Адным з кірункаў дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляецца супрацоўніцтва з РУП “Белпошта”, якое працягваецца некалькі гадоў і ўжо стала сістэматычным і плённым.
Бібліятэка прымае ўдзел у стварэнні марак і канвертаў, прысвечаных юбілеям знакавых для гісторыі і культуры Беларусі дзеячаў. Ужо былі падрыхтаваны матэрыялы з фондаў бібліятэкі да выхаду ў свет філатэлістычнай прадукцыі, прымеркаванай да юбілеяў Тадэвуша Касцюшкі, Афанасія Філіповіча (Афанасія Брэсцкага), Яна Баршчэўскага.
У 2019 годзе Белпошта пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнага гістарычнага архіва ажыццявіла праект па стварэнні паштовай маркі, канверта першага дня і спецштэмпеля, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Выявы гэтай філатэлістычнай прадукцыі ўключаны ў віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, які быў падрыхтаваны бібліятэкай да юбілею кампазітара.
200 год з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.
Паштовая марка. 2019 г.
Канверт першага дня і спецштэмпель. 2019 г.
За мінулы 2020 год бібліятэка сумесна з Белпоштай падрыхтавала праект канверта да 125-годдзя Мікалая Шчакаціхіна (1896–1940) – гісторыка і тэарэтыка мастацтва, педагога, аднаго з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства.
У 2021 годзе будзе адзначацца і 125-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта, грамадскага і культурнага дзеяча Міхася Чарота (1896–1937). Да гэтай даты таксама запланаваны выхад канверта, які ўжо зацверджаны.
Каб здзейсніць гэтыя праекты, збіраліся матэрыялы пра юбіляраў: вокладкі каштоўных кніг, якія былі выдадзены пры жыцці М. Шчакаціхіна і М. Чарота, фотаздымкі, артыкулы, інфармацыя пра ўшанаванне памяці з ілюстрацыямі да яе, матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў і г.д.
Адзначым, што сумесная праца ўстаноў працягваецца, ужо распрацаваны план на наступны год. Праз выявы на беларускіх марках і канвертах наша краіна папулярызуе скарбы сваёй гісторыка-культурнай спадчыны за мяжой, таму супрацоўніцтва ў гэтым напрамку будзе развівацца і далей.
Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.