ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Раман-эпапея “Четыре судьбы. Одна Родина” папоўніць фонды бібліятэк краіны
Самы што ні ёсць – беларускі: Анатоль Бутэвіч адзначыў 70-годдзе

Сёння – 90 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі

Сёння – 90 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі
Іншыя навіны

Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка (1928–2014) належыць да таго пакалення беларускіх мастакоў, творчасць якіх сфарміравалася ў пасляваенныя гады. На сваіх палотнах, выкананых з высокім прафесійным майстэрствам, ён адлюстраваў успаміны дзяцінства, прыгажосць беларускай прыроды, гістарычнае мінулае і сучаснасць нашай краіны.

Нарадзіўся будучы мастак у вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Ён рана застаўся без бацькі, які быў арыштаваны ў 1937 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і старэйшым братам знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. У 1945 г. паступіў у Кіеўскае вучылішча прыкладнога мастацтва. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаў сваіх педагогаў – вядомую мастачку Т. Яблонскую (выкладала жывапіс) і прафесара М. Прахава (чытаў гісторыю мастацтваў). У 1948 г. Г. Вашчанка скончыў вучылішча і пачаў працаваць мастаком на кінастудыі імя А. Даўжэнкі. У 1949 г. стаў студэнтам факультэта манументальнага жывапісу Львоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Вучыўся ў вядомых мастакоў Р. Сельскага, І. Гутарава, І. Бакшая.

У 1955–1960 гг. выкладаў у Рэспубліканскім мастацкім вучылішчы ў Кішынёве. Педагагічную работу сумяшчаў з творчай: пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты, працаваў у манументальным мастацтве – у Маскве займаўся аздабленнем аднаго з павільёнаў Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР).

Spradveky.jpg

Г.Х. Вашчанка. "Спрадвеку" (1981).

Вясной 1956 г. у Кішынёве адбылася першая персанальная выстаўка Г. Вашчанкі. У 1957 г. ён быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР і стаў лаўрэатам фестывалю моладзі і студэнтаў Малдаўскай ССР. У 1960 г. мастака ўзнагародзілі медалём “За трудовую доблесть”. У гэтым жа годзе Г. Вашчанка ўдзельнічаў у рабоце з’езда беларускіх мастакоў, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з вядомым жывапісцам У. Стальмашонкам.

Па яго запрашэнні ў 1961 г. прыехаў у Мінск і пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (з 1991 г. – Беларуская акадэмія мастацтваў). Ён узначальваў кафедру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (1961–1963), у сувязі з яе рэарганізацыяй кіраваў майстэрняй пры кафедры жывапісу (1966–1975), потым загадваў кафедрай манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (1975–1995). У 1965 г. Г. Вашчанка стаў дацэнтам, у 1980 г. – прафесарам. Ён унёс вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі, падрыхтаваў больш за 200 мастакоў, многія з якіх сталі вядомымі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.

Prastora.jpg

Г.Х. Ващанка. "Прастора" (1978).

У першыя гады жыцця ў Беларусі мастак пісаў пераважна пейзажы і нацюрморты. У яго карцінах “Хлеб” і “Цыкламены” (1966, за апошнюю ў 1969 г. атрымаў бронзавы медаль ВДНГ СССР), “Няміга” (1967), “Яблынька” (1968) адчуваўся добры густ, пачуццё колеру, уважлівае станаўленне да кампазіцыі. Значнае месца ў творчасці мастака займала тэма Палесся. Карціны “Палеская песня” (1968), “Сакавік” (1973), “Над Прыпяццю” (1988), “Дзедаў млын” (1996) і іншыя вылучаюцца выразнасцю, адпрацаванай перспектывай, ураўнаважанасцю фігур, абагульненасцю вобразаў, здзіўляюць тонкай жывапіснай мелодыкай, адметным колерам. У 1975 г. за палотны “Маё Палессе” (1971), “Нафтавікі Палесся” (1973), “Мацярынскія крылы” (1975) жывапісец быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР.

Novogrudchina.jpg

Г.Х. Вашчанка. "Навагрудчына" (1985).

Падзеям Вялікай Айчыннай вайны, перажытай мастаком у дзяцінстве, прысвечаны карціны “Ад Савецкага інфармбюро” і “Непакораныя” (1967), “Балада пра мужнасць” (1974; сярэбраны медаль імя М. Грэкава, 1975 г.), “Прарыў” (1982) і інш. За апошняе палатно, а таксама за карціны “Мір зямлі маёй” і “Ліпеньскі мёд” (1982) Г. Вашчанка атрымаў у 1984 г. Дзяржаўную прэмію БССР.

У карцінах “Бяда” (1989), “Радыяцыя” (1990), “Зорка Палын” (1996), “Чарнобыльскі рэквіем” (1998), “26 красавіка” (2001), “Развітанне” (2002) і іншых мастак перадаў драматычныя падзеі чарнобыльскай катастрофы.

Гістарычнаму мінуламу нашай краіны і яе знакамітым асобам Г. Вашчанка прысвяціў такія палотны, як трыпціх пра паўстанне К. Каліноўскага “За зямлю, за волю” (1983), “Грунвальдская бітва” (1985), “Нашчадкам” (1990–1995), “Каралева Бона” (1997), “Шляхецкая годнасць” і “Канстанцін Астрожскі” (1998), “Адраджэнне” (1999), “Прывіды Гальшанскага замка” (2000), “Легенда Нясвіжа” (2001), “Леў Сапега ў Гальшанах” (2002), “Князь Чарадзей” (2006) і інш.

Radiacia.jpg

Г.Х. Вашчанка. "Радыяцыя" (1987).

Створаныя жывапісцам партрэты асветнікаў Е. Полацкай, К. Тураўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, першадрукара Ф. Скарыны, пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, В. Быкава, У. Караткевіча, дзеячаў культуры М. Пташука, У. Пракапцова, У. Мулявіна і інш. вылучаюцца не павярхоўным знешнім падабенствам, а тым, што раскрываюць глыбінную сутнасць асобы.

Гаўрыла Харытонавіч – мастак шырокага творчага дыяпазону. У карцінах “Опус 37” (1993), “Тэатр абсурду” (1997), “Катарсіс” (2000) ён выступае як удумлівы мысліцель, які перажывае за лёс грамадства. Філасофскімі роздумамі аб тайнах быцця напоўнена серыя палотнаў “Крылы” (1994). Рэлігійнай тэме прысвечаны жывапісныя творы “Дыялогі” (1995), “Маленне аб чашы” (1999), “Збавіцель (Мір уваходзячаму)” (1999–2001), “Анёл” і “Чаша” (2006), “Тайна Гефсіманскага саду” (2009) і інш. Яны выхоўваюць у чалавеку глыбокую маральнасць і духоўнасць.

З асаблівай сілай праявіўся талент творцы ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Маштабнасць задумы, цэльнасць, гуманізм, дакладная сістэма фарміравання прасторы вылучае мазаічнае пано мастака “Палёт” (1963, Палац культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску) і ману­ментальныя размалёўкі “Зямля светлагорская” (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), “Асветнікі” (1976, Дом настаўніка ў Мінску), вітражы ў Доме кіно (1971–1974, цяпер – касцёл Свв. Сымона і Алены) і ў мінскім кінатэатры “Масква” (1980, у суаўтарстве з М. Вашчанкам). Манументальнымі работамі, выкананымі ў тэхніцы энкаўстыкі, сталі пано для аэрапорта “Мінск-2” (карціны “Палессе”, “Наваградчына”, “Раўбічы” і “Сынкавічы”, 1988) і для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (“Над Сожам”, “Памяць”, “Святыні” і “Храм-крэпасць”, 2007).

У 1977 г. Гаўрылу Харытонавічу Вашчанку было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, у 1988-м – народнага мастака Беларусі. У 1995 г. яго ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны. У 2013 г. выбралі ганаровым грамадзянінам Гомеля. Міжнародны біяграфічны цэнтр Кембрыджа прысудзіў Г. Вашчанку званні “Чалавек года – 1992”, “Чалавек ХХ стагоддзя” (1993), Амерыканскі біяграфічны інстытут – званне “Чалавек года – 1994”. Творы Г. Вашчанкі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва, Нацыянальным мастацкім музеі Малдовы, Нацыянальным мастацкім музеі Балгарыі, у фондах Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў, Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, прыватных калекцыях. У 2002 г. у Гомелі адкрываецца Карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі. Для яе заснавання мастак перадаў некалькі дзясяткаў жывапісных палотнаў, акварэлей і эскізаў манументальных работ.

Матэрыял пра Г. Х. Вашчанку і іншых вядомых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у навуковую, культурную і духоўную спадчыну Беларусі, найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны, помнікі гісторыі, культуры, прыроды можна таксама знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.


Навіны

Краязнаўчыя рэсурсы публічных бібліятэк на віртуальнай пляцоўцы НББ

27 Ліс 2020

24–25 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для бібліятэк Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей прайшлі навучальныя мерапрыемствы, якія закрылі серыю вебінараў, прысвечаных краязнаўчым інфармацыйным рэсурсам публічных бібліятэк.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш, чым пісьменнік: адкрылася выстаўка “Княства вобразаў і слоў” (+ відэа)

26 Ліс 2020

26 лістапада а 17-й гадзіне ў галерэі “Мабільная” (3-ці паверх) адбылося адкрыццё выстаўкі “Княства вобразаў і слоў”. Экспазіцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы прайшло пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі

27 Ліс 2020

26 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

#BelBookChallenge 2020 – на старт!

27 Ліс 2020

Калі вы даўно хацелі бліжэй пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, але Сусвет усё ніяк не падаваў вам знак, то – вось ён! З 26 лістапада па 6 лютага ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча Нацыянальная бібліятэка запускае кніжны чэлендж. Кіньце кніжны выклік самому сабе!

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віншуем: генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абраны прэзідэнтам Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі!

25 Ліс 2020

25 лістапада на XXIV Агульным сходзе членаў некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” (БАЕ) прайшлі выбары прэзідэнта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111