28 кастрычніка ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 400-годдзю выдання першага беларускага “Буквара” (1618), дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі наведаў Беларускую бібліятэку і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Дырэктар прэзентаваў і перадаў у дар бібліятэцы факсімільнае ўзнаўленне першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар”. Ён расказаў пра гісторыю “Буквара” і яго значэнне для беларусаў: “Кніга была выдадзена ў 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе. Гэта адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў, якое выпускала кнігі на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Сёння нам ёсць чым ганарыцца – назва «Буквар», якую прыдумалі нашы продкі, увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, баснійскую і іншыя мовы”.
Вядома, што да нашых дзён дайшло толькі два арыгіналы еўеўскага “Буквара”. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. Другі, поўны экзэмпляр, – у Вялікабрытаніі, у Бібліятэцы Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл. Прэзентацыя факсімільнага выдання “Буквара” адбудзецца там ужо заўтра, 29 кастрычніка.
У рамках візіту Раман Матульскі сустрэўся з прадстаўнікамі бібліятэчнага савета Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны і абмеркаваў перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы, правядзення сумесных навуковых праектаў і даследаванняў.
На мерапрыемстве прысутнічалі гісторыкі-славісты, супрацоўнікі бібліятэкі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і беларускай дыяспары, эксперты.
Візіт праходзіць пры падтрымцы пасольства Беларусі у Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.
Партнёрамі па факсімільным узнаўленні першага ў свеце “Буквара” выступілі Бібліятэка Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл у Лондане, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а таксама Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”, якія аб’ядналі намаганні для паспяховай рэалізацыі праекта.