2 жніўня адбылася сустрэча маладых спецыялістаў з генеральным дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзімам Гігіным.
Мерапрыемства, якое ўжо стала традыцыйным, накіравана на паспяховую адаптацыю і наступнае замацаванне на першым працоўным месцы ўчарашніх выпускнікоў, а яшчэ – добрая нагода выказаць разуменне таго, што кожны малады спецыяліст важны і патрэбны!
Пагаварылі пра ўмовы пражывання, працы і вольнага часу. Закраналіся праблемы сацыяльна-бытавых умоў і транспартных зносін. Узнялі пытанне і аб магчымасці прафесійнага росту – высокія амбіцыі заўсёды вітаюцца. Абмеркавалі пытанні ўдзелу спецыялістаў у грамадскім жыцці бібліятэкі.
Такія сустрэчы дазваляюць маладым спецыялістам пазнаёміцца з кіраўніцтвам, даведацца пра мэты ўстановы, а таксама задаць пытанні і выказаць свае ідэі. У сваю чаргу, кіраўніцтва бібліятэкі можа ацаніць патэнцыял маладых спецыялістаў і вызначыць, які ўклад яны могуць унесці ў развіццё ўстановы.
Важна адзначыць, што такія мерапрыемствы не толькі дапамагаюць маладым спецыялістам адаптавацца да новай працы, але і спрыяюць развіццю карпаратыўнай культуры і ўмацаванню каманднага духу.
У канцы Вадзім Францавіч пажадаў прысутным паспяховай працоўнай дзейнасці, росту, дабрабыту!
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.