28 студзеня ў музеі кнігі адбыліся музейныя заняткі Кніга ў паэзіі” ў межах “Клуба кніжных прафесараў”.
На занятках удзельнікі прааналізавалі, чым адрозніваецца паэзія ад прозы, навучыліся складаць рыфмы і падбіраць метафары. Дзеткі слухалі і чыталі вершы пра кнігі, здзіўляліся паэтычнаму майстэрству аўтараў.
Госцяй заняткаў была выдатная паэтка і знаўца кнігі Людка Сільнова. Яна чытала ўласныя вершы пра кнігі і першадрукара Францыска Скарыну.
Людка Сільнова прысвяціла верш “Клубу кніжных прафесараў” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:
Чароўная скарбонка кнігі
Старая кніга. Яна звонку –
Нібы чароўная скарбонка:
Па верхнім вечку з цёмнай скуры
Ідуць арнаменты, фігуры.
А металёвыя замочкі
Мільёны тайнаў, светлых, змрочных,
Паміж старонкамі хаваюць
І шчоўкнуць ціха запрашаюць:
Каб вечка тое ўзняць маглі мы
І ўведалі, што Бог любіў нас
І слаў любоў сваю бясконца
Праз кнігі-скарбы, Месяц, Сонца,
Праз фантастычныя малюнкі
І старадаўніх слоў карункі.
Старая кніга, яна звонку –
Нібы чароўная скарбонка!..
Хто мае новых кніг паліцу,
Хай не змушае іх пыліцца.
Раскрые сёння іх старонкі
І прачытае – уголас, звонка!
Каб тата, мама, узяўшы крэслы,
Падселі: "Ах ты, наш прафесар!"
Бо кнігі новыя – нашчадкі
Тых кніг, што вывучаць пашчасціла!
У якасці творчага задання дзецям было прапанавана праілюстраваць верш “Чароўная скарбонка кнігі”. З госцяй удзельнікі “Клуба кніжных прафесараў” ператвараліся ў сапраўдных паэтаў і мастакоў! Кожнаму “прафесару” Людка Сільнова пакінула на памяць свой аўтограф.