3 мая ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь у рамках круглага стала, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі, адбылася прэзентацыя новага віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”.
Работа круглага стала ладзілася ў межах гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры і пад патранатам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.
У пасяджэнні прынялі ўдзел пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь А. Міхальскі; дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Ц. Карпіньскі; заслужаны дзеяч культуры, мастацкі кіраўнік “Беларускай капэлы” В. Скорабагатаў; мастацкі кіраўнік трыа “Вытокі” А. Фралоў; старшыня беларускага аб’яднання ICOM Т. Бембель; музыказнаўца В. Савіцкая; старшыня Беларускага саюза мастакоў Р. Сітніца; музыказнаўца С. Немагай; дырэктар Беларускага фонду культуры Т. Стружэцкі; даследчык творчасці С. Манюшкі, перакладчык Я. Янушкевіч; дырэктар Чэрвеньскага краязнаўчага музея А. Забаронак.
Падчас мерапрыемства вядучы бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава прадставіла праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны” – агульнадаступны бясплатны інфармацыйны рэсурс, які знаёміць з жыццёвым шляхам і творчай спадчынай славутага кампазітара, пастаноўкамі твораў С. Манюшкі на беларускай сцэне, а таксама з ушанаваннем яго памяці ў Беларусі.
Віртуальны праект уключае вялікі аб’ем бібліяграфічнай, фактаграфічнай, выяўленчай і аўдыявізуальнай інфармацыі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Карыстальнікаў зацікавяць алічбаваныя нотныя і кніжныя выданні XIX стагоддзя, а таксама магчымасць праслухаць фрагменты твораў С. Манюшкі ў выкананні сучасных музыкантаў.
У праекце прадстаўлены каштоўныя фотаматэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.
Матэрыял прадастаўлены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.