ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Лёсы старадрукаў, як лёсы людзей
Палала зара новай эры

Семінар пра новыя дакументы па генеалогіі

Семінар пра новыя дакументы па генеалогіі
Іншыя навіны

5 лістапада адбыўся рэальна-віртуальны семінар “Новыя дакументальныя набыткі і знаходкі па генеалогіі”, які Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала ў партнёрстве з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі.

На семінары прагучалі наступныя даклады:

  • Гарковіч Н.В., загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук
    Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як падмурак для пазаархіўных генеалагічных пошукаў.
  • Суша А.А., намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі
    Дакументальныя набыткі генеалагічнага характару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў 2020 годзе.
  • Лісейчыкаў Д.В., намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук
    Якімі дакументамі папаўняюцца фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі?: набыткі і знаходкі 2010–2020 гг.
  • Снапкоўскі Ю.М., намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, аспірант Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
    Генеалагічныя крыніцы ў абласных і занальных архівах Рэспублікі Беларусі.
  • Кароўчанка А.В., каардынатар валанцёрскага руху генеалагічнай супольнасці Беларусі
    Волонтёрское движение в генеалогическом сообществе Беларуси: цели, перспективы.

Наталля Віктараўна Гарковіч прадставіла агляд друкаваных выданняў XIX–XXI стст., якія знаходзяцца на захаванні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і з’яўляюцца падставай для правядзення даследаванняў па генеалогіі. Былі агучаны агульныя парады і, адпаведна, крыніцы для пачатку даследавання радавода, серыйныя выданні і часопісы, дзе ўтрымліваюцца каштоўныя звесткі па названай тэматыцы, пералічаны грунтоўныя даследаванні па землеўладальніках Мінскай губрені канца XIX – пачатку XX ст., выданні інвентароў маёнткаў. Дакладчыца звярнула ўвагу на шматлікія прафесійныя працы гісторыкаў, у якіх змешчаны грунтоўныя імянныя паказальнікі з каштоўнай генеалагічнай інфармацыяй. Як асобная група друкаваных крыніц былі прадстаўлены гербоўнікі беларускай шляхты, выдадзеныя ў розныя перыяды. Дакладчыца не абышла ўвагай крыніцы з імяннымі паказальнікамі ўраднікаў і іншых дзяржаўных дзеячаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Усе апісаныя ў дакладзе кнігі і іншыя дакументы прэзентаваны ў зале рукапісаў, рэдкіх кніг і старадрукаў як асобная тэматычная падборка дакументаў.

Аляксандр Аляксандравіч Суша распавёў пра новыя каштоўныя крыніцы па генеалогіі Беларусі, якія на працягу апошніх двух гадоў трапілі ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод іх – спавядальныя ведамасці, перадшлюбныя вобыскі, кнігі запісаў аб хрышчэннях, шлюбах і смярцях жыхароў розных куточкаў Беларусі і навакольных зямель. Большасць з іх былі складзены пры праваслаўных і каталіцкіх храмах у цэнтральнай і паўночнай частках нашай краіны ў XVIII – пачатку XX ст. і ўяўляюць вялікую цікавасць для ўсіх, хто шукае звесткі пра сваіх продкаў з гэтых рэгіёнаў. Што цікава, усе названыя крыніцы трапілі ў фонды бібліятэкі самымі рознымі шляхамі – праз дары і ахвяраванні папярэдніх уладальнікаў, шляхам закупкі, а таксама атрыманы ў часовае выкарыстанне з магчымасцю іх алічбоўкі і выдачы для працы ўсім зацікаўленым.

Даклад Дзяніса Васільевіча Лісейчыкава прысвечаны дакументальным навінкам генеалагічнага характару, якія з’явіліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Дакладчык расказаў пра крыніцы паступлення дакументаў у фонды архіва, а таксама пра тое, дакументы якіх культавых устаноў з’явіліся ў архіве за апошні час фізічна і ў электронным выглядзе. Намеснік дырэктара архіва заклікаў грамадзян прадстаўляць метрычныя кнігі ў архіў на ўмовах дамовы з мэтай іх алічбоўкі, атрыбуцыі і забеспячэння магчымасці карыстацца імі нашым суграмадзянам.

Юрый Мікалаевіч Снапкоўскі распавёў пра спецыфіку абласных і занальных архіваў Беларусі. З яго даклада можна даведацца пра склад архіўных дакументаў, што значна аблягчае правядзенне генеалагічных пошукаў. Дакладчык акрэсліў асноўныя крыніцы па генеалогіі ў азначаных архівах, пазначыў, дакументы якога перыяду знаходзяцца ў кожным з іх. Даследчык звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што дакументы КПСС (біяграфіі, дакументы прыёму ў партыю, партыйных чыстак 1920–1930-х гг.), дакументы акупацыйных уладаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, фільтрацыйныя справы (дакументы пасля вяртання грамадзян з палону і з акупаванай тэрыторыі) і інш. захоўваюцца толькі ў абласных архівах і маюць выключнае значэнне для генеалагічных пошукаў.

Алена Валер'еўна Кароўчанка распавяла пра валанцёрскі рух, які ўзнік для першаснай апрацоўкі найбольш інфарматыўных з пункту гледжання генеалогіі вопісаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Дакладчыца акрэсліла мэты, задачы валанцёрскай справы ў гэтым кірунку, расказала пра супрацоўніцтва з архівам, пра новыя магчымасці і поспехі ў сувязі з адкрыццём доступу да вопісаў архіва ў рэжыме анлайн. Даследчыца растлумачыла, чаму ўсім, хто цікавіцца генеалагічнай тэматыкай, будзе надзвычайна важна і зручна карыстацца прадуктам, які ствараюць валанцёры, а таксама заклікала далучацца да праекта: poiskpredkov.by.

Удзельнікі сустрэчы адказалі на пытанні ўсіх зацікаўленых, якія задаваліся афлайн і анлайн. Да эфіра далучыліся даследчыкі, спецыялісты бібліятэк і архіваў з розных краін, з чаго бачна, што мерапрыемства набыло міжнародны статус.

У падсумаванні было прапанавана рэгулярна ладзіць падобныя прафесійныя сустрэчы ў рэальнай і віртуальнай прасторы з мэтай асвятлення найноўшых паступленняў гістарычных крыніц у фонды беларускіх бібліятэк і архіваў.

Запіс семінара можна глядзець на канале YouTube па адрасе https://youtu.be/gD70OdSBKtE.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам