ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
І ажывае слова...
Нацыянальнай бібліятэцы ўручаны дыплом за лепшае навуковае выданне

Летапіс жыцця краіны

Летапіс жыцця краіны
Іншыя навіны

У чэрвені гэтага года Нацыянальная бібліятэка Беларусі адзначае юбілей штомесячнага бібліяграфічнага бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”.


Паўстагоддзя бібліятэка складае своеасаблівы бібліяграфічны летапіс жыцця краіны – бюлетэнь “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”. За гады свайго існавання паказальнік стаў самым папулярным і даступным бібліяграфічным выданнем Беларусі, набыў аўтарытэт за яе межамі. Дапаможнік карыстаецца вялікім попытам сярод ведамстваў і арганізацый рэспублікі, а таксама індывідуальных спажыўцоў: штомесячны тыраж бюлетэня складае больш за 1 100 экзэмпляраў, з якіх практычна ўсе заказваюцца па падпісцы. Аператыўнае мадэліраванне дакументнага патоку ў бюлетэні, комплекснае раскрыццё грамадска значных і актуальных тэм надаюць выданню статус добрага дарадчыка і незаменнага памочніка для ўсіх катэгорый спажыўцоў, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі, узросту, адукацыі, прафесійных і асабістых інтарэсаў.

Гісторыя “Новых кніг…” пачынаецца ў 1960 г., калі пад кіраўніцтвам першага дырэктара бібліятэкі І. Б. Сіманоўскага выйшаў з друку першы чэрвеньскі нумар бюлетэня пад назвай “Новыя кнігі БССР”. Галоўнай задачай дапаможніка з’яўлялася азнаямленне бібліятэчных і кнігагандлёвых работнікаў, а таксама шырокага кола чытачоў з навейшай актуальнай літаратурай па ўсіх галінах ведаў. Бюлетэнь складаўся з раздзелаў: “Кнігі за ... (месяц)”, “Рыхтуюцца да выпуску”, “Беларуская ССР у друку СССР”, “Рэцэнзіі на новыя беларускія выданні, якія атрымалі станоўчую адзнаку”, “Памятныя даты”, “Хроніка”. На старонках “Новых кніг БССР” друкаваліся і метадычныя матэрыялы ў дапамогу бібліятэкарам рэспублікі. У дванаццатым нумары кожнага года змяшчаўся раздзел «Матэрыялы, апублікаваныя ў бюлетэні “Новыя кнігі БССР” у… годзе», дзе адлюстроўваліся дадаткі да выдання, кароткія спісы літаратуры і матэрыялы да памятных дат. Ужо ў першыя гады свайго існавання паказальнік стаў неабходным дапаможнікам для масавых бібліятэк краіны пры камплектаванні і дакамплектаванні фондаў, пры планаванні работы, правядзенні масавых мерапрыемстваў, у кіраўніцтве чытаннем, у даведачнай і інфармацыйнай дзейнасці.

Структура і змест бюлетэня, а таксама методыка складання матэрыялаў пастаянна ўдасканальваліся: павышалася якасць анатацый, павялічваўся змест беларусазнаўчага матэрыялу ў календары памятных дат, удакладнялася сістэматызацыя літаратуры. На працягу трыццаці гадоў змест “Новых кніг…” заставаўся амаль без змяненняў, але пасля распаду Савецкага Саюза і ўтварэння самастойнай Рэспублікі Беларусь тэматыка бюлетэня змянілася. У пачатку 1990-х гг. складальнікі дапаможніка звярнуліся да беларусазнаўчай тэматыкі. У гэты час была апрабавана методыка спалучэння бібліяграфічнай і фактаграфічнай інфармацыі. У 1991 г. раздзел “Рэцэнзіі на беларускія выданні” стаў называцца “У полі зроку рэцэнзента”, раздзел “Кнігі за ... (месяц)” быў перайменаваны ў “Навінкі беларускага друку”, у якім знайшлі адлюстраванне кнігі, артыкулы з рэспубліканскіх часопісаў і газет. Даведачны апарат бюлетэня пашырыўся за кошт уключэння ў яго склад дапаможных паказальнікаў да раздзела “Навінкі беларускага друку” – персанальнага, геаграфічнага і прадметна-тэматычнага. Назва дапаможніка неаднаразова змянялася: з 1992 г. ён называўся “Новыя кнігі Беларусі”, а з дзевятага нумара 1995 г. – “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”.

Некалькі пакаленняў бібліёграфаў бібліятэкі ўнеслі вялікі ўклад у развіццё рэкамендацыйнай бібліяграфіі рэспублікі, удасканаленне структуры бюлетэня “Новыя кнігі…”, яго зместу і методыкі складання. Матэрыялы для паказальніка складаліся супрацоўнікамі розных структурных падраздзяленняў бібліятэкі: навукова-метадычнага і рэдакцыйна-выдавецкага аддзелаў, аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі. Працу над бюлетэнем узначальваў навукова-бібліяграфічны аддзел (сёння – навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі). Ля вытокаў “Новых кніг…” стаялі Н. В. Каляда і А. П. Дземчанкава, якія здзяйснялі агульную рэдакцыю бюлетэня. У першыя гады існавання паказальніка складаннем бібліяграфічных матэрыялаў займаліся Ф. І. Мільчына, В. І. Дышыневіч, Т. І. Грынкевіч, Р. І. Кулагіна і інш. Больш за трыццаць гадоў прысвяцілі бюлетэню выдатныя бібліёграфы: А. В. Мураўёва, М. А. Каваленка, А. І. Леў, Т. К. Лазарук, Т. Я. Мамедава, К. Дз. Варанько, І. В. Нарчук і інш. Каля дваццаці гадоў складаннем і рэдагаваннем матэрыялаў для дапаможніка займалася З. Л. Елісавецкая, больш за дзесяць гадоў над бюлетэнем працавалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны В. М. Сіленка, а таксама Г. І. Антонава, Г. В. Брага, В. У. Ліхімовіч і інш. Дзякуючы плённай працы гэтых высокакваліфікаваных спецыялістаў “Новыя кнігі…” набылі папулярнасць і аўтарытэт сярод беларускіх карыстальнікаў.

Сёння бюлетэнь “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” складаюцца з двух пастаянных раздзелаў – “Навінкі беларускага друку” і “У полі зроку рэцэнзента”, у якіх адлюстроўваюцца рэцэнзіі на беларускія выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, найбольш значныя кнігі і артыкулы з рэспубліканскіх часопісаў, газет “Літаратура і мастацтва” і “Культура”. Значна дапаўняюць дапаможнік дадаткі, якія выходзяць пад адной вокладкай з выданнем. У іх публікуюцца бібліяграфічныя спісы па актуальных пытаннях, даты беларускага календара, спіс юбілейных і памятных дат, якія будуць адзначацца ў наступным годзе. Асобае месца у паказальніку займаюць выданні, прысвечаныя гісторыі, культуры, прыродзе Беларусі, роднай мове, спорту, а таксама знакамітым ураджэнцам і дзеячам краіны. Кожны дванаццаты выпуск бюлетэня забяспечваецца даведачна-пошукавым апаратам, які адлюстроўвае ўсе матэрыялы, што былі надрукаваны на старонках паказальніка за год. Пры выяўленні беларусазнаўчай і краязнаўчай інфармацыі выкарыстоўваецца геаграфічны дапаможны паказальнік, для пошуку звестак аб знакамітых асобах – персанальны. Навігатарам па літаратуры па розных галінах ведаў з’яўляецца прадметны паказальнік. Раздзел «Матэрыялы, апублікаваныя ў “Новых кнігах” у... годзе» ў алфавітным парадку адлюстроўвае матэрыялы да памятных дат і бібліяграфічныя спісы. Пералік тэматычных дадаткаў на наступны год публікуецца у дванаццатым нумары бюлетэня за бягучы год.

Аператыўны выхад у свет, наяўнасць цікавых рубрык, эфектыўнага даведачна-пошукавага апарату, распрацоўка памятных дат беларускага календара надаюць выданню статус каштоўнай беларусазнаўчай крыніцы інфармацыі. Пазнаёміцца з бюлетэнем “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” можна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў іншых бібліятэках краіны.

Інфармацыйныя выданні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна набыць па падпісцы або купіць у кіёску бібліятэкі, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам