2 кастрычніка ў бібліятэцы адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава.
Мерапрыемства прайшло ў рамках афіцыйнага візіту дэлегацыі Рэспублікі Дагестан у Рэспубліку Беларусь.
У падпісанні пагаднення ўзялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава Алі Аліеў.
На цырымоніі таксама прысутнічалі дырэктар Дагестанскага музея выяўленчых мастацтваў імя П.С. Гамзатавай, прэзідэнт Фонду Расула Гамзатава Саліхат Гамзатава і начальнік аддзела па працы з бібліятэчнымі і адукацыйнымі ўстановамі Міністэрства культуры Рэспублікі Дагестан Алена Гаджыева.
Бакі абмеркавалі пытанні абмену інфармацыйнымі і культурнымі рэсурсамі, удзел у сумесных канферэнцыях, семінарах, круглых сталах, прэзентацыях з мэтай захавання і прымнажэння патрыятычных традыцый, аказанне ўзаемнай падтрымкі ў правядзенні культурных і адукацыйных праграм. Напрыканцы сустрэчы бакі абмяняліся падарункамі.
Падпісанне пагаднення – важны крок у развіцці культурных сувязей паміж Беларуссю і Дагестанам. Яно дазволіць пашырыць доступ да культурных і навуковых рэсурсаў абедзвюх устаноў і будзе садзейнічаць умацаванню дружалюбных адносін паміж народамі.
Ганаровых гасцей пазнаёмілі са 100-гадовай гісторыяй Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, архітэктурнымі асаблівасцямі і тэхнічнымі магчымасцямі ўстановы, расказалі аб інфармацыйных рэсурсах і сацыякультурнай дзейнасці бібліятэкі, а таксама правялі экскурсію па музеі кнігі.
У бібліятэцы па 4 кастрычніка праходзіць выстава “Паэт, які скарыў планету Зямля”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Расула Гамзатава.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.