ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Духоўнае адраджэнне грамадства і праваслаўная кніга
Выстаўка работ вучняў Рышарда Мая

Мода і час

Мода і час
Іншыя навіны

26 мая ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя новага электроннага рэсурсу “Мода і час”, прайшлі паказы калекцый маладых беларускіх дызайнераў, адкрыліся фота- і кніжная выстаўкі, прысвечаныя модзе.


У электроннай калекцыі “Мода і час”, створанай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прадстаўлена каля 400 матэрыялаў – лічбавыя копіі кніг, часопісаў, фатаграфій і відэазапісаў, якія адлюстроўваюць тэндэнцыі сусветнай моды з XVI ст. да нашых дзён.

Гонарам калекцыі з’яўляюцца рэдкія выяўленчыя матэрыялы, самыя даўнія з якіх датаваны сярэдзінай XIX ст., – ілюстрацыі, рэпрадукцыі, эстампы, з дапамогай якіх можна ў дэталях разгледзець фасоны і дэкор адзення розных эпох і краін, адкрыць каляровыя спалучэнні, вывучаць гісторыю абутку і аксесуараў.

Нішто так наглядна не дэманструе тэндэнцыі моды, як жаночыя часопісы. У электроннай калекцыі “Мода і час” прадстаўлена звыш 20 найменняў выданняў для дам, у тым ліку самыя першыя ілюстраваныя часопісы аб модзе, выпушчаныя ў Расіі ў канцы XIX – пачатку XX ст.: “Модный свет” (1912), “Моды и рукоделия” (1890), “Дамский мир” (1914, 1916), “Парижские моды” (1912), “Вестник моды” (1924), “Ворт” (1911).

Больш за 100 артыкулаў, якія характарызуюць моду перыяду XIX – пачатку ХХ ст., сабрана ў электроннай калекцыі. Прадстаўлены лічбавыя копіі рэдкіх кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.

Рэсурс “Мода і час” знаходзіцца ў свабодным доступе на інтэрнэт-партале бібліятэкі. Матэрыялы калекцыі размешчаны ў шасці раздзелах: жаночае, мужчынскае, дзіцячае адзенне, галаўныя ўборы, абутак, аксесуары. Пошук можна ажыццяўляць як па назве, так і, напрыклад, па гістарычным перыядзе (прадстаўлена мода з XVI да XX ст.). У калекцыі сабраны публікацыі на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай і іншых мовах.

Разнастайнасць і ўнікальнасць матэрыялаў рэсурсу “Мода і час” робіць яго запатрабаваным як у прафесіяналаў моды, так і ў тых, хто сочыць за тэндэнцыямі свету прыгажосці, шукае ўласны стыль у адзенні.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч, генеральны дырэктар Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава Надзея Шырокава і вучоны-гісторык Аляксандр Самовіч.

Электронную калекцыю прадставіла галоўны бібліёграф аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі НББ Аксана Буйчык.

Яркае дэфіле дарослага і дзіцячага адзення з калекцый маладых дызайнераў Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава па імправізаваным подыуме ў бібліятэцы арганізавала Нацыянальная школа прыгажосці пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра Алены Кавальчук. Смелыя эксперыменты ў мадэліраванні адзення прадэманстравалі студэнты-дызайнеры Марына Меранкова, Дзіяна Кныш, Вікторыя Капусцьянская, Кіра Альгіна, Дар’я Лубяная, Марыя Машэда і Валерыя Пацук – студэнты кафедры мадэліравання касцюма пад кіраўніцтвам Алены Атраховіч.

Наведвальнікам таксама быў прадстаўлены брэнд “Elen Carotte”, стваральнікі якога сцвярджаюць: беларуская вышыванка – гэта модна і сучасна. Іх калекцыя вытрымана ў этна-дзелавым стылі. Майстэрня “Elen Carotte” імкнецца захаваць аўтэнтычнасць беларускай вышыванкі: вырабляе адзенне з лёну высокай якасці, выкарыстоўвае традыцыйны гафт, разам з тым адаптуючы яго да патрабаванняў штодзённасці.

Арганічна дапоўнілі атмасферу свята тэатральна-харэаграфічная замалёўка “Швейная майстэрня” ў выкананні тэатра танца “ОтражениЯ”, кампазіцыі “Back in town”, “Я тое, што трэба”, “Qando”, “With you” ў выкананні маладых талентаў Максіма Петухова, Анастасіі Змітровіч, Крысціны Цірыбінай і Арцёма Дзятко, а таксама выступленне дзіцячага тэатра моды “Krasavik”.

Вялі мерапрыемства Вольга Бай і Вячаслаў Каротчанкаў.

У рамках прэзентацыі была арганізавана экспазіцыя, якая змяшчае каля 200 выданняў аб модзе. Наведвальнікі атрымалі магчымасць прагартаць унікальныя арыгіналы ілюстраваных выданняў сярэдзіны XIX – пачатку XX ст., якія адлюстравалі частку электроннай калекцыі, а таксама пазнаёміцца з самымі новымі кнігамі аб стылі і прыгажосці. Даследаванні беларускага нацыянальнага касцюма і творчыя партрэты дызайнераў, падручнікі fashion- і мадэльнага бізнесу, хронікі свецкага жыцця і культавая перыёдыка (напрыклад, нумар “Vogue” 1926 г. або “La Mode” 1922 г.), азбука моды для школьнікаў і агляды мужчынскага гардэроба, шматлікія энцыклапедыі і гістарычныя агляды, парады па падборы аксесуараў – кожны чытач мог знайсці кнігу або часопіс, якія яму цікавыя. Прагледзець старонкі рэдкіх выданняў аб модзе з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна было таксама з дапамогай QR-кодаў.

Звыш 100 фатаграфій пачатку ХХ ст. з прыватнага збору доктара гістарычных навук Аляксандра Самовіча можна ўбачыць на фотавыстаўцы (3-ці паверх, кальцавы калідор), прысвечанай мужчынскай, жаночай і дзіцячай модзе мінулай эпохі. Здымкі зроблены ў фотастудыях беларускіх гарадоў, на іх адлюстраваны какеткі і моднікі таго часу ў свецкіх і ваенных касцюмах.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры ўдзеле Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава і Нацыянальнай школы прыгажосці.

 

Навіны

Падведзены вынікі працы сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі бібліятэк Беларусі за 2019 г.

6 Сне 2019

5 снежня на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося пасяджэнне Тэхналагічнага камітэта сістэмы карпаратыўнай каталагізацы бібліятэк Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя аб сучасным беларускім канцэртна-выканальніцкім мастацтве

6 Сне 2019

5 снежня адбылася чарговая сустрэча ў межах цыкла “Беларуская музыка ў сусветнай мастацкай прасторы”. З сучасным беларускім канцэртна-выканальніцкім мастацтвам слухачоў пазнаёміла кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Ірына Леанідаўна Гарбушына.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

6 Сне 2019

Да Рэгіянальнага зводнага каталога бібліятэк Брэсцкай вобласці далучыліся дзяржаўная ўстанова культуры “Маларыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” і дзяржаўная ўстанова культуры “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Дамалюй працяг: выйшла другая частка дзіцячага комікса “Не для чужых вачэй”

6 Сне 2019

Выйшаў працяг прыгодніцкага комікса, выпушчанага ў падтрымку дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі А1 “Я бачу!”. З 4 снежня другую частку гісторыі пра школьнікаў, іншапланецян і незвычайныя акуляры можна атрымаць у падарунак у кнігарнях Мінска і Віцебска.

Навіны бібліятэк

111