27 студзеня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбыўся метадычны семінар “Актуальныя пытанні развіцця публічных бібліятэк”, арганізаваны для загадчыкаў аддзелаў, галоўных і вядучых спецыялістаў абласной бібліятэкі.
Спікерамі на мерапрыемстве выступілі спецыялісты і кіраўнікі навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Анастасія Маслоўская, загадчыца сектара маніторынгу і каардынацыі дзейнасці бібліятэк, прадставіла параўнальны аналіз дзейнасці публічных бібліятэк краіны, агучыла асноўныя колькасныя і якасныя паказчыкі, якія характарызуюць іх працу, адзначыла ключавыя тэндэнцыі развіцця бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь.
Пытанні заканадаўчага забеспячэння дзейнасці бібліятэк асвятліла загадчыца сектара навукова-арганізацыйнага забеспячэння бібліятэчнай дзейнасці Наталля Замаева. Спецыялісты бібліятэкі атрымалі поўную інфармацыю аб нарматыўных дакументах, якія рэгулююць бібліятэчную дзейнасць па асноўных яе кірунках: фарміраванні інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыі абслугоўвання, інфарматызацыі і тэхналагічным развіцці, навуковай рабоце, аб абароне персанальных даных.
Вядучы бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Кацярына Седнева ў сваім выступленні ўзняла праблемы камплектавання фондаў публічных бібліятэк сацыяльна значымымі выданнямі.
Галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Наталля Карняйчук правяла для спецыялістаў бібліятэкі метадычную кансультацыю па рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
Падчас пасяджэння супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адказалі на шматлікія пытанні калег, абмеркавалі праблемныя пытанні і намецілі прыярытэтныя кірункі ў метадычнай працы.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.