26 сакавіка ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя акадэмічнага выдання “Архітэктура Беларусі: нарысы ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце”.
Гэтае выданне – фундаментальнае даследаванне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якое прадстаўляе сабой аналіз помнікаў беларускага дойлідства ў кантэксце развіцця будаўнічай культуры ўсходніх славян і народаў Еўропы. Кожны том змяшчае аналіз архітэктуры Беларусі па перыядах з IX да пачатку XXI ст.
Адкрылі мерапрыемства в. а. дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч і дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі Аляксандр Лакотка. У прэзентацыі прынялі ўдзел аўтары выдання, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, выдавецкага дома “Беларуская навука”, прадстаўнікі Прэзідыума НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У рамках мерапрыемства ўвазе ўдзельнікаў была прадстаўлена выстаўка-прагляд з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сваёй музычнай творчасцю гасцей парадаваў струнны квартэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.