13 мая ў музеі кнігі адбылася сустрэча дзяцей з кнігай, якая распавядае пра сяброўства, бескарыслівасць і ўдзячнасць.
Вавёрка – галоўная гераіня гісторыі Сюзаны Ізэрн “Ідэальны момант” – спяшаецца адведаць сваю сяброўку Зайчыху, у якой нарадзіліся цудоўныя зайчаняты. Па дарозе яна дапамагае сваім сябрам Аленю, Чарапасе, Мядзведзю, Вожыку, Ваўку, Лісе, Тхару, Сурку, Жабе і Рыбцы… Да месца прызначэння Вавёрка дабіраецца толькі ўвечары і ўзгадвае, што забылася пра самае галоўнае – падарункі для немаўлят!
На шчасце, пра Вавёрку паклапаціліся яе сябры, якія цэлы дзень клалі ў заплечнік розныя падаруначкі.
На творчай сустрэчы дзеці чыталі казку іспанскай пісьменніцы ў перакладзе на беларускую мову і малявалі герояў і сюжэты павучальнай гісторыі.
Запрашаем далучацца да музейных чытанняў!
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.