21 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя серыі кніг Б.А. Лазукі “Гісторыя сусветнага мастацтва”.
З прывітальным словам на мерапрыемстве выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, загадчык рэдакцыі выдавецтва “Беларусь” Сяргей Пешын, загадчыца кафедры сусветнай і айчыннай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Вера Пракапцова, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Прохараў, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Барыс Лазука.
Кнігі Б.А. Лазукі – першыя даследаванні ў айчынным мастацтвазнаўстве, прысвечаныя замежнай культурнай спадчыне, дзе паказана развіццё архітэктуры, жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У прэзентуемых работах вядомага беларускага вучонага даецца аналіз развіцця розных відаў сусветнага пластычнага мастацтва ад старажытнасці да пачатаку ХХ стагоддзя.
У 2012 г. серыя кніг “Гісторыя сусветнага мастацтва” Б.А. Лазукі была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.