ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Семінар у Лідзе, прысвечаны бібліятэкам рэгіёнаў у Год малой радзімы
Выставачны праект “Беларусь і Біблія” атрымаўся грандыёзным!

Віктар Марціновіч: Адзіная ісціна – тая, якую ты знойдзеш сам

Віктар Марціновіч: Адзіная ісціна – тая, якую ты знойдзеш сам
Іншыя навіны

Публікуем другую частку інтэрв'ю з беларускім пісьменнікам Віктарам Марціновічам з нагоды выхаду яго новага рамана “Ноч”. Гэтым разам гаворым пра публіцыстыку, аўтарства і аўтарытэты, а таксама пра тое, што патрэбна сучаснай беларускай культуры.

“Чытаць маю публіцыстыку не трэба”

Што першаснае – Віктар Марціновіч як публіцыст ці як пісьменнік?

Я лічу, што публіцыстыка – гэта проста важная частка маёй біяграфіі, таму што пісьменнік павінен выказвацца пра сучаснасць. Мы ўбралі з майго сайта ўласна публіцыстыку. Я катэгарычна супраць таго, каб публіцыстыку ўключалі ў зборнікі эсэ і выдавалі. Лепш я выразна выкажуся па нейкай тэме, але гэтая пазіцыя заўтра будзе ўжо не актуальная. Таму чытаць маю публіцыстыку не трэба. Калі вы патрапілі на яе, можаце прабегчыся вачыма, каб даведацца пра маю пазіцыю. З іншага боку, часцей за ўсё я выказваюся пра рэчы, балючыя для мяне. І гэтыя рэчы з цягам часу назапашваюцца, выліваюцца ў форму мастацкай прозы. Я стараюся, каб яна была чытабельная, каб была такой жа актуальнай, як публіцыстыка. Проста яна актуальная па-іншаму, на глыбінных узроўнях. Яна будзе сніцца. А публіцыстыка вартая рэакцыі – о’кей, залік, незалік.

martinovich_16.JPG

Улетку вы пабывалі на публічнай лекцыі Івана Красцева (заўв. рэд. – еўрапейскі палітычны філосаф), і тая думка, што вы вылучылі на сваёй старонцы ў фэйсбуку (працытаваны Красцевым Ясперс), мне здаецца, вельмі падыходзіць да нашай рэальнасці: “Фатэрлэнд – гэта зямля, дзе ты ўсё разумееш і спадзяешся быць зразумелым”. Што наконт другой часткі гэтай цытаты? Ваша творчасць – гэта жаданне сказаць ці жаданне яшчэ і быць зразумелым?

Складанае пытанне. Не, напэўна, усё ж такі я шукаю паразумення. І нават усё яшчэ глыбей. Для мяне гэта свайго роду абарона. Ты ж садзішся такія рэчы пісаць, якія, па сутнасці, з'яўляюцца крыкам аб дапамозе, у той момант, калі ты шчыра лічыш, што ты адзін. Вось тады ты садзішся і крычыш. І калі робіш гэта пераканаўча, то аказваецца, што ты не адзін. Таму што, у прынцыпе, няма ніводнай трагедыі, ніводнай эмоцыі, якую не адчувалі б іншыя людзі. Датычна тэкстаў – гэта крык аб дапамозе. У рэшце рэшт, як ты сваю горыч можаш выліць? Альбо расказаць сябру (але застольная скарга на жыццё гэта не жанр). Альбо назапасіць і перанесці на паперу, калі ўжо зусім нясцерпна.

Вы б хацелі, каб вас “расцягвалі” на цытаты?

Так, я думаю, любы б гэтага хацеў. Калі ты варты, афарыстычны, то цябе будуць “расцягваць” на цытаты.

“Аўтарства пачынаецца там, дзе ёсць нейкая новая ідэя”

Калі казаць пра цытаты і згаданы вамі час “фэйк ньюс”, як сёння зразумець, дзе аўтарытэт, што праўдзіва? На што можна арыентавацца?

У мяне ёсць парада. Я сам сабе гэтае пытанне ўвесь час задаваў. Напрыклад, у артыкуле рускамоўнай Вікіпедыі пра Поля Гагена напісана, што ён памёр на Таіці з-за праказы. Гаген ніколі ў жыцці не хварэў на праказу, ён памёр ад ускладненняў, звязаных з сіфілісам. Ніякай праказы ў яго не было. І гэта падаецца як апошняя навіна. Як гэтага пазбегнуць?
Яшчэ 10 гадоў таму я б раіў чытаць кнігі, але кнігі сёння, на жаль, так выдаюцца... У адной добрай, надрукаванай у 2005 годзе выдавецтвам “АСТ” кнізе пра Шагала гаворыцца пра тое, што ён нарадзіўся ў Лёзна. Кнігі самі пачынаюць памыляцца, таму што абапіраюцца на артыкулы ў Вікіпедыі. І гэта замкнёнае кола.
Таму мая парада вельмі простая: шукайце жывых спецыялістаў, верце толькі жывым людзям. Выключайце гаджэты і размаўляйце з жывымі спецыялістамі. Тымі людзьмі, якім вы давяраеце. Шукайце жывых ведаў і жывых носьбітаў ведаў. Відаць, усё гэтым і скончыцца.

Нямецкі філосаф ХХ стагоддзя Ганс-Георг Гадамер у сваіх работах пісаў пра шкоду такой з'явы, як адчужэнне чалавекам уласнага эстэтычнага ўспрымання на карысць агульных катэгорый, норм, стандартаў і інш. Як звычайнаму чалавеку прыйсці, напрыклад, на выстаўку Брэйгеля ў Вене, прысвечаную 450-годдзю з дня смерці фламандскага мастака, і не засланіць вочы катэгорыямі, нечыімі словамі і брашурамі пра Брэйгеля?

Самы просты спосаб – нічога не чытаць да выстаўкі. Другая ўмова – паспрабаваць не спаць ноч да гэтага і нічога не есці двое сутак. Усё. Ты прыходзіш і бачыш чыстае мастацтва, ад якога плачаш і смяешся. Але не кожны на гэта здольны. Мастацтва, літаратура патрабуюць ад чытачоў і гледачоў цяжкай працы. Тое, што апісана Гадамерам, з'яўляецца, у тым ліку, вытворнай ляноты. Таму што мы катэгарызіруем нашы эстэтычныя перажыванні менавіта з-за таго, што лянуемся іх адчуваць. Значыць, трэба проста вярнуць сабе пачуццё. Вярнуць сабе яго, паўтаруся, вельмі проста – не паспі ноч і прыйдзі на Брэйгеля. Цябе “торкне” мацней, чым калі ты выспішся, возьмеш аўдыягід за 5 еўра і там табе ўсё раскладуць. Гэта як з карцінай “Адкуль мы прыйшлі? Хто мы? Куды мы ідзём?” (заўв. рэд. – карціна мастака Поля Гагена). У рунэце ёсць, напэўна, мільён інтэрпрэтацый яе сімвалаў. І кожны з гэтага мільёна легітымны. Таму адзіная ісціна тут – праўда, якую ты знойдзеш сам.

Сапраўды, я нядаўна ў Пушкінскім музеі ў Маскве правяла некалькі гадзін, без экскурсавода і брашур. Думаю, што вынесла адтуль іншую інфармацыю, у параўнанні з тымі, хто хадзіў з аўдыягідам. Разглядаючы экспазіцыю, я раптам выявіла, што фламандцы любілі сабак. А вы, дарэчы, любіце сабак?

Так, люблю. Але ў “Ночы” з сабакам робяць такое, што лепш нават не... Там у чалавека зусім нікога няма, ён ідзе праз усе прыгоды з сабакам. І кожны раз, калі праходзіш выпрабаванні, ты штосьці павінен губляць. Ён губляе наогул усё, нават лепшага сябра. Мой раман, у тым ліку, пра любоў да сабачак. Таму што герой прадстаўлены такім антыкашатнікам, прычым іншых сабак у гэтым рамане ўжо з'елі даўно.

Калі вярнуцца да пытання аўтарытэтаў, як можна зразумець – дзе пачынаецца аўтарства? Дзе праходзіць мяжа паміж ім і, скажам так, смеццем?

Мне здаецца, мы перажылі толькі што вельмі моцнае выказванне на тэму аўтарства, звязанае са знішчэннем карціны Бэнксі. Гэтае выказванне аказалася настолькі поўным, што я бачыў твіт аўкцыённага дома аб тым, што не трэба прапускаць свае копіі карцін Бэнксі праз шродар і прапаноўваць іх прадаць за 500 мільёнаў. Гэта не тое ж самае. Аўтарства пачынаецца там, дзе ёсць нейкая новая ідэя. І яно заканчваецца там жа.

Лаяць ці хваліць?

Мне здаецца, што толькі хваліць. Нашым рухавіком у размове пра мастацтва павінна быць або цішыня, або рэкамендацыя. Таму што мы жывём у сітуацыі культурнай перавытворчасці, перавытворчасці аўтарства. Значыць, размовы дастойны толькі тыя людзі, якія вас захапляюць. Астатніх не трэба згадваць. Таму што, калі ты лаеш кагосьці з усіх сіл – ты яго таксама ўсхваляеш. Абавязкова знойдуцца тыя, хто возьмуцца гэта чытаць. Успомнім, напрыклад, Генры Мілера або Набокава, “Лаліту”, якая праславілася дзякуючы забаронам пурытанскім, ханжаскім.

“Нам трэба зрабіць кіно, якое выйграе Оскар”

У адным са сваіх публіцыстычных тэкстаў вы падабралі трапнае апісанне пэўнай сітуацыі: Брэйгель без “Вавілонскай вежы”. Гэта было сказана пра выстаўку Язэпа Драздовіча, на якой па пэўных прычынах не прадстаўлена яго галоўная карціна. Як мы можам спалучаць жаданне бязмерна любіць сваю культуру, зялёны беларускі плот Шагала і жыць у рэальнасці, дзе магчымы гэтакі Брэйгель без “Вавілонскай вежы”?

Проста трэба быць у ліку тых людзей, якія, прыходзячы на выстаўку Брэйгеля i не знаходзячы там “Вавілонскай вежы”, разумеюць, што самае галоўнае ім не паказалі. Самае страшнае, што можа наступіць, – гэта сітуацыя, калі ўсе падумаюць, што “Вавілонскую вежу” ён і не маляваў ніколі. Выйсце простае: каб нешта ведаць, трэба ведаць усё. І трэба ведаць, дзе гэта ляжыць. Таму што галоўнае ад цябе пастаянна схавана, як тая Царыца Неба і Зямлі ў Малмыгах (заўв. рэд. – адсылка да “Возера радасці”).

У раённым музеі ў Беларусі можна знайсці нешта, што табе “знясе вежу”. Напрыклад, у Рагачоўскім раёне ў школе ў скрынках кардонных ляжаць біўні, косткі прыкладна двухсот мамантаў. Там была стаянка старажытных людзей, якія з гэтых мамантаў сабе рабілі шатры. Дзясяткі кілаграмаў шкілетаў мамантаў, але пра гэта неяк не вядома. Дзе Рагачоў, дзе Мінск. Так што трэба быць цікаўным, каб разумець, што “Вавілонская вежа”– гэта галоўнае, што зрабіў Брэйгель.

Што трэба зрабіць у сучаснай беларускай культуры, каб заўтра пра яе ўсё загаварылі?

У беларускай культуры ўжо створана кніга, якая выйграла Нобелеўскую прэмію. Проста працягваць у тым жа напрамку. Дваццаць гадоў таму ніхто не ведаў, што краіна такая ёсць. Цяпер усе гавораць пра беларускую пісьменніцу, якая атрымала Нобелеўскую прэмію. Мне здаецца, нармальна ўсё ідзе. Цяпер бы яшчэ з кіно трохі папрацаваць і з музыкай. Таму што “Ляпіс” – гэта добра, але трэба, каб “Ляпіса” пачалі ставіць у Галівудзе. Так што нам трэба зрабіць кіно, якое выйграе Оскар.

Аўтар публікацыі: Яна Паляшчук, рэдактар аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала.

Чытайце таксама першую частку інтэрв'ю ад 17.10.2018.

Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Навіны

Майстар-клас для юрыстаў

16 Ліс 2018

15 лістапада ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь спецыялісты аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання правялі майстар-клас для юрыстаў, студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў установы адукацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

17 лістапада – 190 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча, калекцыянера, нумізмата Эмерыка Карлавіча Чапскага

17 Ліс 2018

Адной з вядомых постацей у беларускай гісторыі быў Эмерык Карлавіч Чапскі (1828 – 1896 ці 1897), які шмат зрабіў для папулярызацыі культуры і мастацтва Беларусі, Польшчы, Расіі. Усё ім сабранае і апублікаванае стала народным здабыткам.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі прэзентаваны ў Магілёве

15 Ліс 2018

15 лістапада інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і магчымасці іх выкарыстання ў інфармацыйным забеспячэнні вышэйшай адукацыі былі прадстаўлены ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі на VII Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме

15 Ліс 2018

15–17 лістапада ў Расійскай Федэрацыі праходзіць VII Санкт-Пецярбургскі міжнародны культурны форум, у мерапрыемствах якога прымае ўдзел дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У дар бібліятэцы папраўчай калоніі № 13 г. Глыбокае перададзены больш за 600 экзэмпляраў кніг

15 Ліс 2018

Больш за 600 экзэмпляраў кніг з фонду ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў аддзела камплектавання фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў чарговы раз былі перададзены бібліятэцы папраўчай калоніі № 13 г. Глыбокае (Віцебская вобласць).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі