17 кастрычніка ў рамках рабочага візіту ў Рэспубліку Беларусь Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведаў прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес.
У бібліятэцы адбылася яго сустрэча з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, падчас якой яны абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі ў розных сферах.
Высокіх гасцей вітаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Для прэзідэнта Венесуэлы і кіраўніка беларускай дзяржавы была праведзена экскурсія па бібліятэцы.
Уга Чавесу быў падораны барэльеф Сімона Балівара, выкананы народным майстрам Мікалаем Несцярэўскім, а таксама партрэт Уга Чавеса, напісаны беларускім мастаком Міхаілам Бадамавым. Затым перад лідэрамі дзвюх краін выступілі артысты музычных калектываў Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара.