6–10 лютага Нацыянальная бібліятэка Беларусі возьме ўдзел у ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе ў Адміністрацыйным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14.
Прэзентацыі, выстаўка, інтэрактыўная гульня – бібліятэка падрыхтавала насычаную праграму. Будзе весела, цікава і пазнавальна.
Наша экспазіцыя “Беларускі буквар: чатыры стагоддзі гісторыі” раскажа, якімі былі дапаможнікі для пачатковага навучання грамаце ў розныя эпохі, пачынаючы з XVI стагоддзя па сённяшні дзень.
Цэнтральны экспанат – факсіміле 400-гадовага “Буквара”. У Год малой радзімы аднаўленне першай у свеце кнігі з такой назвай стала па-сапраўднаму сімвалічнай падзеяй. “Буквар” – адзіны ў сваім родзе помнік беларускай асветніцкай думкі.
На выстаўцы будуць прадстаўлены і яго “нашчадкі”. Буквар Спірыдона Собаля (Куцейна, 1631 г.), “Букварь языка славенскаго” (Вільня, 1767 г.), буквары Цёткі, Якуба Коласа, Каруся Каганца, Сцяпана Некрашэвіча, заходнебеларускія буквары, сучасныя пад аўтарствам залатога медаліста Лейпцыгскага кніжнага кірмашу Анатоля Клышкі.
Праграма Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (цэнтральная пляцоўка Нацыянальнага стэнда Беларусі):
6 лютага ў 14.45 – прэзентацыя факсімільнага выдання першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар” (Еўе, 1618 г.)
Кніга – факсімільнае ўзнаўленне “Буквара”, які выйшаў у свет 24 ліпеня 1618 г. у друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў мястэчку Еўе. Гэта адзіны ў сваім родзе помнік асветніцкай думкі Беларусі, найбольш ранні друкаваны дапаможнік для пачатковага навучання грамаце.
7 лютага ў 14.00 – прэзентацыя электроннага выдання “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.”
Унікальны праект – сапраўдная знаходка для ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй. На 2 кампакт-дысках сабраны копіі каля 2 400 нумароў газет з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і іншых арганізацый, а таксама артыкул кандыдата гістарычных навук Андрэя Унучака “Беларускі друк у перыяд станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці. 1917–1922 гг.”
8 лютага ў 14.00 – прэзентацыя электроннага рэсурса “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”
Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала яшчэ адзін інфармацыйны рэсурс – тэматычны сайт “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”. Мэта рэсурсу – не толькі прадставіць яркую інфармацыйную палітру сучаснай Беларусі, але, галоўным чынам, дапамагчы зарыентавацца ў шматлікіх сеткавых рэсурсах, атрымаць аўтарытэтную і праўдзівую інфармацыю пра нашу краіну праз адзіны пункт доступу. Рэсурс багата ілюстраваны, рэалізаваны на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай.
Далучайцеся да самага маштабнага кніжнага фестывалю разам з намі!
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 28 81.
Е-mail: pr@nlb.by
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.