ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Творца ўласнага сусвету
ВЧЗ у сістэме абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў

Прэзентацыя энцыклапедыі “Культура Беларусі”

Прэзентацыя энцыклапедыі “Культура Беларусі”
Іншыя навіны

19 мая ў бібліятэцы прайшла прэзентацыя шасцітомнай энцыклапедыі “Культура Беларусі” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”.


Захаванне культурнай спадчыны – справа няпростая і карпатлівая. У час, калі ў грамадстве назіраецца абуджэнне цікавасці да гісторыі і культуры роднай краіны, бясцэннай становіцца праца па стварэнні ўнікальных выданняў, такіх як энцыклапедыя “Культура Беларусі”.

Сем гадоў працягвалася работа над гэтым вялікім праектам. Звыш 18 тысяч артыкулаў змяшчаюць звесткі пра розныя аспекты беларускай культуры, знакамітых беларусаў, сучасныя прафесійныя і аматарскія калектывы, фестывалі. Шасцітомнік адкрывае новыя вехі ў гісторыі развіцця культуры Беларусі і прапануе свежы погляд на самабытную і багатую культурную спадчыну краіны.

У прэзентацыі выдання прыняў удзел першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Уладзіміравіч Луцкі. Ён выказаў словы падзякі вучоным, архітэктарам, мастацтвазнаўцам, якія ўнеслі вялікі ўклад у выпуск энцыклапедыі. Вынікам сямігадовай калектыўнай працы стала грунтоўнае і важнае выданне – фаліянт беларускай культуры.

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Мечыслававіч Чэрнік падкрэсліў важнасць таго, што прэзентуецца выданне менавіта ў Год культуры. Многія з прадстаўленых артыкулаў пабачылі свет упершыню і прысвечаны народнай творчасці, адлюстроўваюць багацце і самабытнасць беларускай культуры.

“Больш за 600 знакамітых даследчыкаў, вучоных, якія рухаюць нашу краіну ў лік лепшых, прыклалі ўсе намаганні, каб стварыць пашпарт краіны – энцыклапедыю «Культура Беларусі»”, – адзначыў дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” Уладзімір Уладзіміравіч Андрыевіч. Ён выказаў словы падзякі калектыву выдавецтва за вялікую працу, Міністэрству інфармацыі і Міністэрству культуры за падтрымку і аказаную дапамогу. У знак павагі Уладзімір Уладзіміравіч падарыў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі шэсць тамоў прэзентуемай энцыклапедыі.

У адказ дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі падзякаваў за важкую і грунтоўную працу, а таксама з задавальненнем адзначыў, што большасць аўтараў, якія працавалі над выданнем, з’яўляюцца чытачамі і наведвальнікамі Нацыянальнай бібліятэкі. Таму можна лічыць, што і супрацоўнікі бібліятэкі ўнеслі свой уклад у выданне энцыклапедыі – удакладняючы кожную дату, лічбу, падзею.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Іванавіч Стружэцкі і старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута.

Завяршылася мерапрыемства інструментальнай старадаўняй беларускай музыкай у выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Пастараль” пад кіраўніцтвам Ірыны Лук’янавай. Аўтэнтычныя музычныя творы нагадалі кожнаму прысутнаму пра багацце і непаўторнасць беларускай культуры, якая мае глыбокія гістарычныя карані і патрабуе беражлівых адносін і падтрымкі ад свайго народа.

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам