ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Дзе шлях, там і песня
Візіт дэлегацыі Султаната Аман

Прэзентацыя кнігі "Беларусь замкавая"

Прэзентацыя кнігі "Беларусь замкавая"
Іншыя навіны

26 сакавіка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя фотаальбома “Беларусь замкавая” выдавецтва “Бяловагруп”. Гэта першы маштабны праект беларускага кнігавыдавецтва XXI стагоддзя, прысвечаны помнікам манументальнага дойлідства.


Работа над кнігай аб’яднала вядучых гісторыкаў і фатографаў краіны з мэтай стварэння актуальнай хронікі замкавай культуры Беларусі.

Над кнігай працаваў вялікі творчы калектыў – 18 аўтараў-гісторыкаў, якія складалі хронікі замкаў, і звыш 20 фатографаў. У выданне ўвайшлі ўнікальныя аўтарскія фатаграфіі, картаграфічная, архіўная і музейная інфармацыя з айчынных і замежных крыніц, гістарычныя малюнкі і гравюры. У фотаальбоме ўпершыню публікуюцца 32 рэдкія архіўныя здымкі беларускіх замкаў XIX і пачатку XX стагоддзя з рукапіснага аддзела бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта.

У аснове кнігі – спіс помнікаў, унесеных у дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”, прынятую на 2012–2018 гг. Аднак назваць іх дакладную колькасць немагчыма. Толькі па выніках археалагічных і прыродна-гістарычных пошукаў апошніх 50 гадоў і ў выніку абагульнення звестак у працэсе падрыхтоўкі выдання зафіксавана каля 300 беларускіх замкаў і ўмацаванняў, збудаваных у XIV–XVIII стст. У выданні ўпершыню прадпрынята спроба сістэматызаваць звесткі пра іх паводле цяперашняга стану захаванасці аб’ектаў.

“Прыемна прадстаўляць кнігу, якая ўсяго два месяцы назад стала галоўнай кнігай краіны (выданне атрымала найвышэйшую ўзнагароду 54-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” – Гран-пры ў намінацыі “Трыумф”). Вялікая работа, зробленая аўтарамі, прынесла ім вялікі поспех. Але гэта поспех і для ўсёй Беларусі, бо праект атрымаўся дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Выпуск такога выдання – значны ўклад у нашу нацыянальную культуру!” – адзначыла падчас прэзентацыі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

Пагадзіўся з яе словамі і дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч, дадаўшы, што гісторыя замкаў – гэта своеасаблівае адлюстраванне беларускай гісторыі ў цэлым. Па словах акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Кавалені, мы – сучасныя беларусы – шчаслівыя людзі, таму што час выбраў нас займацца адраджэннем і рэстаўрацыяй нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Адносна кнігі “Беларусь замкавая” ён адзначыў якасную падачу матэрыялу.

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Бажэнава ў сваю чаргу адзначыла прынцыпова новае дызайнерскае рашэнне падачы матэрыялу. “Гэты фаліянт будуць вывучаць як аб’ект новага дызайну, бо кніга зроблена не па традыцыйным прынцыпе станковай графікі, а нагадвае сабой кінематаграфічны праект”, – сказала яна.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі падзякаваў міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч і аўтарскаму калектыву за магчымасць мець у сваіх фондах выданні, якімі будзем ганарыцца мы і нашы ўнукі.

Аўтары праекта прадставілі замкавую спадчыну ў выглядзе “залатога”, “срэбнага” і “крынічнага” паясоў – своеасаблівых маршрутаў для вывучэння культурнай спадчыны нашай краіны. “Залаты пояс” дэманструе помнікі, якія дайшлі да нас у найбольш рэпрэзентатыўным выглядзе. “Срэбны пояс” – разбураныя замкі, руіны якіх даюць ясную карціну іх ранейшага існавання. “Крынічны пояс” аб’ядноўвае замкі, адкрытыя падчас археалагічных і гістарычных даследаванняў.

Фотаальбом выкананы на высокім мастацкім узроўні з разваротнымі панарамамі Нясвіжскага, Мірскага, Гродзенскага і Крэўскага замкаў, тэкст кнігі падаецца на рускай і англійскай мовах.

 

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам