ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Кодэкс Напалеона: яго мінулае і будучыня
Блогер пра бібліятэку: чытайце пост у Livejournal

“Мы будзем жыць, жыццё – за нас...”

“Мы будзем жыць, жыццё – за нас...”
Іншыя навіны

Творцы, чые лёсы абарваліся вельмі рана, павінны застацца ў нашай свядомасці. Але для гэтага патрэбна прапанаваць грамадскасці інфармацыю пра іх. Распачалі такую справу яшчэ ў 1990-я гады даследчыкі Ірына Багдановіч і Леанід Маракоў. Мэта маштабнага праекта віртуальнай выстаўкі “На хвалі часу, у плыні жыцця”, што днямі прэзентавалі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, падобная: папулярызаваць і ўвесці ў шырокі ўжытак паўнатэкставыя дакументы, якія датычацца жыцця і творчасці літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Распачаты цяпер, праект мусіць завяршыцца ў 2023 годзе – тады “Маладняку” споўніцца 100 гадоў.

Калі для архіва важна найперш захаваць дакументы, для музея – экспанаваць іх, паказаць наведвальніку, то для бібліятэкі – праца з шырокімі коламі грамадства. Праект, у якім, акрамя пералічаных бакоў, задзейнічаны яшчэ і СМІ, спалучыў прыватныя задачы гэтых устаноў з мегазадачай: захаванне нацыянальнай культуры.

Натхняльніцай праекта стала супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Лаўрык. Яна звярнулася ў музей і Беларускі дзяржаўны архіў-музей з прапановай стварыць віртуальную выстаўку пра маладнякоўцаў.

У Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва штогод адбываюцца “Узвышаўскія чытанні”, ладзяцца спецыяльныя выстаўкі, дзе можна пазнаёміцца з вельмі цікавымі фактамі з біяграфій пісьменнікаў. Штогод выходзяць зборнікі дакладаў, у фондах ёсць пратаколы з запісамі штодзённага жыцця аб’яднання “Маладняк” – там адлюстраваны і канфлікт, які выбухнуў утварэннем літаб’яднання “Узвышша” – але гэтай інфармацыяй карыстаецца толькі невялікае кола даследчыкаў. Матэрыялы, якімі валодае музей, збольшага знаходзяцца ў сховішчах фондаў. У выніку рэалізацыі ідэі віртуальнай выстаўкі звесткі пра літаратурнае жыццё краіны і саміх творцаў стануць больш даступныя ўсім зацікаўленым – не выходзячы з дому, можна будзе спампаваць і прачытаць любое выданне тых гадоў, датычнае творчасці маладнякоўцаў.

З часам партал Нацыянальнай бібліятэкі адкрые для шырокага карыстання ўсе дакументы па тэме маладнякоўцаў, якімі яна валодае, архіў і музей. Частка дакументаў ужо размешчана на сайце. Адкрывае партал гістарычная даведка пра літаб’яднанне, якая ўтрымлівае звесткі, пачынаючы з яго стварэння ў лістападзе 1923 года, і завяршаючы яго рэарганізацыяй у лістападзе 1928 года ў “Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў”. Ёсць звесткі і пра літаб’яднанне “Узвышша” – яго стварылі пісьменнікі, якія выйшлі з “Маладняка”. Далей партал змяшчае літаратурна-мастацкія выданні тых гадоў, сярод якіх – шмат часопісаў (можна спампаваць любы з іх). Потым – даследаванні творчасці маладнякоўцаў. У асноўным гэта кнігі, дзе распавядаецца пра арганізацыю, і бібліяграфічныя спісы. Сюды ўваходзяць і алічбаваныя старыя выданні, напрыклад, кніга 1928 года Максіма Гарэцкага “Маладняк за 5 гадоў”. Прадстаўлены і тыя, што належаць пяру Алеся Дудара і Зміцера Жылуновіча, а таксама сучасныя даследаванні Ганны Севярынец, Ірыны Багдановіч. Акрамя таго, супрацоўнікі бібліятэкі самі правялі даследаванне, з вынікамі якога можна пазнаёміцца на сайце, – разгледзелі рубрыку “Хроніка часопіса «Маладняк»” і “Хроніка беларускай літаратуры” з часопіса “Полымя” з мэтай прасачыць, чым жылі маладнякоўцы, чым займаліся, чым цікавіліся і вызначылі найбольш істотныя падзеі. Завяршае партал фотагалерэя з падрабязнымі расшыфроўкамі.

Асоба, якая адкрывае сайт, – Валерый Маракоў. Апісаны яго жыццё і творчы шлях. У электронным выглядзе можна пачытаць прыжыццёвыя кнігі пісьменніка, а таксама творы, надрукаваныя ў розныя гады. Затым – успаміны пра яго, кнігі і артыкулы з даследаваннямі яго асобы. Ёсць і фотаздымкі, у тым ліку і з прыватных сямейных архіваў.

“Маладнякоўцы жылі высокімі ідэаламі і марамі пра светлую будучыню. Калі чытаеш пра іх трагічныя лёсы, у душы нешта пераварочваецца і яна застаецца перакуленай, – разважала падчас прэзентацыі галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава. – Што мы можам зрабіць для іх? Каб захаваць памяць пра іх? Рабіць сваю справу – і не абы-як”. Плануецца, што на працягу пяці гадоў у часопісе “Маладосць” будуць змешчаны артыкулы пра маладнякоўцаў. А ў найбліжэйшым, сакавіцкім, нумары рыхтуецца да друку расповед пра Валерыя Маракова і традыцыі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Да прэзентацыі праекта ў музеі гісторыі беларускай літаратуры было прымеркавана і адкрыццё часовай выстаўкі, названай радком з верша Маракова: “Мы будзем жыць, жыццё – за нас”. Сёлета адзначаецца 110 гадоў з дня нараджэння паэта, творы якога ўражваюць аптымізмам і які быў адным з самых маладых у сваім шэрагу...

– Мы хочам давесці: “Маладняк” – не адзін, не два і не тры літаратары, а грунтоўная плынь, важкі фундамент. Маладнякоўцы зрабілі свой унёсак у літаратуру – і на тых падмурках узрастала новае пакаленне творцаў. Кожны радок, які яны напісалі, даў падставу развіваць нашу літаратуру далей... – зазначыў дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.

Аўтар публікацыі і фота: Яна Будовіч.

Крыніца: ЛіМ

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам