Выхад у свет 21-томнага факсіміле “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” – сапраўды вялікая падзея не толькі для Беларусі, але і ўсёй сусветнай супольнасці.
Міжнародны навуковы і выдавецкі праект, рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Банкам БелВЭБ, працягваўся пяць гадоў і быў паспяхова завершаны ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання – у 2017-м. Але і сёння шматтомнае выданне працягвае папаўняць калекцыі найбуйнейшых бібліятэк свету і знаёміць жыхароў розных краін з багатай гісторыяй і самабытнай культурай Беларусі. На гэты раз урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў Егіпце.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет Сяргей Рачкоў наведаў Александрыйскую бібліятэку.
Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам бібліятэкі адбылася прэзентацыя і цырымонія перадачы ў дар шматтомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”.
Прадстаўнікі Александрыйскай бібліятэкі з удзячнасцю прынялі каштоўны падарунак, які будзе цікавы даследчыкам, студэнтам і чытачам для азнаямлення з культурнай спадчынай Рэспублікі Беларусь.
Абодва бакі выказалі ўпэўненасць у тым, што дадзенае мерапрыемства ўмацуе шматгадовае плённае двухбаковае супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі Беларусі і Егіпта.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.