Віртуальны музей Аркадзя Куляшова “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога...” – гэтымі словамі паэта-класіка Аркадзя Куляшова звяртаем увагу аматараў слоўнай творчасці на персанальныя інфармацыйныя рэсурсы дзеячаў літаратуры Беларусі – М. Гарэцкага, А. Куляшова, У. Скарынкіна.
У базе даных віртуальны музей Аркадзя Куляшова “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога” Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна раскрываецца шматгранная жыццёвая і творчая дзейнасць народнага паэта Беларусі. Рэсурс змяшчае тэксты яго выступленняў, інтэрв’ю, лісты, архіўныя дакументы, фатаграфіі, успаміны блізкіх, поўны спіс кніг, тэксты асобных твораў і артыкулаў, копіі рукапісаў і машынапісаў з аўтарскай праўкай, аўдыязапісы твораў у выкананні аўтара, чытальнікаў.
Жыццё і творчасць паэта і перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Скарынкіна прадставіла ў сваёй “Літаратурнай гасцёўні” бібліятэка Гарадоцкай сеткі публічных бібліятэк Віцебшчыны.
Цэнтральная бібліятэка Горацкай раённай бібліятэчнай сеткі Магілёўскай вобласці носіць імя класіка беларускай літаратуры – яму і прысвечана база даных "Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага".
Перайшоўшы з віртуальнай чытальнай залы па спасылках, вы можаце даведацца цікавыя факты біяграфіі людзей, якія прысвяцілі сябе літаратуры, пазнаёміцца з іх творчасцю, пачуць сэрцам іх мудрую размову з Часам.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам карпаратыўнага ўзаемадзеяння.