Ва ўзросце 85 гадоў сышла з жыцця ветэран Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаваны спецыяліст, вядомы бібліёграф-краязнаўца, грамадскі дзеяч Р.М. Чыгірова.
Рыма Міхайлаўна больш за 40 гадоў (з 1961 г.) прысвяціла працы ў галоўнай бібліятэцы краіны. Значны адрэзак яе прафесійнай дзейнасці быў звязаны з аддзелам беларускай літаратуры і бібліяграфіі, у якім яна прайшла шлях ад бібліятэкара да загадчыка аддзела. З 1988 г. працавала ў навукова-бібліяграфічным аддзеле. Скончыла працоўную дзейнасць у 2002 г.
Р.М. Чыгірова ўнесла значны ўклад у развіццё беларускай бібліяграфіі і бібліяграфазнаўства, бібліятэчнага краязнаўства, у вызначэнне шляхоў іх далейшага развіцця. Займалася аналізам і каардынацыяй бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэк Беларусі, яе метадычным забеспячэннем. Працавала над тэрміналогіяй беларускай бібліяграфіі, навуковым абгрунтаваннем вызначэння паняццяў “беларусазнаўчы дакумент”, “нацыянальны дакумент”, “беларусіка”, “бібліятэчнае краязнаўства”, “краязнаўчы дакумент”, “мясцовыя дзеячы”, “ураджэнцы Беларусі”, “ураджэнцы краю” і інш., упершыню ўвяла паняцце “мясцовы дакумент”. Прымала ўдзел у складанні праграмы развіцця рэтраспектыўнай нацыянальнай бібліяграфіі, займалася вывучэннем гісторыі беларускай бібліяграфіі дарэвалюцыйнага часу.
У 2009 г. да 75-гадовага юбілею Р.М. Чыгіровай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі быў створаны біябібліяграфічны інтэрнэт-рэсурс, які з’яўляецца спробай найбольш поўнага ўяўлення пра яе жыццёвы шлях і прафесійную дзейнасць.
Чытайце таксама пра жыццёвы шлях Рымы Міхайлаўны ў артыкуле “Бібліёграф, бібліяграфазнаўца, спецыяліст у галіне бібліятэчнага краязнаўства Р.М. Чыгірова” ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.