ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
“Я – поле, я сціхлая ў горадзе вёска...”
Прыпадаю да нябёс…

У бібліятэцы прэзентавалі “Вялікі гістарычны атлас Беларусі”

У бібліятэцы прэзентавалі “Вялікі гістарычны атлас Беларусі”
Іншыя навіны

21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшла прэзентацыя фундаментальнага чатырохтомнага выдання “Вялікі гістарычны атлас Беларусі”.

У старажытнагрэчаскай міфалогіі Атласам (або Атлантам) называлі вялізнага магутнага тытана, які трымае на сваіх плячах небасхіл. Атлас, які быў прэзентаваны ў бібліятэцы, не саступае яму ў маштабах – больш за 10 гадоў картографы, гісторыкі, карэктары і іншыя спецыялісты працавалі над стварэннем першага ў Беларусі найбольш поўнага гісторыка-картаграфічнага выдання, якое ахоплівае перыяд ад з’яўлення першабытнага чалавека на беларускіх землях да нашага часу.

Госці мерапрыемства азнаёміліся са зместам усіх чатырох тамоў, даведаліся пра асаблівасці падрыхтоўкі карт і каштоўнасць “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” ў культурным кантэксце.

На прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытута гісторыі НАН Беларусі, міністэрстваў замежных спраў, культуры, інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Федэральнай службы дзяржаўнай рэгістрацыі, кадастру і картаграфіі Расійскай Федэрацыі, а таксама дыпламаты, навуковыя дзеячы і журналісты.

Ва ўрачыстай абстаноўцы поўны камплект атласа быў перададзены ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Ініцыятарам праекта па стварэнні атласа стала РУП “Белкартаграфія”. Дырэктар арганізацыі Іна Шлык адзначыла, што работа над такім буйным выданнем стала новым этапам у развіцці айчыннай картаграфіі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падзякаваў аўтарскаму калектыву за шматгадовую працу над такім буйным выданнем і запэўніў, што 4 тамы атласа зоймуць годнае месца ў галоўнай кніжнай скарбніцы краіны.

Першы том “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” выйшаў у 2009 годзе, апошні – у кастрычніку 2018-га. Тэматычныя раздзелы кніг прысвечаны ваенна-палітычным падзеям, адміністрацыйным пераўтварэнням, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю, духоўнаму жыццю грамадства. На старонках атласа чытач знойдзе больш за 400 унікальных карт. У аснове кожнай – арыгінал-крыніца. Кожны том атласа дапаўняюць генеральныя карты, на якіх паказаны ўсе больш-менш значныя населеныя пункты адпаведнага часу з пазначэннем прыналежнасці. Геаграфічны паказальнік знаёміць чытача з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, прыналежнасцю да паветаў і маёнткаў, часам першай згадкі ў крыніцах, варыянтамі і зменамі назваў.

У распрацоўцы выдання, акрамя супрацоўнікаў прадпрыемства “Белкартаграфія”, удзельнічалі таксама вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі, спецыялісты Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых навучальных устаноў, а таксама розных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.

Глядзіце наш фотарэпартаж пра прэзентацыю “Вялікі гістарычны атлас Беларусі”, а таксама відэасюжэт тэлеканала "Беларусь 1" "Новы Вялікі гістарычны атлас Беларусі прадставілі ў Мінску" і рэпартаж тэлеканала СТВ:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам