17 кастрычніка дзіцячы пакой Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі запрашае дзяцей разам з бацькамі на святочнае мерапрыемства “Няхай заўсёды будзе мама”, прысвечанае Дню маці.
Удзельнікі мерапрыемства прачытаюць вершы, узгадаюць прыказкі і прымаўкі пра сваіх самых блізкіх людзей – маму і бабулю. Юныя наведвальнікі бібліятэкі скажуць ім свае словы ўдзячнасці і любові ў гульнях “Пра маму” і “Закончы сказ”.
Дзеці змогуць паспаборнічаць у вясёлых конкурсах “Маміны памочнікі” і “Венікабол”, а таксама музычнай гульні з хустачкай “Хто першы”. Эрудытамі і знаўцамі раслін яны праявяць сябе ў забаўляльным шоу “Поле цудаў”.
Падарункамі любімым мамам і бабулям да свята стануць музычная пастаноўка “Мама для маманцяня” і букет кветак, зроблены сваімі рукамі.
Запрашаюцца дзеці 5–8 гадоў.
Час правядзення мерапрыемства: 12.00–13.30.
Кантактны тэлефон: 293-25-34.