ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Наркаманія – дарога ў нікуды
На першы ўрок – у Нацыянальную бібліятэку!

Нацыянальная бібліятэка прадставіла цікавыя праекты на юбілейным Дні беларускага пісьменства

Нацыянальная бібліятэка прадставіла цікавыя праекты на юбілейным Дні беларускага пісьменства
Іншыя навіны

1–2 верасня бібліятэка прыняла ўдзел у святкаванні ХХV Дня беларускага пісьменства ў горадзе Іванаве Брэсцкай вобласці. Сёлета свята прымеркавана да Года малой радзімы. Таксама грамадскасць Беларусі адзначае 400-годдзе першага ў свеце “Буквара”. Менавіта таму тэмай удзелу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў святкаванні Дня беларускага пісьменства – 2018 стала тэма беларускага буквара.

Нацыянальная бібліятэка прадставіла гасцям на свяце шмат цікавых і займальных праектаў.

1–2 верасня 2018 г. працавалі наступныя пляцоўкі:

Выстаўка “БЕЛАРУСКІ БУКВАР: СУВЯЗЬ ПАКАЛЕННЯЎ”, прысвечаная 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар” (Еўе, 1618) і Году малой радзімы. Выстаўка ўключала каля 30 буквароў і выданняў для пачатковага навучання чытанню і грамаце і складалася з трох асноўных частак: кнігі XVI–XVIII стст., беларускамоўныя выданні першай паловы ХХ ст. і беларускамоўныя выданні другой паловы ХХ ст.

Кнігі для пачатковага навучання чытанню і грамаце XVI–XVIII стст. былі прадстаўлены факсімільнымі ўзнаўленнямі скарынаўскіх “Псалтыра” (Прага, 1517) і “Малой падарожнай кніжкі” (Вільня, 1522), найбольш характэрнага навучальнага выдання ХVІІІ ст. – “Буквара языка славенскаго” (Вільня, 1767), створанымі Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, “Буквара” Спірыдона Собаля (Куцеін, 1631), падрыхтаванага выдавецтвам Беларускага Экзархата.

Цэнтральным экспанатам стаў юбіляр гэтага года, сапраўдны гонар айчыннай кніжнай культуры – “Букварь языка славенска писаний чтения учитися хотящим в полезное руковожение” (Еўе, 1618), а дакладней, яго факсімільнае ўзнаўленне. Наведвальнікі выстаўкі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тым, як выглядала кніга, якая пачала новую сусветную традыцыю.

Пачатак ХХ ст. у экспазіцыі быў прадстаўлены пецярбургскімі і віленскімі выданнямі для пачатковага навучання чытанню і грамаце К. Каганца, Цёткі, Я. Коласа, Я. Станкевіча, А. Смоліч. Адным з выдатных прыкладаў беларускага буквара 20-х гг. з’яўляецца “Лемантар” Сцяпана Некрашэвіча, першае выданне якога было надрукавана ў Берліне ў 1922 г. На выстаўцы прысутнічала аналагічнае выданне Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі 1925 г.

Электронная прэзентацыя “БЕЛАРУСКІ БУКВАР: СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ”. Прэзентацыя ўключала лічбавыя выявы знакамітых буквароў і азбук XVI – пачатку ХХ ст. – розных па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму. Сярод іх – адны з самых старажытных айчынных кніг для навучання, якія захоўваюцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з праваслаўных манастыроў, малавядомыя выданні для ўніятаў і старавераў, а таксама беларускія лемантары і чытанкі пачатку ХХ ст. Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай, Сцяпана Некрашэвіча і інш. Прэзентацыя дазваляе пазнаёміцца з традыцыямі і развіццём беларускіх кніг для навучання грамаце.

Выстаўка галаграм старадрукаў. Упершыню ў галаграфічным “запісе” паўсталі скарбы з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – каштоўныя старадрукі “Біблія” Францыска Скарыны (Прага, 1517–1519), “Евангелле” Пятра Мсціслаўца (Вільня, 1575 г.), “Новы Запавет і Псалтыр” (Куцеін, 1652 г.). Прадстаўленыя галаграмы створаны вядучымі беларускімі прадпрыемствамі “Магія святла” і “Галаграфічная індустрыя”. Сёння гэтыя прадпрыемствы – лідары ў галіне вытворчасці галаграм на постсавецкай прасторы, Беларусь жа – адна з нешматлікіх краін, дзе ствараюцца мастацкія галаграмы.

Ілюстрацыйная выстаўка “БУКВАР” была прадстаўлена на 4 банерах. Маленькія наведвальнікі змаглі паскладваць пазлы, адказаць на пытанні віктарыны па кнігазнаўчай тэматыцы і памаляваць на спецыяльным інтэрактыўным абсталяванні.

Галоўнай падзеяй свята стала прэзентацыя факсімільнага выдання “Буквар” і перадача яго ў дар Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф.І. Панфёрава, якія адбыліся 2 верасня. Міжнародны навуковы выдавецкі праект па факсімільным узнаўленні першага “Буквара” завяршыўся напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства. Яго рэалізацыя стала магчыма дзякуючы партнёрам праекта: Бібліятэцы Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл у Лондане, Пасольству Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця, Беларускаму банку развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”. Маштабны праект закліканы зрабіць першы “Буквар” даступным для шырокай аўдыторыі і прадэманстраваць паважлівае стаўленне да культурнай спадчыны нашага народа. Факсімільнае выданне будзе цікава навукоўцам, супрацоўнікам адукацыі, культуры, усім, хто шануе духоўную і кніжную спадчыну Беларусі.

У межах адкрыцця ХХV Дня беларускага пісьменства на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылася ўрачыстая перадача ў дар факсімільнага выдання “Буквар” Іванаўскаму раёну дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Матульскім Раманам Сцяпанавічам.

На пляцоўцы “Добрую кнігу – дзецям” прайшла прэзентацыя сумеснага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і часопіса “Вясёлка”, прысвечанага беларускаму Буквару і яго 400-гадовай гісторыі. Буквар – гэта не толькі першая кніга для навучання грамаце, але і выхавальнік вышэйшых агульначалавечых каштоўнасцей. Праз буквар дзіця набывае здольнасці да чытання, атрымлівае першыя веды пра сваю Айчыну, свой народ і яго культуру. Менавіта таму з гэтай кнігі ўжо некалькі стагоддзяў пачынаецца школьнае навучанне. Аўтары праекта – намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша і галоўны рэдактар часопіса Уладзімір Ліпскі – прадэманстравалі найцікавейшыя і самыя незвычайныя беларускія Буквары, якія на старонках праекта паўстаюць праз загадкі і задачы, праз нечаканыя дыялогі і арыгінальныя ілюстрацыі. На працягу года ў часопісе кожны месяц выходзіць чарговы выпуск сумеснага праекта, і маладыя чытачы з цікавасцю раскрываюць невядомыя старонкі гісторыі, дазнаюцца, па якіх падручніках вучыліся іх далёкія продкі.

Праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі зацікавілі шырокае кола наведвальнікаў свята Дня беларускага пісьменства.
Навіны

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам