Увесь год Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею ўнікальнага старажытнага помніка і накіраваныя на папулярызацыю беларускай культуры. Урачыстасці з нагоды выхаду ў свет факсімільнага выдання “Буквар” прайшлі і ў Швейцарыі.
27 лістапада дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі наведаў аддзяленне славянскіх моў і літаратуры філалагічнага факультэта Жэнеўскага ўніверсітэта, дзе распавёў студэнтам пра кніжную культуру Беларусі ў кантэксце еўрапейскай і нацыянальнай гісторыі, засяродзіўшы асаблівую ўвагу на зараджэнні і станаўленні пісьменства.
Працягам мерапрыемства стала адкрыццё ў бібліятэцы філалагічнага факультэта пастаяннай міні-экспазіцыі, дзе прадстаўлены выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечаныя беларускай мове, літаратуры і культуры нашай краіны.
Падчас цырымоніі адкрыцця Раман Матульскі прэзентаваў і перадаў у дар Жэнеўскаму ўніверсітэту факсіміле першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар”. Ён распавёў пра гісторыю выдання і яго значэнне для беларусаў:
“Гэта адзіны ў сваім родзе помнік асветніцкай думкі Беларусі, найбольш ранні друкаваны дапаможнік для пачатковага навучання грамаце. Выданне раскрывае ўсю значнасць і ўнікальнасць помніка і прызначана садзейнічаць папулярызацыі лепшых узораў кніжнай культуры беларускага народа, захаванню яго духоўнай спадчыны”.На мерапрыемствах прысутнічалі прадстаўнікі рэктарата, дэканата, выкладчыцкага складу Жэнеўскага ўніверсітэта, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, а таксама студэнты, якія вывучаюць славянскія мовы.
28 лістапада ўрачыстыя мерапрыемствы працягнуліся ў Бернскім універсітэце.
У Інстытуце славянскіх моў і літаратуры адбыўся сімпозіум “Беларускія даследаванні ў Берне”, у рамках якога Раман Матульскі пазнаёміў прысутных з праектам па факсімільным узнаўленні “Буквара”, а таксама перадаў у дар універсітэту калекцыю беларускіх выданняў, якія найбольш поўна адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё краіны, яе шматвяковую гісторыю і культуру. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў сваім выступленні адзначыў, што падораная літаратура будзе спрыяць пашырэнню замежнай універсітэцкай аўдыторыі, для якой кнігі будуць прадстаўляць практычную цікавасць.
З лекцыямі па гісторыі беларускай мовы і літаратуры перад студэнтамі ўніверсітэта выступілі Ірына Падцяргера, доктар філалагічных навук, прафесар Інстытута славістыкі Гейдэльбергскага ўніверсітэта, а таксама асістэнты Інстытута славянскай мовы і літаратуры Эліяс Бунатыру і Сімяон Дэкер.
У працы сімпозіума ад беларускага боку таксама прынялі ўдзел Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Павел Мацукевіч, Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі, і Уладзіслаў Сахашчык, трэці сакратар пасольства.
У гэты ж дзень Раман Матульскі сустрэўся з Эвай Маўрэр, дырэктарам Швейцарскай усходнееўрапейскай бібліятэкі. У фонд бібліятэкі была перададзена калекцыя беларускіх выданняў – лаўрэатаў нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і іншых прэстыжных прэмій у рамках праекта "Беларусь сёння". У збор увайшлі лепшыя літаратурна-мастацкія, навуковыя, навукова-папулярныя выданні, энцыклапедыі, даведнікі і фотаальбомы.
Візіт адбыўся пры падтрымцы Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацый у Жэневе, а таксама Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі.Партнёрамі па факсімільным узнаўленні першага ў свеце “Буквара” выступілі Бібліятэка Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл у Лондане, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а таксама Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.