21 лютага ў бібліятэцы прайшло адкрыццё кніжна-дакументальнай выстаўкі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава.
Выставачны праект, падрыхтаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, уключае кніжную экспазіцыю “Беларусь – яго песня і слава” і фотадакументальную частку “Пётр Машэраў: старонкі жыцця ў архіўных дакументах”.
Госці мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з выданнямі і матэрыяламі, якія асвятляюць жыццё і шматгранную дзейнасць Пятра Міронавіча, яго выступленнямі, артыкуламі, справаздачамі і дакладамі (кніга ўспамінаў і артыкулаў “Сын белорусского народа Пётр Машеров”, дакументальная аповесць “Пётр Машеров: жизнь, судьба, память” С.В. Антановіча, мастацка-дакументальная аповесць “Пётр Машеров” У.Д. Якутава, “Избранные речи и статьи”, “Советская Белоруссия” і інш.).
У аснове дакументальнай часткі экспазіцыі “Пётр Машэраў: старонкі жыцця ў архіўных дакументах” – матэрыялы з Нацыянальнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Расійскага дзяржаўнага архіва навейшай гісторыі.
Прадстаўленыя дакументы і фатаграфіі адлюстроўваюць галоўныя старонкі з жыцця Пятра Машэрава: працу настаўнікам у Расонскай школе, удзел у партызанскай барацьбе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенную камсамольскую і партыйную дзейнасць. Асноўная частка матэрыялаў асвятляе дзейнасць Пятра Міронавіча на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ.
У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел сваякі Пятра Машэрава, яго калегі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і ўстаноў, вышэйшых навучальных устаноў, архіваў, музеяў і бібліятэк.
З 22 па 28 лютага кніжная выстаўка “Беларусь – яго песня і слава” будзе дэманстравацца ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).
Тэлефон для даведак: (8 017) 266 37 37.
Е-mail: pr@nlb.by