ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
“Бібліятэка Максіма”: рэканструкцыя ўласнай бібліятэкі беларускага класіка
30 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі і перспектывы

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 5

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 5
Іншыя навіны

Сёлета музею кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спаўняецца 15 гадоў. Гісторыя музея – важная частка гісторыі бібліятэкі. Працягваем серыю публікацый-успамінаў ад яго стваральнікаў.

У стварэнні і развіцці кніжнай скарбніцы прымалі ўдзел многія спецыялісты. Першымі падзяліліся ўспамінамі Таццяна Рошчына і Таццяна Сапега, у другой частцы – Наталля Марцінкевіч і Марыя Шопіна, у трэцяй – Таццяна Захарава і Галіна Лыскавец, у чацвёртай – Галіна Кірэева. Сёння ж прапануем вашай увазе працяг – успаміны Людмілы Сільновай.

Успамін № 8

Аўтар: Людміла Сільнова.
З 1986 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у тым ліку ў 2006–2007 гг. вядучым метадыстам аддзела музейнай і экскурсійнай дзейнасці, потым – галоўным бібліёграфам сектара арганізацыі і навуковай апрацоўкі фондаў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

Silnova-1.jpg
Людміла Сільнова ўзнагароджана дыпломам у рамках конкурсу “Лепшы па прафесіі”. 2017 г.

Музей кнігі – жывое сэрца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яно б’ецца ў такт асноўным працэсам, якія адбываюцца ў краіне і свеце, мае разгалінаваную структуру сазлучаных сасудаў з іншымі падраздзяленнямі ўсёй бібліятэкі. Яно дае жыццёвую сілу экскурсантам розных узростаў, прыносіць прафесійнае задавальненне навуковым работнікам, экспертам, калекцыянерам і бібліяфілам. А колькі разнастайных эмоцый выклікаюць унікальныя экспанаты музея! Такімі жывымі эмоцыямі здзіўлення, эстэтычнага задавальнення працята ўся музейная прастора, па якой мне давялося хадзіць яшчэ ў 2005–2006 гг., у самы разгар будаўніцтва будынка бібліятэкі і ўнутранага аздаблення памяшканняў.

Silnova-2.jpg
Удзел у стварэнні экспазіцыі музея кнігі. 2006 г.

У пачатку 2006 г. у аддзеле музейнай і экскурсійнай дзейнасці працавала ўсяго тры чалавекі: загадчыца аддзела Наталля Марцінкевіч, музейны спецыяліст Марыя Шопіна і я, метадыст, якая прыйшла з аддзела беларускай мовы і літаратуры і мела ўжо 20-гадовы стаж у нашай бібліятэцы. Мы займаліся рознай працай: кантралявалі аддзелачныя работы ў будынку, які яшчэ ўзводзіўся, займаліся адборам абсталявання для музея, распрацоўвалі канцэпцыю першай музейнай экспазіцыі. Важна адзначыць, што адбор экспанатаў, стварэнне музейнай экспазіцыі і тэксту экскурсіі адбываліся ў цесным супрацоўніцтве з навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства. Нават назва для першай экспазіцыі была прыдумана ў каманднай сатворчасці – “Рарытэты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. Усе мы адчувалі вялікую адказнасць перад будучыняй, супрацоўнікамі і наведвальнікамі бібліятэкі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця бібліятэкі 16 чэрвеня 2006 г. мы праводзілі экскурсіі для ўсіх жадаючых з Мінска і іншых гарадоў краіны, а таксама для замежных гасцей. Я стала сааўтарам, складальнікам і рэдактарам першага экскурсійнага тэксту па экспазіцыі, які налічваў каля 40 лістоў. Першыя экскурсіі па музеі таксама даверылі мне. Першыя паўгода быў сапраўдны экскурсійны бум і запіс на экскурсіі вёўся на некалькі месяцаў наперад. Кожны экскурсавод праводзіў па 4–6 экскурсій у дзень, і да канца дня мы літаральна падалі з ног.

У лютым 2007 г. я перайшла працаваць у навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства, каб не толькі любавацца кнігамі, паказваць іх, распавядаць пра іх іншым, але і апісваць і вывучаць кніжныя помнікі. Яшчэ шмат гадоў мяне запрашалі праводзіць экскурсіі па музеі, што я рабіла з вялікім задавальненнем. Гэтыя дзіўныя кніжныя скарбы проста ўлюбілі мяне ў сябе!

Silnova-3.jpg
Людміла Сільнова ўзнагароджана Ганаровай граматай за ўдзел у праекце па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Ф. Скарыны. 2018 г.

У 2018 г. я была запрошана ў якасці госця знакамітага “Клуба кніжных прафесараў”, дзе ў прасторы музея мы з юнымі кнігалюбамі разважалі пра кнігі і чыталі вершы.

Музей стаў родным і для маёй унучкі Яначкі, з якой мы часта прыходзілі на музейныя заняткі клуба.

Silnova-4.jpg
Людміла Сільнова з унучкай Янай. 2018 г.

Музею кнігі я прысвяціла не адзін паэтычнае твор.

Старадрукі Скарыны ў музеі кнігі

У цэнтры светлае вітрыны –
Шэдэўры нашага Скарыны.
Пяцьсот гадоў хаваў іх Час,
Пакуль не спраўдзіліся ў нас.
2012

Silnova-5.jpg

Прастора музея кнігі
Як пазлы…
Як вясною крыгі
Плывуць па цёмнае рацэ…

Так паўстае
Музей наш кнігі,
У памяці – яшчэ й яшчэ…

Мазаікай экспазіцыйнай,
Матулі вышыўкай старой,
Іконай стараверскай, дзіўнай…
Ды толькі – не, не кніг гарой!

Хутчэй – узгадаваным садам,
Дзявочым кветнікам або
У шахматы гульнёю з часам:
Так шмат прыдумана ўсяго!

…І я ў музейную прастору
Уваходжу, як ў тэксты Торы
Або Карана, Дабравесця.
Мудрэйшых кніг тут ці не дзвесце!

Ад скруткаў да палеатыпаў,
Статутаў, музыкі забытай,
Магнацкіх скарбаў… Шыфр скаротаў
Даўнейшых… Перлы пераплётаў…

Лунаюць птушкамі за шклом.
Музей – іх неба, светлы дом.
2012

У музеі кнігі ў будучыні

Праз сто гадоў на кнігі – попыт.
Рэальны бум міжгалактычны!
…На экспанат дзяўчынка: “Што там?”
Адкажа ёй тэлепатычна
Нашчадак – тата сімпатычны:
“А, гэта Рошчынай работа”.
І – усміхнецца рамантычна…
2019

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам