З 8 па 9 ліпеня 2009 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло 49-е пасяджэнне Савета кіраўнікоў і Каардынацыйнага камітэта Міжнароднага навукова-тэхнічнага цэнтра (МНТЦ).
Міжнародны навукова-тэхнічны цэнтр быў заснаваны Еўрасаюзам, ЗША, Японіяй і Расіяй у 1992 годзе. Рэспубліка Беларусь далучылася да пагаднення аб стварэнні МНТЦ у 1994 годзе. Дзейнасць МНТЦ накіравана на распрацоўку, фінансаванне і кантроль рэалізацыі навукова-тэхнічных праектаў, што выконваюцца ў краінах СНД у мірных мэтах спецыялістамі, якія раней працавалі ў абароннай сферы.
У ходзе пасяджэння Савета кіраўнікоў і Каардынацыйнага камітэта МНТЦ былі разгледжаны пададзеныя заяўкі, прыняты рашэнні аб фінансаванні праектаў, абмяркоўвалася пытанне аб перспектывах развіцця МНТЦ.
Для ўдзельнікаў пасяджэння была праведзена азнаямленчая экскурсія па будынку Нацыянальнай бібліятэкі.