удзячнасці і ўспамінаў прагучала ад людзей, што на працягу многіх гадоў працавалі і працуюць з вучоным, – супрацоўнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытута культуры Беларусі, прадстаўнікоў выдавецтваў, дамоў шлюбу, журналістаў і многіх іншых асоб.

“Янка Крук – няпросты чалавек, ён звязвае разарваныя нітачкі беларускай культуры. Прыемна, што мы маем гонар віншаваць юбіляра ў нашай установе”, – падкрэсліў у звароце да Івана Крука дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і паміж іншых віншаванняў пажадаў імянінніку, каб яго кнігі былі настолькі запатрабаванымі, што зачытваліся да дзірак.

Музыкальныя віншаванні навукоўцу падарыў фальклорны ансамбль “Сузор’е”, а цудоўны верш яму дастаўся ад уласнага ўнука.

Імя фалькларыста, этнографа, кандыдата філалагічных навук Івана Крука добра вядома шырокай грамадскасці. Асабіста і разам са студэнтамі ён аб’ехаў усю Беларусь, запісаўшы больш за дзесяць тысяч народных твораў. На працягу 35 гадоў ён выступае з лекцыямі, праводзіць круглыя сталы, удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, стварае дакументальныя відэафільмы, прымае актыўны ўдзел у шматлікіх радыё- і тэлеперадачах.

На старонках беларускіх перыядычных выданняў змешчана больш за дзве тысячы навукова-папулярных артыкулаў Івана Крука, прысвечаных захаванню духоўных каштоўнасцей народнай спадчыны.

Навіны
Бібліятэкарам